Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙСКІ ПРЭМ’ЕР ВЫБУХ У МЕНСКАЙ АМБАСАДЗЕ ЛІЧЫЦЬ "НЕПРЫЕМНЫМ ФАКТАМ"


Юры Сьвірко, Менск

Прэм’ер-міністру Расеі Міхаілу Касьянаву, які ўдзень прыляцеў у Менск, я ня мог не задаць пытаньня пра выбух у расейскай амбасадзе ў Беларусі.

(Карэспандэнт: ) "Пра выбух у амбасадзе чулі тут у Менску?"

(Касьянаў: ) "Чуў, так".

(Карэспандэнт: ) "Як стаівцеся?"

(Касьянаў: ) "Стаўлюся… Адпаведныя службы, вядома, разьбяруцца, і я думаю, што гэта не такі вялікі інцыдэнт, але непрыемны факт, вядома. Зразумела, усе гэтым займаюцца, каму належыць", — сказаў спадар Касьянаў, кіраўнік расейскага ўраду.

А міністар замежных справаў Расеі Ігар Іваноў хацеў захаваць начны выбух у сакрэце. Раніцай ён са сваім беларускім калегам Міхаілам Хвастовым сустрэўся ў Міністэрстве замежных справаў — і яны ні слова не сказалі журналістам пра выбух, хоць разам зь імі быў і амбасадар Расеі ў Менску, які пра гэта, бясспрэчна, ведаў.

Таму журналісты задавалі толькі пытаньні наконт іхнай сустрэчы, пасьля якое два міністры падпісалі пратакол пра абмен ратыфікацыйнымі граматамі што да двух расейска-беларускіх пагадненьняў — аб адзінай грашовай адзінцы, што мае быць уведзеная у 2008 годзе, і аб вырашэньні пытаньняў са скасаваньнем органаў гэтак званага саюзу Беларусі й Расеі.

Я задаў беларускаму віцэ-прэм’еру Міхаілу Хвастову гэткае пытаньне: саюзу Беларусі й Расеі ўжо няма, а "саюзнае дзяржавы" яшчэ няма — ці значыць падпісаньне сёньняшняга пратаколу, што нічога няма?

(Хвастоў: ) "Гэта важны дакумэнт, паколькі ён кажа пра тое, што фармуюцца сапраўды органы саюзнае дзяржавы. Не саюзу Беларусі й Расеі, дамова пра які была падпісаная ў 1997 годзе, а дамова пра саюзную дзяржаву, якая была падпісаная ў 1999 годзе.

Адпаведна, гэта таксама падзея, і гэтая падзея дазволіць нам рухацца наперад на шляху фармаваньня органаў саюзнае дзяржавы", — зазначыў віцэ-прэм’ер Хвастоў, такім чынам пацьвердзіўшы, што цяпер саюзу ўжо няма, а саюзнае дзяржавы яшчэ няма.

Расейскага міністра замежных справаў Ігара Іванова я спытаў наконт праблемаў вакол Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску, якую Аляксандар Лукашэнка абвінавачвае ў падрыхтоўцы "14 тысячаў баевікоў" — гэтак ён называе незалежных назіральнікаў на прэзыдэнцкіх выбарах.

Аднак адказваць на гэтае пытаньне пачаў беларускі міністар Міхаіл Хвастоў. Праўда, яму перашкаджаў спадар Іваноў, які адбіраў у журналістак дыктафоны й трымаў іх сам перад Хвастовым:

(Хвастоў: ) "Што да праблем, якія мы маем, я б хацеў патлумачыць прысутным тут журналістам, што ў нас няма праблемаў — я яшчэ раз пацьвярджаю — з супрацоўніцтвам з АБСЭ ды з групай КНГ АБСЭ, якая знаходзіцца ў Менску. Урад даў згоду, і ўрад будзе падтрымліваць дзейнасьць групы. Мы казалі пра тое, што кіраўнік гэтае групы мусіць дзейнічаць у межах мандату, які прадпісвае яму паводзіць сябе ў пэўным рэжыме".

А вось меркаваньне расейскага міністра Ігара Іванова:

(Іваноў: ) "Я хачу далучыцца да словаў Міхаіла Міхайлавіча. Ведаеце, усе гэтыя місіі АБСЭ, якія ствараюцца ў тым ці іншым месцы, ствараюцца для таго, каб аказваць садзеяньне ў вырашэньні тых ці іншых праблемаў.

Калі яны — тыя, хто накіроўваецца ад імя АБСЭ (а ў АБСЭ дзейнічае прынцып кансэнсусу, гэта значыць мы ўсе прымаем аднагалосныя рашэньні, каб тая ці іншая місія выконвала тую ці іншую функцыю)… Калі яна перавышае свае паўнамоцтвы, з чым мы нядаўна сутыкнуліся, дарэчы, на Балканах, калі прадстаўнік АБСЭ перавысіў ды ўскладніў сытуацыю, тады гэта закранае інтарэсы ўсіх нас. Мы яго накіравалі — а ён перавысіў.

Вось мы й хочам, як сказаў Міхаіл Міхайлавіч, каб місія АБСЭ дзейнічала ў межах таго мандату, які вызначаны ў межах АБСЭ ўсімі намі. Ён ня дзейнічае сам па сабе, ён дзейнічае ад нашага агульнага імя", — сказаў Ігар Іваноў.

Пазьней спадар Іваноў заявіў, што выбух не перашкодзіць саміту СНД і што ён спадзяецца на хуткае расьсьледаваньне інцыдэнту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG