Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БОЛЬШ ЗА ПАЛОВУ ДАРОСЛАГА НАСЕЛЬНІЦТВА БЕЛАРУСІ ПАЛІЦЬ


Ганна Соусь, Менск

Паводле намесьніка міністра аховы здароўя Валер'я Філонава, у Беларусі цяпер больш як палова дарослага насельніцтва паліць. Мэдыкі адзначаюць тэндэнцыю да павялічэньня колькасьці курцоў, асабліва сярод жанчын ды моладзі.

Прыкладам, летась прадалі столькі цыгарэт, што калі лічыць кожнага жыхара Беларусі (улічваючы старых і дзяцей), выйдзе па 1700 цыгарэт, больш за 80 пачкаў на чалавека. Валеры Філонаў мяркуе, што паленьне ў Беларусі ўжо дасягнула ўзроўню эпідэміі.

Яшчэ ў студзені Савет Міністраў Беларусі пачаў разглядаць праект дэкрэту пра забарону паленьня ў грамадзкіх месцах, а таксама забарону рэклямы тытунёвых вырабаў ды акцыяў, што ладзяць тытунёвыя кампаніі. Лёс гэтага дакумэнта дагэтуль ня вызначаны.

Супраць некаторых пунктаў дэкрэту выступаюць замежныя тытунёвыя кампаніі. Прыкладам, беларускае прадстаўніцтва кампаніі "Філіп Морыс" спасылаецца на тое, што кампанія ўжо інвэставала ў беларускую эканоміку 220 тысячаў даляраў на дабрачынныя праекты.

Між тым, у Эўропе распачаўся новы наступ на шкодную звычку. Эўракамісія прадставіла новы праект закону аб тытунёвай рэкляме, паводле якога ў краінах Эўразьвязу хутка будзе забароненая такая рэкляма ў газэтах, радыё, Інтэрнэце ды на рэклямных шчытах у часе публічных мерапрыемстваў. Нагадаю, што паводле эўрапейскага заканадаўства тэлевізійная рэкляма тытунёвых вырабаў ужо забароненая.

У Беларусі сытуацыя зусім іншая. Як мне паведамілі ў рэклямнай службе аддзелу гарадзкога афармленьня Менгарвыканкаму, каля 30% рэклямных прыбыткаў гораду складаюць грошы ад рэклямы тытунёвых кампаніяў.

Сваё стаўленьне да "тытунёвай" скіраванасьці беларускага рэклямнага рынку выказвае кіраўнік рэклямнага агенцтва "Эўрастыль" Сяргей Філіпаў.

(Філіпаў: ) "Летась гарадзкі бюджэт атрымаў амаль 1,5 мільёна даляраў ад вонкавай рэклямы. На маю думку, змагацца трэба не з тытунёвымі кампаніямі, яны цяпер і самі будуць скарачаць памеры рэклямы. Трэба ствараць спрыяльныя ўмовы для беларускіх рэклямадаўцаў. Бо праблема ня ў тым, што зашмат тытунёвай рэклямы, а ў тым, што ўсіх астатніх проста ня бачна, і таму падаецца, што пануе тытунёвая рэкляма — і тэлевізійная, і вонкавая", — мяркуе кіраўнік рэклямнага агенцтва "Эўрастыль" Сяргей Філіпаў.
XS
SM
MD
LG