Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФІНСКІЯ ПІСЬМЕНЬНІКІ ЦІКАВЯЦЦА ПАЛІТЫЧНАЙ СЫТУАЦЫЯЙ У БЕЛАРУСІ І ВЫКАЗВАЮЦЬ ПАДТРЫМКУ ЯЕ ДЭМАКРАТЫЧНЫМ СІЛАМ


Валянціна Аксак, Менск

"Фіны вельмі мала ведаюць пра Беларусь, хоць народы нашых краінаў маюць і падобную гісторыю, і падобную мэнтальнасьць, і нават перавага бульбяных страваў у нацыянальных кухнях збліжае нас", — сказаў у інтэрвію нашаму радыё вядомы фінскі паэт Юка Малінен, тлумачачы мэты свайго прыезду.

Але непасрэдным штуршком да паездкі сталіся цесныя кантакты фінскіх пісьменьнікаў і журналістаў з двума вядомі беларускімі творцамі, якія знайшлі прытулак у Фінляндыі. Захацелася лепей зьведаць краіну, улады якое так не шануюць свае таленты, — сказаў Юка Малінен.

(Малінен: ) "Сказаць папраўдзе, мы мала ведалі беларускую літаратуру. Але Васіля Быкава ведалі. І калі стала вядома, што Васіль Быкаў мае патрэбу ў нашай дапамозе, мы ахвотна яго запрасілі да сябе. Якраз церазь яго і пайшлі ўсе далейшыя кантакты зь беларусамі.

І мы рады, што яму было добра ў нас, ён нават зьнешне не адрозьніваўся ад сталых фінаў. Тэмп жыцьця, наш характар, ацэнкі падзеяў, адносіны да вялікае ўсходняе краіны — усё яму было да душы ў нас.

І наколькі мне вядома, новы ваш выгнаньнік, якому Фінляндыя дала прытулак, Уладзімер Някляеў, таксама добра пачуваецца ў нас. Што ёсьць сьведчаньнем блізкасьці нашых народаў. Яшчэ адна беларуска, маладафронтаўка Алена Бельская, даказала і моўную блізкасьць, цудоўна навучыўшыся размаўляць па-фінску і стаўшы надзвычай папулярнаю асобаю ў фінскіх моладзевых палітычных колах.

Беларусь мае і шмат гістарычных паралеляў зь Фінляндыяй — доўгі час абедзьве былі запалоненыя Расейскай імпэрыяй. Я наогул лічу Беларусь прыбалтыйскай краінай. І гэта несправядліва, што Беларусь ня ёсьць цяпер эўрапейскай краінай паводле дэмакратычных стандартаў", — сказаў Юка Малінен, фінскі паэт і кіраўнік групы дэлегацыі літаратараў і журналістаў, якая знаходзіцца гэтымі днямі ў Беларусі.

Многае іх ужо пасьпела тут зьдзівіць. Да прыкладу, адсутнасьць незалежнага тэлебачаньня, немажлівасьць доступу да дзяржаўных СМІ лідэраў апазыцыйных партыяў і рухаў.

Уразіла іх і адсутнасьць на менскіх вуліцах перадвыбарчае агітацыі. Як тады вы інфармуеце выбарнікаў пра вашых кандыдатаў, — пыталіся фінскія журналісты ў палітыкаў. Калі яны пачулі, што адзінамажлівы спосаб інфармаваньня людзей ёсць ісьці да людзей і трэба разумець яго літаральна — гэта значыць ісьці да іх дадому ці кідаць у паштовыя скрынкі свае перадвыбарчыя матэрыялы, то выказалі шчырае захапленьне ахвярнасьцю і мужнасьцю беларускіх дэмакратаў.

З гледзішча жыхара дэмакратычнае краіны, казалі яны, непраўдападобна, што ёсьць яшчэ краіна ў Эўропе, з экрану дзяржаўнага тэлебачаньня якое назіральнікі за ходам прэзыдэнцкіх выбараў і тыя, хто іх рыхтуе, называюцца тэрарыстамі. Але ў фактах гэтых фіны ўжо пасьпелі ўпэўніцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG