Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВААБАРОНЧАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ AMNESTY INTERNATIONAL ЗНОЎ КАНСТАТУЕ КЕПСКУЮ СЫТУАЦЫЮ З ПРАВАМІ ЧАЛАВЕКА Ў БЕЛАРУСІ


Кастусь Бандарук, Прага

Amnesty International налічвае 1 мільён сябраў і прыхільнікаў ў 162 краінах сьвету. Сёлетняя юбілейная справаздача ахоплівае 149 краінаў і рэгіёнаў сьвету, у тым ліку Беларусь, дзе паводле справаздачы, сытуацыя ў галіне правоў чалавека ў параўнаньні з апошнімі гадамі – не зьмянілася да лепшага…

Дзейнасьць Amnesty International грунтуецца на міжнародных стандартах ў галіне правоў чалавека, у прыватнасьці, на Ўсеагульнай Дэклярацыі Правоў Чалавека. Арганізацыя поўнасьцю незалежная ад якога-небудзь ураду, нэўтральная ў сэнсе палітычных і рэлігійных перакананьняў. Яна фінансуецца толькі падпісчыкамі і прыватнымі донарамі.

З 61-га году сябры Amnesty International выступае ў абарону:

- вязьняў сумленьня, людзей, затрыманых з прычыны палітычных поглядаў, этнічнага паходжаньня, расы, полу, мовы ды іншых адметнасьцяў, дамагае ім і іхным сем’ям.
- настойвае на правядзеньні справядлівага і аб’ектыўнага суду над палітычнымі вязьнямі.
- выступае супраць сьмяротнага пакараньня, катаваньняў ды іншых
- формаў зьдзеку над вязьнямі.
- пратэстуе супраць палітычных забойстваў і зьнікненьняў.
- аказвае ціск на ўрады і таталітарныя рэжымы, падахвочвае іх адмовіцца ад бяспраўных забойстваў у часе этнічных канфліктаў, а таксама дапамагае палітычным уцекачом атрымаць прытулак і арганізуе адукацыю ў галіне правоў чалавека.

Цягам 40 гадоў, актывісты-валантэрыры Amnesty International рассьледвалі 45 тысячаў выпадкаў і адрэагвалі на 16.600 заклікаў з боку канкрэтных людзей, альбо групаў людзей, якія апынуліся ў непасрэднай небясьпецы. Аднак асноўная мэта арганізацыі - ня толькі выявіць шакавальныя факты парушэньня правоў чалавека, але і апрацаваць стратэгію барацьбы зь імі. Напрыклад, летась ў кастрычніку Amnesty International распачала калектыўную кампанію супраць катаваньняў. У траціне выпадкаў, дзякуючы свайму ўмяшаньню, Amnesty International адзначыла паляпшэньне сытуацыі людзей, якія зьвярталіся па дапамогу.

У сёлетняй справаздачы гаворыцца, што летась ў 61-й краіне сьвету адбыліся пакараньні сьмерцю бяз суду і сьледзтва. У 30-ці краінах зафіксавана зьнікненьне людзей. Катаваньні і зьдзек з боку сілавых структураў за мінулы год здарыліся ў 125-ці краінах. Вязьні сумленьня ёсьць ў 63-х краінах. Затрыманьні бяз абгрунтаванага абвінавачаньня або суду мелі месца ў 72-х краінах. Каля паўтары тысячы чалавек ў 28-мі краінах былі пакараныя сьмерцю, а звыш 3-х тысячаў чалавек ў 65-ці краінах былі прысуджаныя да сьмяротнага пакараньня. У 42-х краінах сьвету ўзброеныя групоўкі зьдзейсьнілі забойствы цывільнага насельніцтва, выконвалі катаваньні і захопу закладнікаў.

У сёлетняй справаздачы Amnesty International сярод краінаў з найбольшай колькасьцяй парушэньняў правоў чалавека, ізноў фігуруе Беларусь. У дакумэнце, у прыватнасьці, адзначаецца, што бязь вестак зьнік вядомы журналіст Зьміцер Завадзкі і далей невядомы лёс зьніклых ў 99-м годзе вядомых апазыцыянэраў.

У зьняволеньні застаюцца вязьні сумленьня. Сотні людзей былі арыштаваныя за сваю мірную апазыцыйную дзейнасьць. Ёсьць зьвесткі пра жахлівыя ўмовы ўтрыманьня ў турмах і дрэннае абыходжаньне міліцыі з затрыманымі. У Беларусі, паводле Amnesty International, надалей негалосна выконваюцца сьмяротныя прысуды.

Паводле Amnesty International, мінулы год у Беларусі не прынёс паляпшэньня сытуацыі ў галіне правоў чалавека, і гэта выклікае пастаяннае міжнароднае асуджэньне.
XS
SM
MD
LG