Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2 ГАДЫ ЎЛАДЫ НЯ МОГУЦЬ ЗНАЙСЬЦІ ВІНАВАТЫХ У СЬМЕРЦІ 53 ЧАЛАВЕК ПАД ЧАС ТРАГЕДЫІ Ў МЕНСКІМ МЭТРО


Альгерд Невяроўскі, Менск

Cёньня ўдзень я наведаў падземны пераход, дзе роўна 2 гады таму ў страшэннай цісканіне загінулі 53 чалавекі. Каля памятнага знаку стаяў кош з жоўтымі ружамі ды надпісам "Ахвярам трагедыі ад цэнтру Няміга-99". Ніякіх вянкоў ад уладаў не было.

Нешматлікія мінакі спыняліся каля сьценаў з памятнымі надпісамі й фотаздымкамі. Я спытаўся: ці не забыліся ўлады й грамадзтва пра гэтую трагедыю. І вось якія атрымаў адказы:

(Дзяўчына: ) "Я думаю, што тое, што паказвае ўлада, — гэта толькі дэманстрацыя таго, што яны клапоцяцца пра сем'і загінулых, пра гэтых дзяцей, якія бязьвінна тут загінулі. А грамадзтва можа й памятае — асабліва, на маю думку, маладыя людзі, бо менавіта ў іх загінулі сябры, каханыя".

(Спадар: ) "Забыліся. Мне здаецца, забыліся".

(Карэспандэнт: ) "Чаму, у чым прычына?"

(Спадар: ) "Вось гэтага я сам ня ведаю, не разумею. Дзьве сястрычкі тут загінулі, я ім кветкі прынес. Трэба помнік тут паставіць".

(Спадарыня: ) "Я думаю, што бальшыня так, забылася. Я думаю, што каго гэта не закранула так наўпрост, той забывае. А ў каго нехта загінуў — сяброўкі, сябры, той натуральна памятае".

Зьявіўся ў пераходзе з букетам кветак і кіраўнік фірмы "Клас-Клюб Джаз Крафт" Міхаіл Шульман — ён быў адным з арганізатараў шоў, якое скончылася трагедыяй. Спадар Шульман сказаў, што прыходзіць на гэтае месца штогод, бо адчувае абавязак перад уласным сумленьнем.

Расьсьледаваньне акалічнасьцяў трагедыі на Нямізе пракуратура Беларусі праводзіць ужо амаль 2 гады, і перадачу справы ў суд увесь час адкладаюць.

Дэпутат "палаты прадстаўнікоў" Анатоль Красуцкі нядаўна заявіў, што сьледзтва ў справе трагедыі на Нямізе нібыта ўжо скончанае і справа перададзеная ў суд.

Прэсавы сакратар пракуратуры Беларусі Аляксей Таранаў абверг словы Красуцкага і сказаў, што сьледзтва працягнутае да 30 верасьня, паколькі ня ўсе пацярпелыя азнаёміліся з матэрыяламі справы, а таксама зьявіліся й новыя пацярпелыя. Паводле Таранава, ніякіх палітычных прычынаў пераносу тэрміну заканчэньня сьледзтва, зьвязаных з прэзыдэнцкімі выбарамі, няма.

Але бацькі загінулых на Нямізе дзяцей і праваабаронцы лічаць інакш. Гаворыць старшыня цэнтру "Няміга-99" Натальля Навакоўская:

(Навакоўская: ) "Нам па-рознаму адказвалі — колькі ўжо мы пісалі лістоў, сустракаліся. Сьледчыя баяцца, што справа будзе вернутая на дасьледаваньне — з аднаго боку.

З другога боку, ранейшыя абвінавачаныя быццам бы трапляюць пад амністыю. Нікому ня хочацца, каб быў шум, былі нейкія "разборкі" напярэдадні выбараў".

Кіраўнік арганізацыі "Прававая дапамога насельніцтву" Алег Воўчак, які даўно дапамагае бацькам загінулых, таксама лічыць, што галоўная прычына зацягваньня сьледзтва — прэзыдэнцкія выбары. Гаворыць Алег Воўчак:

(Воўчак: ) "Сьледчыя нам — і мне, і бацькам казалі, што ўсе сьледчыя дзеяньні былі скончаныя яшчэ ў лютым. Таму тут толькі палітычны матыў працягу тэрміну".

Сёньня раніцай у менскім Сьвята-Духавым катэдральным саборы была паніхіда па ахвярах Нямігі, якую адслужыў мітрапаліт Філарэт. А ўвечары родныя і блізкія загінулых зьбяруцца ў пераходзе на Нямізе, дзе будзе яшчэ адно жалобнае набажэнства.
XS
SM
MD
LG