Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАМЕЖНЫЯ ІНВЭСТАРЫ ГУБЛЯЮЦЬ ІНТАРЭС ДА БЕЛАРУСКАГА РЫНКУ


Ігар Карней, Менск

Паводле вынікаў мінулага году, колькасьць прадстаўніцтваў замежных кампаніяў у Беларусі склала крыху больш за 1 000. Прычым амаль палова зь іх (491) прыпадала на Расею.

Адметна, што ў часе найбольш імклівага разьвіцьця прыватнага бізнэсу (да сярэдзіны 1990-х) расейская прысутнасьць у Беларусі была зусім нязначная. Прадпрымальнікі й прамыслоўцы арыентаваліся найперш на Нямеччыну, Польшчу, ЗША ды шэраг эўрапейскіх краінаў. Але ўмовы, створаныя для прадпрымальніцтва адміністрацыяй Лукашэнкі, перакрэсьлілі жаданьне большасьці замежных інвэстараў укладаць грошы ў Беларусь.

Прыкладам, на пачатку 1990-х гадоў найбольш ахвотна наладжвалі сувязі зь Беларусьсю нямецкія бізнэсоўцы. Сёньня ад 1 000 замежных прадстаўніцтваў нямецкіх праектаў у Беларусі засталося толькі 75. Астатніх прыкладаў супрацоўніцтва — адзінкі.

Паводле меркаваньня прэзыдэнта Асацыяцыі садзеяньня эканамічным рэформам Васіля Шлындзікава, пры гэтым рэжыме тэндэнцыя эканамічнай ізаляцыі Беларусі захаваецца.

(Шлындзікаў: ) "Многія нібыта замежныя кампаніі насамрэч ёсьць кампаніямі нашых суайчыньнікаў, якія ідуць у Беларусь з замежным капіталам. Для іх гэта хоць нейкая засьцярога ад палітыка-эканамічнага бяспраўя.

Тое ж тычыцца й расейскіх кампаніяў: большасьць зь іх зусім не расейскага паходжаньня. Да таго ж, гэта ў асноўным людзі, якія працуюць пад крылом уладаў. Тых, хто рызыкуе працаваць безь дзяржаўнай падтрымкі — адзінкі.

Агульная карціна такая: бізнэсоўцы дзеля прыходу ў Беларусь вымушаныя вывешваць любыя сьцягі — амэрыканскія, нямецкія, польскія, а ўжо расейскія і сам Бог загадаў. Але пэрспэктываў няма — прынамсі, да таго часу, пакуль будзе праводзіцца цяперашняя эканамічная палітыка".

Пра тое, што замежныя інвэстары губляюць інтарэс да беларускага рынку, сьведчыць згортваньне нават тых праектаў, якія выйшлі на вытворчую магутнасьць. Яскравы прыклад — беларуска-амэрыканскае прадпрыемства "Форд-Юніон". Непрацяглае супрацоўніцтва скончылася тым, што замест мікрааўтобусаў "Форд Транзыт" колішні аўтамабільны канвэер пераабсталяваны на вытворчасьць зубных шчотак.

Істотна зьменшыла фінансаваньне гішпанская фірма "Кельмі": адмыслова пабудаванае прадпрыемства ў Белаазёрску штогод скарачае вытворчасьць спартовай амуніцыі.

Таксама пад пытаньнем існаваньне некалькі фармакалягічных фабрык, цалкам узьведзеных на нямецкія грошы ў межах сумесных чарнобыльскіх праграмаў.

Самым буйным замежным інвэстарам у Беларусі пакуль застаецца амэрыканскае прадпрыемства "Рэстарацыі Макдональдз".
XS
SM
MD
LG