Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПІСЬМЕНЬНІКІ БЕЛАРУСІ ПАДТРЫМЛІВАЮЦЬ ДЗЕЙНАСЬЦЬ МАЛАДЫХ АПАЗЫЦЫЯНЭРАЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Падлік галасоў пасьля таемнага галасаваньня ішоў даволі доўга. Нарэшце мандатная камісія зьезду Саюзу пісьменьнікаў агучыла вынікі галасаваньня. Большасьцю галасоў (195 — за, 146 — супраць) на старшыню абралі спадарыню Іпатаву. (Яе кандыдатуру сваёй тэлеграмай падтрымаў і Васіль Быкаў.)

Зьезд таксама абраў раду Саюзу з 65 чалавек. Вольга Іпатава падзякавала за давер і сказала, што будзе рабіць усё, каб Саюз заняў пачэснае месца ў грамадзтве.

Сёньня ж на зьезьдзе было агучанае віншаваньне пісьменьнікам ад Аляксандра Лукашэнкі, у якім ён адзначае, што "мы ніколі не адрачэмся ад сваіх каранёў, роднай беларускай мовы й культуры".

Зьезд таксама прыняў агульную пастанову ў падтрымку беларускай мовы й супраць наступу маскультуры, а таксама заявы ў падтрымку апазыцыйных моладзевых арганізацыяў і супраць той інтэграцыі з Расеяй, якую праводзяць беларускія ўлады.

Але найбольш радыкальны праект пастановы агучыў былы старшыня Саюзу Ўладзімер Някляеў:

(Някляеў: ) "Зьезд беларускіх пісьменьнікаў, першае: выказваецца ў падтрымку ўсіх дэмакратычных сіл і кандыдатаў у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь ад дэмакратычнай апазыцыі. Другое: лічыць, што Аляксандар Лукашэнка, які парушыў Канстытуцыю і незаконна ўтрымлівае ўладу ў Беларусі зь ліпеня 1999 году, ня мае маральнага права на вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь".

І хаця праект быў прыняты воплескамі часткі дэлегатаў, яго не зацьвердзілі. Вядучы паседжаньня Навум Гальпяровіч аб’явіў перапынак, пасьля ж пісьменьнікі да разгляду праекту Някляева ўжо не вярталіся. На думку прадстаўнікоў кіраўніцтва Саюзу, прыняцьце гэтай заявы магло б перашкодзіць дачыненьням пісьменьнікаў і улады.
XS
SM
MD
LG