Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У РЭЧЫЦЫ ЦКУЮЦЬ ПРАДПРЫМАЛЬНІКА, ЯКІ ДАЎ ПРЫТУЛАК НЕДЗЯРЖАЎНАЙ АРГАНІЗАЦЫІ “ГРАМАДЗЯНСКІЯ ІНІЦЫЯТЫВЫ”


Казімер Яноўскі, Гомель

Сёньня рэчыцкага прадпрымальніка Васільева і ягонае малое прадпрыемства "Днепр" па накіраваньні зь міліцыі правярае прадстаўнік гомельскай кантрольна-рэвізійнай управы Мінфіну Беларусі. Гэта не адзінкавы факт.

На мінулым тыдні будынак спадара Васільева дасьледаваў інспэктар пажарнага нагляду і папярэдзіў пра магчымую забарону эксплюатацыі будынку з прычыны "няспраўнасьці пячнога ацяпленьня і адсутнасьці вогнетушыцеляў".

Мясцовая гарвыканкамаўская газэта "Дняпровец" пасьпяшалася нават надрукаваць у мінулую суботу заметку пад назовам "Эксплюатацыя будынка забароненая". Гэта ўжо другая падобная публікацыя за тыдзень.

А гарвыканкам за подпісам старшыні Мікалая Заразакі даслаў аддзяленьню "Грамадзянскіх ініцыятываў", якое арандуе пакой у прадпрымальніка Васільева, папярэджаньне — трэба вызваліць памяшканьне да 1 чэрвеня.

Фармальна прэтэнзіяў да "Ініцыятываў" гарвыканкам ня мае. Проста "вэртыкальныя" чыноўнікі спрабуюць забраць будынак у прадпрымальніка, дзе знайшла прытулак актыўная недзяржаўная суполка — адмысловы рэсурсавы цэнтар для разьвіцьця дэмакратычнага руху ў горадзе.

Вось што распавёў вашаму карэспандэнту сам бізнэсовец Васільеў, чалавек зь беларускім і расейскім грамадзянствам:

(Васільеў: ) "Я думаю, што ўладам не падабаецца мой дазвол на арэнду памяшканьня "Грамадзянскім ініцыятывам". Мне казалі, што падобным арганізацыям у Рэчыцы ніхто ня здасьць аніякага памяшканьня".

Пазбавіўшыся непажаданага арэндадаўцы, гарвыканкам разам пазбавіцца і "Грамадзянскіх ініцыятываў".
XS
SM
MD
LG