Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

САКРЭТ ЧЭСКАГА ЗОЛАТА І ЯК СКЛАДАЮЦЦА АДНОСІНЫ НАРОДУ І ПАЛІТЫКАЎ З ГЕРОЯМІ СПОРТУ


Алена Ціхановіч, Прага

Трэці год запар чэхі становяцца чэмпіёнамі сьвету ў хакеі. Такая ж як і беларусы дзесяцімільённая нацыя змагла зрабіць тое, што дагэтуль удавалася толькі хакейным асілкам, такім як Канада ці былы СССР. Сёлета чэская каманда ў паўфінале выйграла ў швэдаў, а ў фінале – паразіла фінаў.

Сёньня адзін з гасьцей нашай праграмы – чэскі спартовы камэнтатар Робэрт Заруба, які быў акрэдытаваны на дзесяці чэмпіянатах сьвету. Што думае ён пра чэскі хакейны фэномэн:

(Заруба: ) “Кажу, што гэта дзіва. У нас няма прыродных умоваў для гульні ў хакей на лёдзе або яны вельмі абмежаваныя. Прыродных каткоў мала, штучных зімовых стадыёнаў яшчэ менш. Адно толькі Таронта ў Канадзе мае больш хакейных пляцовак, чым уся Чэская Рэспубліка. І, нягледзячы на гэта, мы можам вырасьціць канкурэнтаздольных гульцоў. Гэта спартовая загадка мінулага стагодзьдзя, а, можа, і наступнага”.

Сацыёляг Ірына Шыклава лічыць, што ў ранейшай Чэхаславаччыне, як і цяпер ў Чэхіі, для росту хакейных чэмпіёнаў была моцная матывацыя:

(Шыклава: ) “Па-першае, тут традыцыйна гралі ў хакей яшчэ перад Другой сусьветнай вайной. Па-другое, у часы камунізму гэта была свайго роду форма ўцёкаў. Той, хто стаў добрым хакеістам, мог выехаць за мяжу, хакеісты былі бясспрэчна элітнай групай”.

Цяпер семдзесят чэхаў грае ў НХЛ. Брамнік Дамінік Гашак даўно перасягнуў славу свайго цёзкі-пісьменьніка і трымаецца ў першых радках папулярнасьці сярод героеў чэскай нацыі. Гашак падпісаў кантракт з камандай Буфала, сума якога, паводле друку, каля 7
з паловай мільёнаў даляраў у год. Некаторыя лічаць, што менавіта гэтыя лічбы натхняюць маладых чэскіх хакеістаў найбольш. Іншыя мяркуюць, што ўплыў маюць найперш маральныя фактары: культ хакею і хакеістаў, бязьмежная ўсенародная падтрымка, патрыятычная еднасьць, якая праяўляецца ў дні турніраў і перамог.

(Голас фаната: ) “Мы майстры, мы – найлепшыя…”

Гэтак крычаў адзін зь дзесяці тысячаў заўзятараў, якія сабраліся 13 траўня, у дзень фінальнага матчу, на Старамесцкай плошчы Прагі. Адзін з фундатараў чэскай каманды усталяваў тут вялізны тэлеэкран, па якім усе сочаць за матчам. Тыя, хто ня змог прыйсьці на плошчу, зьбіраюцца ў піўных, корчмах. Тут прынята хакейныя падзеі пражываць абавязкова разам, на людзях. Апошні хакейны фінал, як паведамляецца, глядзелі па тэлевізары 4 мільёны 300 тысячаў чэхаў, старэйшых за 4 гады – гэта значыць, больш, чым палова дарослага насельніцтва краіны.

Апошні фінал быў даволі драматычны. Нагадаю, што яшчэ за 16 мінут перад канцом чэхі прайгравалі фінам 0:2, і здолелі даць тры галы. Трэці, рашаючы, залаты гол забіў Давід Маравец. Вось яго інтэрвію адразу пасьля матчу:

(Маравец: ) “Гэта была выдатная праца, але ўсіх гульцоў, ня толькі мая. Я мяркую, мы даказалі, што мы добрая каманда, псыхалягічна на вышыні. За гэтыя гады мы сабе выбудавалі вялізную псыхалягічную падтрымку, мы верым, што можам зьмяніць на сваю карысьць матчы, якія здаюцца прайгранымі. На гэтым турніры нам удалося так перайначыць 3-4 матчы”.

У словах Давіда Мараўца прагучала пацьвярджэньне: чэхі ўмеюць не губляць псыхалягічную раўнавагу, што дапамагае “перавярнуць” самы неспрыяльны матч. На думку спартовага камэнтатара Робэрта Зарубы менавіта гэтага не хапала беларускай камандзе, якая была першым супернікам чэхаў на турніры:

(Заруба: ) “Я мяркую, што Беларусь да чэскай каманды паставілася з завялікай павагай. Напачатку вялі 1:0, але гэтая павага заставалася ўвесь час, і чэхам гэта была палёгка, што беларусы ставіліся з такой пашанай. Потым, мяркую, Беларусь моцна прыціснула параза ад Швэйцарыі. Нарэшце, Беларусь адыходзіць з элітнай лігі, і гэта ёсьць жорсткі вынік турніру”.

Трэнэр чэскай каманды Ёзэф Аўгуста падчас дыскусіі на Інтэрнэце па выніках турніру свайго першага суперніка ахарактарызаваў так: “Беларусь – гэта тая самая Русь, толькі што мае там больш белага…” Ці адрозьніваюць чэхі – рускіх і беларусаў у спорце? Цяпер – т ак, кажа спартовы журналіст Робэрт Заруба:

(Заруба: ) “Беларусь мае свой уласны гонар, якога, можа, не хапае расейскай камандзе. Гэтая рыса – агульная для ўсіх меншых дзяржаваў былога Савецкага Саюзу, якія набылі незалежнасьць. Іх каманды больш эмацыйныя на лёдзе – ці то беларусы, ці то латышы. Так што зь іх боку гэта іншы хакей, чым у клясычных “халодных” рускіх”.

Робэрт Заруба таксама лічыць, што матывы спартовага рэваншу за колішнія гістрычныя крыўды ад былога СССР цяпер адыгрываюць усё меншую ролю, прынамсі, для саміх чэскіх хакеістаў. Так, пазалетась чэскія заўзятары крычалі з трыбунаў Нагана і ля экранаў тэлевізараў: “Размажам рускіх па лёдзе”. Цяпер не сакрэт, што некаторыя чэскія хакеісты рыхтуюцца падпісаць кантракты і з расейскімі клюбамі.

Я спытала Робэрта Зарубу, якая палітычная роля адводзіцца чэскім хакейным перамогам. Ці спрабуюць чэскія палітыкі нейкім чынам прыпісаць іх на сваю карысьць?

(Заруба: ) “Так, гэтага нельга не заўважыць. Заўсёды, як каманда вернецца зь перамогай, дык на яе наваліцца плойма паразітаў, якія стараюцца перафакусаваць бляск іх славы на сябе. Гэта працягваецца ад 1996-га году, калі мы ўпершыню як Чэская Рэспубліка сталі чэмпіёнамі сьвету”.

Сёлета чэская каманда па дарозе з Гановэру ў Прагу ў самалёце вырашала пытаньне: ці трэба ім адразу сустракацца са старшынём парлямэнту Вацлавам Клаўсам, які паслаў запрашэньне. І вырашылі – не. Іх аўтобус паехаў з аэрапорта проста на Старамесцкую плошчу, дзе чакалі тысячы іх прыхільнікаў. Гэтыя сьвяткаваньні ператварыліся ў выбух спартова-патрыятычнай эйфарыі. Моладзь, чые твары былі размаляваныя у колеры нацыянальнага сьцягу, танчыла, піла піва і шампанскае, беспакарана ўзлазіла на помнікі, кіёскі і іншыя усемагчымыя ўзвышэньні, сьпявала разам з хакеістамі гімн… Тое самае адбывалася па ўсёй Чэхіі – на вуліцы, шалёна сыгналячы, выехалі дзесяткі тысяч уладальнікаў аўтамабіляў са сьцягамі…

На жаль, кожны год такія спартовыя кульмінацыі забіраюць некалькі ахвяраў – хтосьці зваліцца пад колы, кагосьці, чыя рэакцыя не спадабаецца фанатам, моцна адлупцуюць…

Прафэсар Ірына Шыклава, як і іншыя чэскія сацыёлягі, лічыць, што вялізны маштаб сьвяткаваньняў у нечым адлюстроўвае комплекс непаўнацэннасьці малой нацыі. Шыклава таксама кажа, што сваіх дзяцей яна б не пусьціла на Старамесцкую плошчу.

(Шыклава: ) “Я пры тых перамогах і наступных сьвяткаваньнях заўсёды баюся нацыяналізму. Тыя, якія потым ходзяць сьвяткаваць перамогу, маюць адчуваньне, што яны – галоўныя. Гэта –псэўдапатрыятызм, кампэнсацыя нізкага ўзроўню самасьвядомасьці. Гэта натоўп, які крычыць і ўзбуджаецца. Гэта нейкая форма сучаснага гладыятарства”.

Гаварыла сацыёляг Ірына Шыклава.

Прэзідэнт Гавэл далучыўся да сьвяткаваньняў на другі дзень: яго запрашэньне прыняла большасьць каманды. Гавэл, віншуючы хакеістаў, сказаў, што хацеў бы, каб у нацыі было больш падставаў для сумеснай радасьці, акрамя спартовых. Ці зьведваюць чэхі і, у прыватнасьці, чэскія спартоўцы, дыскамфорт ад таго, што іх прэзыдэнт – увогуле не спартовец?

Гаворыць Роберт Заруба:

(Заруба: ) “Не, не адчуваюць. Яны паважаюць гэтую асобу, але ведаюць, што ён не спартовец. Гэта не перашкода. Яны сустракаліся з Гавэлам, каб прыняць яго віншаваньні. Што да іншых палітыкаў, то маем сярод іх шэраг спартоўцаў, зь якімі хакеісты не хацелі б цяпер сустракацца”.

Чэскі камэнтатар Заруба згадаў, што ведае пра спартовыя захапленьні Аляксандра Лукашэнкі, якога бачыў у Нагана. Адзінае, што чэскі журналіст хацеў удакладніць у мяне:

(Заруба: ) “На якой пазыцыі грае спадар Лукашэнка?..”
XS
SM
MD
LG