Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БОРТНІЦТВА БЕЛАРУСІ


Вячаслаў Ракіцкі, Менск

(Ракіцкі: ) "Беларусы заўсёды лібілі мёд і ўмелі яго здабываць. У далёкай мінуўшчыне раі пчолаў засяляліся ў дуплы дрэваў, а людзі вышуквалі іх, каб адабраць іхны мёд. Пазьней – сталі даглядаць, ахоўваць знойдзеныя раі.

Бортнікі (так называлі сябе тыя, хто займаўся здабычаю мёду) сталі заманьваць пчаліныя раі ў штучна зробленыя ў вершалінах дрэваў дуплы — борці. А зь цягам часу пачалі вырабляць калоды, па-майстэрску імітуючы дуплы дрэваў. Усталёўвалі іх у лясох, на дрэвах і проста ў палёх.

Беларусы ахвотна займаліся здабычай мёду. Так, у XVI-м стагодзьдзі на нашых землях было больш за мільён борцей, якія прыносілі да паўмільёну пудоў мёду штогод.

Сёньня клясычнае бортніцтва амаль зьнікла, але ягоны рудымэнт — калоднае пчалярства — яшчэ сям-там можна назіраць. І ў ім можна адшукаць прыкметы старадаўняга беларускага промыслу — бортніцтва. І людзі ёсьць, якія называюць свой занятак не пчалярствам, а бортніцтвам".

(Бортнік: ) "Бортнік — гэта той, хто займаецца борцямі. Борць — гэта па-старому. Бортнікі — гэта тыя, што займаюцца вульлямі па-старыннаму. Бортнікам называюць таго, хто пчоламі займаецца".

(Ракіцкі: ) "Гэта словы жыхара вёскі Аздамічы, што на Палесьсі. Запісаў іх этнограф і фотамастак Дзяніс Раманюк, які зладзіў некалькі экспэдыцыяў у Аздамічы, каб запісаць і зафатаграфаваць гэты старажытны промысел — бортніцтва".

(Раманюк: ) "Я двойчы наведаў маю ўлюбёную вёску Аздамічы, каб пазнаёміцца з хаджаньнем пчолаў. Хаджаюць пчолаў двойчы на год: вясною, у траўні, і восеньню, напярэдадні сьвята Ўзьдзьвіжаньня.

Вясна ў даліне ракі Прыпяці суправаджаецца вялікай паводкаю. Таму аб'езд сваёй лясной гаспадаркі жыхары Аздамічаў рабілі на лодках. Пераплываючы на лодцы ад дрэва да дрэва, яны вычышчалі дно борцяў ад сьмецьця, правяралі стрэхі й мацаваньні.

Увосень бортнікі правяралі стрэхі — ці жыве яшчэ пчаліная сям'я, чысьцілі борці, а самае галоўнае — зьбіралі ўраджай".

(Ракіцкі: ) "Як я зразумеў, "хаджаць пчолаў" — гэта аб'яжджаць борці. А якія прылады палешукі бяруць з сабою на гэтыя хаджаньні? Як яны выглядаюць? Яны нейкія адмысловыя? Прыкладам, драбіна?"

(Раманюк: ) "Так, гэта адмысловая прылада. Яе называюць "астроў", і нагадвае яна сукаватае дрэва з каротка абсечанымі сукамі. Такую драбіну рабілі каля кожнага дрэва з борцю і хавалі побач у кустах ці ў траве. Астатнія прылады ўсім добра вядомыя: дымакур, шаня, у якую зьбіраюць ураджай, вяроўка, сякера…"

(Ракіцкі: ) "А як выглядае борць?"

(Раманюк: ) "Борць выраблялі з адмысловых сасны ці дуба. Усярэдзіне мусіла быць прыродная пустата, што аблягчала працу бортніка:

(Бортнік: ) "Не абавязкова, каб дрэва было здаровае цалкам. Усярэдзіне яно можа быць гнілаватае. Гэта нават самае лепшае: і рабіць лёгка, і пчолы садзяцца. Дуб вельмі цьвёрды — дык найлепей, каб ён быў сухі, а ўсярэдзіне гнілы. Мы падрэжам яго, вычысьцім сярэдзіну і наверх. Берасту падкладаем або толь…"

(Раманюк: ) "Атрымліваецца нешта накшталт бочкі. Да яе прыраблялі дно і страху. Асаблівую ўвагу надавалі страсе. Яе рабілі шматслойнай, як торт. Берасту, шыфэр, дошкі выкарыстоўвалі. Само сабою рабіўся ляток і адмысловая адтуліна, якую таксама называлі "борць", празь якую даглядалі пчолаў і ўвосень забіралі ўраджай".

(Ракіцкі: ) "А як борці ўсьцягвалі дый усьцягваюць на дрэвы?"

(Раманюк: ) "Борці былі вялікія і цяжкія. Некаторыя маглі важыць ажно тону. Бортнікі каапэраваліся і па некалькі чалавек падымалі борці з дапамогаю кОлеса. Гэта адмысловая прылада ў выглядзе кола, якое мацавалася на вершаліне дрэва. Празь яго перакідалася вяроўка. Выходзіла гэткая лябёдка. Зьнізу яе падымалі некалькі бортнікаў, а зьверху яшчэ адзін скіроўваў борць на месца".

(Ракіцкі: ) "Сёньня бортніцтвам займаюцца людзі ў вольны ад хатняе гаспадаркі час і толькі двойчы на год аб'яжджаюць борці. Ці ня трэба пільнаваць борці ад людзей ды зьвяроў? Мы ж ведаем з казак, што той жа мядзьведзь любіць паласавацца мёдам".

(Раманюк: ) "Мне было вельмі цікава даведацца пра колішнюю прыладу, якая абараняла борці ад мядзьведзяў. Рабілася яна з драўлянае калоды, якую падвешвалі на вяроўцы пад борцяй. Атрымлівалася нешта кшталту ківача.

Мядзьведзь, калі залазіў на дрэва, дык упіраўся галавою ў гэтую калоду і пачынаў адмахвацца лапаю. Чым мацнейшыя былі ўдары мядзьведзя, тым мацней гойдалася бервяно. Раззлаваны касалапы, захапіўшыся змаганьнем, звычайна звальваўся з дрэва далоў, так і не паспытаўшы мёду. Сёньня ўжо немагчыма пабачыць гэтае прыстасаваньне. Бо апошняга мядзьведзя застрэлілі ў 1943 годзе партызаны. Так казалі мне вяскоўцы.

Але самы страшны сёньня для борцей і пчолаў ужо ня зьвер, а чалавек".

(Бортнік: ) "Бывала, што птушка праб'е жаўно ды зьесьць мёд, куніца выгрызала. Багата такіх выпадкаў было. А вось, каб людзі, — не. Цяпер залазяць. Чалавек — самы небясьпечны. Забірае ўсё, матку зьнішчае, а тады і рой прападае".

(Ракіцкі: ) "А як, Дзяніс, вашыя знаёмыя бортнікі зь вёскі Аздамічы ставяцца да мёду? Проста як да ласунку ці мёд значыць для іх нешта большае?"

(Раманюк: ) "Быў час, калі цукру не было, і мёд быў адзіным ласункам. Нават ёсьць такая прымаўка ў іх: "Ты што, хацеў есьці мёд лыжкамі? Мёд трэба есьці капелькамі. Гэта ж лекі…"

(Бортнік: ) "Распавядалі нашыя дзяды. Зь вясельля прыйдуць і кажуць: вось багатае вясельле было — у іх на сталах мёд стаяў у талерках. А таго мёду было — раз-два памакнуў і ўсё. Але, калі быў мёд, дык тады лічылася багатым вясельле. Толькі заможныя людзі маглі мёдам частаваць".

(Раманюк: ) "Існавала і такая традыцыя. Калі бортнікі абыходзяць свае борці і дарогай сустракаюць якога мінака, дык яны абавязаныя яго пачаставаць. Інакш у іх ня будзе мёду на наступны год. Цікава пра гэта распавядае спадар Хведар зь вёскі Аздамічы:

(Хведар: ) "Мы былі хлапчукамі, і таго мёду так хацелася… А бывалі гаспадары, што ніколі не давалі мёду. Дык мама нас вучыла: калі дзядзька ня даў мёду, дык трэба ўзяць шапку, вывернуць яе і пацерці: гэта значыць, пчолы не сядуць".

(Ракіцкі: ) "А я недзе чытаў, што борці ставілі ня толькі на дрэвах у лясох, але і ля могілак…"

(Раманюк: ) "Так, бо лічылі, што з дапамогаю душаў памерлых пчаліная сям'я прынясе больш мёду. Дый па сёньняшні дзень шмат дзе стаяць борці ля могілак. І ў кнізе Міхася Раманюка "Беларускія народныя крыжы" ёсьць такія здымкі".

(Ракіцкі: ) "Чаму жыхары Аздамічаў здабываюць мёд гэткім працаёмкім спосабам, а не па-сучаснаму — паставіўшы вульлі на падворку? Мёд смачнейшы, ці што іншае?"

(Раманюк: ) "У палешукоў старыя традыцыі — яны, як нідзе больш, захоўваюцца ажно да сёньняшняга дня. Яны ня толькі бортніцтвам займаюцца, а й іншымі традыцыйнымі спосабамі зарабляюць грошы. Гэта нешта сакральнае…"

(Ракіцкі: ) "Вы, натуральна, пакаштавалі гэты мёд. Мёд дзікіх пчолаў, мёд з борцей — ці смачнейшы, чым мёд хатніх пчолаў?"

(Раманюк: ) "Адназначна. Гэты мёд смакам не падобны да мёду з вульлёў. Гэтых пчолаў, у адрозьненьне ад вульлёвых, не падкармліваюць увогуле, не кладуць ім вашчыну. Усё, што там ёсьць — воск, праполіс, мёд — усё натуральнае, прынесенае з палёў, лясоў".

(Ракіцкі: ) "Але ж нейкім чынам трэба прывабіць пчолаў у борць… Што яны кладуць, каб пчолы прыляцелі?"

(Раманюк: ) "Разьвешваюць увесну адмысловыя пасткі, пафарбаваныя на вельмі яркія колеры. І пчолы ляцяць, як на прыгожую кветку. Або на дно борцей кладуць кветкі багульніку або іншыя пахучыя кветкі. І на гэты водар пчолы ляцяць".

(Ракіцкі: ) "А дзікія пчолы больш злыя за хатніх? Як засьцерагаюцца палескія бортнікі ад укусаў пчолаў?"

(Раманюк: ) "Пчолы ўсе аднолькава злыя. У сваю першую экспэдыцыю я атрымаў не адзін укус. Але мясцовыя бортнікі, што мяне ўразіла, ніяк не засьцерагаюцца ад пчолаў. Яны проста на галаву нацягваюць шапку, падымаюць каўнер вышэй і лезуць да гэтых борцей. Пчолы іх, натуральна, кусаюць. Але гэтыя людзі ўжо так прызвычаіліся да ўкусаў, што яны ім як звычайныя камарыныя ўкусы".

(Ракіцкі: ) "Сёньня палеская вёска Аздамічы, — адна зь нямногіх выспаў, дзе яшчэ неяк захоўваецца старадаўні беларускі промысел — бортніцтва. Дарэчы, і тлумачальны слоўнік беларускае мовы пазначае слова "бортніцтва" як састарэлае.

Ці шмат людзей займаюцца бортніцтвам у той вёсцы? Ці перадаюць традыцыі й свае калоды наступнаму пакаленьню тыя дзяды, пра якіх вы нам сёньня распавялі?"

(Раманюк: ) "На сёньняшні дзень у вёсцы засталося, можа, пяць чалавек, якія займаюцца бортніцтвам. У асноўным гэта старыя дзяды і яшчэ два-тры чалавекі маладзейшыя, якія атрымліваюць у спадчыну гэтыя борці ды выяжджаюць іх глядзець.

Традыцыя перадаецца з пакаленьня ў пакаленьне. Таму яна яшчэ й захоўваецца. Але ў маіх вушах гучаць словы дзеда Навума: "Рана ці позна з гэтым трэба разьвітвацца, а далей і з гэтым сьветам…"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG