Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВІЛЬНІ ПАЧАЛАСЯ СЭСІЯ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ НАТО


Віталь Цыганкоў, Вільня

Зараз я знаходжуся ў цэнтры Вільні. Тут перад будынкам гарадзкой ратушы і цэнтрам сучаснага мастацтва, у якім праходзіць сэсія ПА НАТО, адбываецца мітынг у падтрымку ўступленьня Літвы ў НАТО. Акцыя арганізаваная кааліцыяй 12-ці палітычных сілаў. Удзельнікі акцыі, якіх некалькі сотняў, трымаюць плякаты ў падтрымку НАТО, нацыянальныя сьцягі і, як вы чуеце, сьпяваюць літоўскія народныя песьні…

А вось я ўжо знаходжуся ў залі Парлямэнцкай асамблеі. Мітынг, зь якога я вёў рэпартаж, працягваўся некалькі гадзінаў і перад яго ўдзельнікамі выступілі дэлегаты асамблеі, у тым ліку прэзыдэнт. Пікеты на вуліцах за і супраць НАТО праходзяць у літоўскай сталіцы вось ужо другі дзень. Учора супраць НАТО і мілітарызацыі пратэставалі панкі і анархісты, сёньня ж, напрыклад, прайшоў пікет супраць расейскай вайны ў Чачэніі.

Парлямэнцкая асамблея стала найбуйнейшым міжнароднымі форумам, які прымае Літва пасьля аднаўленьня сваёй незалежнасьці ў 1991 годзе. Вільня спадзяецца атрымаць запрашэньне ў НАТО ўжо ў наступным годзе і разглядае сэсію асамблеі як чарговы аргумэнт на сваю карысьць. Таму ў Літве вельмі нэгатыўна ўспрынялі рашэньне Дзяржаўнай Думы Расеі ўпершыню не пасылаць сваю дэлегацыю на асамблею. Расейскі парлямэнт зьяўляецца асацыяваным сябрам Парлямэнцкай асабмлеі . У сваім лісьце на адрас асамблеі дэпутаты тлумачылі, што ўдзел Расеі ў гэтым форуме можа быць расцэнены як ускосная падтрымка пашырэньня НАТО.

Вось як пракамэнтаваў у інтэрвію нашай службе гэты крок расейскага парлямэнту вядомы літоўскі палітык Вітаўтас Ландзбергіс:

(Ладзбэргіс: ) “Шкада, што Расея ў чарговы раз пашкодзіла сама сабе, рэпрэзэнтаваўшы сябе як дзяржава, што не жадае супрацоўнічаць”.

Пытаньне супрацоўніцтва НАТО з Расеяй, бадай што, часьцей за ўсё ўзьнікала і падчас прэсавай канфэрэнцыі прэзыдэнта Парлямэнцкай асамблеі гішпанца Рафаэля Эстрэлы:

(Эстрэла: ) “Магу сказаць вам, што ў апошні месяц мы вырашылі працягваць сумесную працу па напісаньні пагадненьня паміж Расеяй і НАТО. Я магу зразумець, але не падзяліць, заклапочанасьць некаторых расейскіх парлямэнтароў, асабліва, наконт правядзеньня асамблеі ў гэтэй краіне. Яны маюць уражаньне, што нават іхны ўдзел можа быць успрыняты як ускосная падтрымка пашырэньня НАТО. Я думаю, гэтае ўражаньне няслушнае”.

Беларуская тэма сёньня непасрэдна на асамблеі не прысутнічала. Заўтра на паседжаньні камітэту, які называецца “Грамадзянскае вымярэньне бясьпекі” беларускае пытаньне будзе гучаць на поўную моц. Адзін з дакладаў, які будзе прачытаны на гэтым камітэце, называецца – “Пэрспэктывы дэмакратычных рэформаў у Сэрбіі, Беларусі і Калінінградзе”.
XS
SM
MD
LG