Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЛАДЫ ФРОНТ ПАВІНШАВАЎ ПАМЕЖНІКАЎ З ПРАФЭСІЙНЫМ СЬВЯТАМ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Перад пачаткам сёньняшняй акцыі, у якой бралі ўдзел 7 чалавек, арганізатар Аляксей Талстоў так патлумачыў мэту мерапрыемства:

(Талстоў: ) "Мы думаем павіншаваць гэтых людзей зь іхным прафэсійным сьвятам. У нас усходняя мяжа зьяўляецца адной з галоўных, празь яе на нашую тэрыторыю трапляе шмат нелегалаў, шмат наркотыкаў, больш чым праз заходнюю й астатнія. Мы хочам павіншаваць памежнікаў у гэты дзень і пазычыць ім нармалёва ахоўваць нашыя межы і выконваць свае абавязкі".

Пасьля сябры Маладога Фронту зь бел-чырвона-белымі букетамі кветак накіраваліся ў Дзяржкамітэт памежных войскаў. На ўваходзе іх сустрэў дзяжурны падпалкоўнік.

Акрамя кветак, маладафронтаўцы перадалі памежнікам адмысловы зварот-віншаваньне. Аўтары ягоныя адзначаюць, што "Вось ужо 7 гадоў у краіне пануе самаўладзтва, страх і гвалт. Няма нармалёвых межаў перад нашэсьцем усходняга крыміналу, нелегалаў і наркотыкаў".

Маладафронтаўцы заклікаюць беларускіх памежнікаў мужна абараняць межы, а таксама ўзяць актыўны ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах пад лёзунгам "Даеш новага прэзыдэнта, а былога — за мяжу".

У пасткрыптуме свайго звароту маладафронтаўцы перадаюць віншаванньні Віктару Л. (Відаць, яны мелі на ўвазе старэйшага сына Аляксандра Лукашэнкі, які ёсьць капітанам памежных войскаў і нядаўна атрымаў за службу мэдаль ад бацькі.) Маладафронтаўцы заклікаюць Віцю добра ахоўваць усходнюю мяжу, за што ён можа атрымаць яшчэ адну ўзнагароду.
XS
SM
MD
LG