Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЖНАРОДНАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ ПРАЦЫ ЗА ЭКАНАМІЧНЫ ЦІСК НА БЕЛАРУСЬ


Міхал Стэльмак, Масква

Мэтай маскоўскага форуму была выпрацоўка рэкамэндацыяў для маючай адбыцца ў чэрвені канфэрэнцыі краінаў-сяброў Міжнароднай арганізацыі працы. Сярод пытаньняў, што думаюць абмеркаваць на гэтай канфэрэнцыі, будзе й беларускае: парушэньне ўладамі краіны прафсаюзных правоў.

Як заявіў на форуме выканаўчы дырэктар МАП Кары Тапіёла, у Беларусі мае месца сыстэматычнае ўмяшаньне ўладаў у дзейнасьць прафсаюзаў.

Форум прыняў Дэклярацыю, у якой гаворыцца, што для абароны прафсаюзных правоў мэтазгодна выкарыстоўваць усе сродкі, у тым ліку й эканамічны ціск. Як вынікае з гэтага дакумэнта, Беларусі пагражае ўвядзеньне неспрыяльнага гандлёвага рэжыму з краінамі Эўразьвязу. Вось як пракамэнтавала гэтае рашэньне нашаму Радыё кіраўніца аддзелу Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы Міжнароднай канфэдэрацыі Свабодных прафсаюзаў Анна Улатар:

(Улатар: ) "У Эўрапейскім Зьвязе ёсьць сыстэма гандлёвых прэфэрэнцыяў, якая стварае спрыяльныя ўмовы для краінаў, што прызнаюць аднолькавыя нормы ў сфэры працы. Эўракамісія абмяркоўвае з намі, як тая ці іншая краіна выконвае гэтыя нормы.

Беларусь — эўрапейская дзяржава. І, як я мяркую, Эўропа жадала б бачыць яе інтэграванай у ейную прастору, а беларускую эканоміку жадала б бачыць часткай міжнароднай эканомікі. Сыстэматычныя парушэньні нормаў у сфэры працы, якія застаюцца непакараныя, робяць немагчымымі інвэстыцыі ў Беларусь".

Магчымасьць увядзеньня супраць Беларусі эканамічных санкцыяў выклікала на форуме неадназначную рэакцыю прадстаўнікоў беларускіх прафсаюзаў. Фэдэрацыя выказалася супраць эканамічнага ціску. Гаворыць ейны прадстаўнік Аляксандар Ярашук:

(Ярашук: ) "Да гэтага часу эканамічныя санкцыі, што ўжываліся супраць канкрэтных краінаў, канкрэтных рэжымаў з мэтай іх пакараньня, вельмі часта мелі адваротны эфэкт. Напрыклад, так было з адыёзным рэжымам Іраку, зь Югаславіяй і гэтак далей".

А вось Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў лічыць эканамічны ціск на рэжым Аляксандра Лукашэнкі станоўчым фактарам.

(Бабаед: ) "Кангрэс лічыць, што пункт аб магчымасьці ўвядзеньня нейкіх эканамічных санкцыяў да Рэспублікі Беларусь, калі яна ня выканае рашэньняў Міжнароднай арганізацыі працы, павінен быць.

Наш урад павінен ведаць, што ў яго два шляхі. Першы — канструктыўна супрацоўнічаць зь міжнароднымі інстытутамі. А калі ня выканаць патрабаваньняў Міжнароднай арганізаці працы, то вынікам могуць быць і санкцыі. Гэта станоўчае рашэньне. Бо калі б гэтага пункту не было, то ўзьнікае лягічнае пытаньне: навошта мы скардзіліся ў МАП?" — мяркуе кіраўнік Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Віктар Бабаед.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG