Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“НАША НІВА”: 10 ГАДОЎ ЯЗДЫ


Сяргей Дубавец, Вільня

Дзесяць гадоў язды - чыста нашаніўскі выраз. Бо "Наша Ніва" - гэта не газэта. Гэта язда. Туды-сюды, туды-сюды. Зь Менску ў Вільню, з Варшавы ў Кракаў, з Кіеву ў Львоў, з Масквы ў Пецярбург. З полюса да полюса і назад. Калі нацыя - гэта плянэта, тады ў яе, як і ў плянэты павінны быць два полюсы. Ня Ўсход-Захад, а Поўнач-Поўдзень. Куды цякуць ўсе нашыя рэкі - да мора паўночнага і да мора паўднёвага. І кожны з нас - плянэта са сваім унутраным жыцьцём або астэроід - без жыцьця, але ўсё адно з полюсамі. Некалі нашы пісьменьнікі спрачаліся пра перанос сталіцы ў Наваградак. Менавіта ў Наваградак - першую сталіцу Вялікага Княства Літоўскага, такі сабе невялікі беларускі Вашынгтон зь міжнародным аэрапортам. Пры чым у выбары места сышліся такія розныя творцы як Зянон Пазьняк і Адам Глёбус. Ёсьць, вядома, і такі спосаб. Але ёсьць Вільня. Дзе зародак усяго, што мы завем беларускім - духу, культуры і газэты "Наша Ніва". Акурат сёньня спаўняецца дзесяць гадоў ад выхаду першага нумару адноўленае віленскае і менскае газэты. Самы раз сказаць колькі словаў пра гэтую язду, пра полюсы нацыі, між якімі сноўдаюць усе, хто шукае Беларусь або спрычыняецца да яе стварэньня.

У 1918 годзе тэарэтык і практык беларускага адраджэньня Антон Луцкевіч, які быў адным з фактычных стваральнікаў "Нашай Нівы", апублікаваў невялічкі артыкул пра беларускія полюсы. Для кожнага, хто знаёмы з сытуацыяй, тыя даўнія тэзы гучаць актуальна і сёньня. Называўся артыкул "Два цэнтры". У сёньняшняй перадачы я папрасіў прачытаць гэты твор Івана Луцкевіча, віленскага прадпрымальніка, унука аўтара артыкулу.

"Za aposnija pautrecia hodu Vilnia j Miensk - hetyja dva halounyja centry Bielarusi - zyli u zusim roznych varunkach - jak palitycnych, tak i ahulnych... Vilnia za cas vajny akazalasia centram bielaruskaj kulturna-nacyjanalnaj pracy, a Miensk - palitycnym centram...

U Vilni syrejsaja palitycnaja rabota u hramadzianstvie blizka zusim spynilasia: zatoje usie bielaruskija cynnyja sily pakiravalisia na rabotu kulturnuju - budavannie skolau, apracouvannie skolnych knizak i usiaho, sto patrebna dziela skoly, ladzannie navukovych, kulturna-nacyjanalnych i ekanamicna-dabracynnych tavarystvau i ustanou...

U Miensku utvarylasia j piersaje krajovaje pradstaunictva Bielarusi - Rada Bielaruskaj Narodnaj Respubliki, utvaryusia piersy vykanaucy orhan krajovaj ulady - Narodny Sakrataryjat. I u Miensku adbyusia akt apaviascennia Bielarusi niezaleznaj dziarzavaj. "Vilnia ci Miensk". Pytannie, jakoje z nasych miestau maje byc centram Bielarusi, nam davodzilasia cuc nia raz - asabliva ad tych spamiz nasych susiedziau, jakija mieli achvotu uziac Vilniu sabie. Ale j sionnia, choc litviny abjavili Vilniu za stalicu niezaleznaj Litvy, dac adkaz na hetaje pytannie nia lohka: bo kulturnyja centry nie zausiody razvivajucca tam, dzie josc centar administracyjny (napr., Krakau u Polscy, Lvou u ukraincau). I niezalezna ad taho, ci miz Bielarussiu i Litvoj budzie prachodzic dziarzaunaja miaza, ci Vilnia apyniecca z adnaho ci z druhoha boku henaje miazy, hety staradauny centar kulturnaha zyccia usiaho Bielaruska-Litouskaha kraju budzie zausiody pryciahvac da siabie kulturnyja sily usich krajovych nacyjanalnasciau, jak archiu minuuscyny, jak "pilny sviedka minulych ucynkau". Tut skladzieny vializnyja skarby bielaruskaj kultury, niezvycajna bahatyja pomniki nasaha staroha pismienstva. Tut bielarusy zdauna zakladali j zakladajuc svaje navukovyja ustanovy. I kali dumka bielaruskaha palitycnaha dziejaca zviartajecca sionnia da Miensku, dumki vuconych plyvuc da Vilni.

"Vilnia ci Miensk?" Hetaje pytannie, biassprecna, razviaza tolki buducynia. Ale zdajecca, sto razviazka tut moza byc tolki kampramisnaja: Vilnia pry usialakich varunkach pavinna absluhouvac abodva narody, dla jakich hetaje miesta bylo kalyskaj u casach naradzin ich kultury".

Іван Луцкевіч на маю просьбу прачытаў артыкул свайго дзеда Антона "Два цэнтры". Упершыню гэты твор зьявіўся ў 1918 годзе ў віленскай газэце "Гоман", а ў 1991 годзе быў перадрукаваны ў першым нумары адноўленай "Нашай Нівы". Тады ж, у 18-м яшчэ ніхто ня ведаў, што літаральна праз год калыска культураў апынецца пад польскай уладай. І калі беларусы маглі яшчэ цешыцца нефармальным статусам Вільні як сталіцы Заходняе Беларусі, дык літоўцы страцілі яе на цэлыя дваццаць гадоў. У горадзе засталося ўсяго працэнт ці два летувісаў, затое што пачалося ў Коўне!

Літоўцы не прынялі страты Вільні і ўсе дваццаць міжваенных гадоў лічылі яе сваёй сталіцай, часова акупаванай палякамі. З думкай пра Вільню клаліся спаць і падымаліся, марылі пра яе ў сваіх снах. Недаступная Вільня стала культам нацыі ў часы яе станаўленьня. Ёй прысягалі, яе вывучалі ў школе, яе віды друкавалі ў газэтах і на паштовых марках і кожную хвіліну чакалі сыгналу, былі гатовыя адправіцца ў паход. Другі полюс нацыі, усеагульная мроя, сталіца Вялікага Княства Літоўскага лучыла літоўцаў мацней, чым агульная рэлігія і агульная мова. Сваркі ды звадкі адступаліся на другі плян. І калі ў 39-м быў падпісаны пакт Молатава-Рыбэнтропа, літоўцы пачулі той прызыўны сыгнал - на Вільню! Яны занялі горад, усталявалі тут сваю ўладу, адчынілі свае ўстановы, словам, наладзілі тут сваё будзённае жыцьцё. Але горад так і застаўся для іх марай. Таму і дбалі пра яго ўвесь час як пра нейкую найвышэйшую каштоўнасьць. У Вільні амаль нічога ня зносілі. Наадварот, аграмадністы стары горад увесь час рэстаўравалі. З асаблівым імпэтам гэткае прыхарошваньне пачалося пасьля распаду СССР. Вільня безумоўна самы дагледжаны, самы багаты і самы пэрспэктыўны горад Літвы. Ані Коўна, ані Клайпеда, ані Шаўлі ці Панявеж ня йдуць зь ёй ні ў якое параўнаньне.

Беларусы, якія некалі таксама прэтэндавалі на Вільню, трапілі ў палон літоўскае мары. Гэтак беражліва і граматна ў нас мы самі не паводзіліся ні ў водным беларускім горадзе. Нашы індустрыйныя, савецкія па духу цэнтры - шэрабэтонныя аднастайныя мікрараёны - таксама ня йшті зь Вільняй ні ў якое параўнаньне. Старыя кварталы і помнікі архітэктуры ў нас зносілі з герастратаўскім імпэтам. І ад гэтага наша страта Вільні выглядала фатальнай і незваротнай. Праўда, калі для літоўцаў гэта быў горад сваіх легендарных князёў, дык для нас гэта быў наш нацыянальны музэй і архіў, горад нашай першай кнігі, газэты, школы, тэатру, палітычнай партыі. Разам з адчужэньнем Вільні, мы перажылі адчужэньне ўласнае нацыянальнае памяці. Вільня ня стала для нас, для ўсяго народу, вялікай агульнай Ідэяй, і ніякая іншая ідэя яе не замяніла. Хіба што якія два-тры дзясяткі гуманітарыяў наяжджалі сюды паасобку, каб за дзень-другі накапіяваць старых дакумэнтаў, безь якіх пазнаньне беларускай гісторыі і культуры папросту немагчымае. Так пачалася язда. Зь Менску ў Вільню, зь Вільні ў Менск. Захопленыя ідэяй аднаўленьня "Нашай Нівы", мы таксама не заўважылі, як ператварыліся ў прафэсійных ездакоў. Язда стала працай і гобі, чыннасьцю і станам душы. 10 гадоў язды...

Для Сяргея Харэўскага, які як мастацкі рэдактар часьцей за іншых завозіў газэтны макет у беларускія і літоўскія друкарні, язда трывала асацыюецца з раньняй раніцай - пасьля ночы працы ў рэдкцыі. Тымі сваімі ранкамі ён нагледзеўся ды начуўся гэтак шмат, што, кажа, мог бы напісаць раман. Некалькі запамінальных эпізодаў я папрасіў яго згадаць у нашай сёньняшняй перадачы.

(Сяргей Харэўскі: ) "Вы калі-небудзь ішлі празь менскі Верхні горад халодным ранкам, калі яшчэ ўсе сьпяць, і нават ня ходзіць грамадзкі транспарт? Тады чуеш рэха ўласных крокаў, а сэрца трымціць ад прадчуваньня чагосьці. Чагосьці, што мусіць быць абавязкова добрым. Штотыдзень. Зіхцяць купалы толькі адноўленае каталіцкае катэдры, на якія яшчэ не сядаюць галубы, але кружляюць, кружляюць у сінечы неба, зь якога сонца яшчэ ня змыла маладзік.

Аднаго ранку ў Баранавічах, чакаючы, пакуль адкрыюць друкарню, ледзьве знайшлі кавы. У паркавай кавяраньцы, што звалася "Чабурашкам". На беларускае прывітаньне цётка зьнянацку адказала па-польску. Маўляў, "в огуле то кавярня покі не отварта, але для панув тераз кава бендзе".

Аднаго ранку нейкі дзед запытаўся ў мяне ў тамбуры цягніка, ці я таксама пэнсянэр. Распавёў, што ён сам з Гомельшчыны, але жыве ў Вільні. Дакладней, жыве ён пад Астраўцом, але езьдзіць у сваю віленскую кватэрку, каб атрымліваць літоўскую пэнсію. Пасьля ён яе мяняе на рублі й вяртаецца ў Беларусь. А некалі быў партызанам на Лепельшчыне.

Аднаго ранку сустрэўся неяк зь іншым колішнім партызанам. Той падсеў у цягнік у Солах. Ваяваў ён у Арміі Краёвай. І нічога добрага пра тыя свае ваяваньні не распавёў. "Сядзелі,- кажа,- як дурні, у ямах па балатах. Слухалі радыё, што неўзабаве саюзьнікі дапамогуць. Сядзіце, чакайце. Змарнаваў столькі маладых гадоў. "І раптам пачаў хваліць чачэнцаў ды клясьці, на чым сьвет стаіць, Маскву. Я быў прапанаваў яму пачытаць сваю газэту. А ён і кажа: "Дзякуй, сынок, я хоць і беларус, але рускімі літарамі чытаць не навучыўся..."

Аднаго ранку, на памежным пункце, п'яныя беларускія памежнікі, што былі параспранаўшыся ледзьве не да майткоў, запатрабавалі зь імі выпіць самагону. Высьветлілася, што гэта пачаўся "Дзень пагранічніка". Даўшы закусіць ладнай лустай літоўскага хлеба зь беларускім салам, памежнікі навялі свае аўтаматы на лешую з машынаў й загадалі везьці нас да Менску. Напужаны чалавек за рулём аказаўся лекарам ажно з Наябарску. Дарогаю ён сказаў, што ведаў аднаго беларуса, Алега Мінкіна. Калі ж мы паказалі яму мінкінаўскія вершы ў газэце, ён давез нас пад самую прахадную друкарні.

Аднаго ранку, у магілёўскай друкарні, дазналіся пра пуч у Маскве. Тады ўсе блізу зьнямелі, пільна ўзіраючыся адзін у аднаго. Але раптам у дзьверы забег Віктар Корзун з новай першай паласою "Свабоды" – "Ніякай падтрымкі хунце!". Раптам усе разьняволіліся й рабочыя рушылі да станкоў, а дырэктар з імпэтам запрасіў нас у свой габінет, на кубак кавы.

Аднаго ранку ў нас лопнула кола. Павал Жук абрэзаў гуму й зь іскрамі памчалі далей - на абадах. Да Крэва. Машыну давялося кідаць. Дазнаўшыся, хто мы, міліцыянты на блёк-пасьце пасадзілі нас у сваю машыну й давезьлі пад самую мяжу.

Аднаго ранку, седзячы ў аўтобусе, разгледзеў суседа: славуты літоўскі актор Адамайціс. Ён распавёў, чым займаецца цяпер. "Во, - кажа, - Савецкі Саюз распаўся, а я стаў у Менск езьдзіць яшчэ часьцей. Ёсьць багата праектаў на "Беларусьфільме". А з другога боку ад мяне сядзеў тады Мікалай Барысевіч. Гэты, бадай, ужо ня езьдзіць аўтобусамі.

Аднаго ранку цёткі, што чакалі на прапускным пункце ля Лынтупаў, дазнаўшыся, што гэта я напісаў пра ксяндза Шуткевіча, шчыльна мяне абступілі й прасілі паўтарыць усё, што я там панапісваў, што ксёндз гаварыў пра іх, дзе ўзяць яшчэ тых газэтаў. Перадавалі айцу Шуткевічу прывітаньні й прасілі пісаць яшчэ.

Аднаго ранку давялося перабягаць мяжу нелегальна. У пашпарце забракавала нейкага чарговага штампу. Доўга кружляў па лясох, па заіндзявелым ворыве, з макетам нумару пад пахаю, ажно пакуль ня выйшаў у цэнтар Шумска. Тутака ж, ідучы па дарозе пазнаёміўся з хлапцом. "Літоўцы мусяць жыць у Літве,- сказаў ён – гэтыя межы не для нас". Разьвіднела зусім. У вёсцы Кавальчукі, што па-літоўску завуцца Кяльвеляй, пабудзіў хлапец свайго стрыечнага брата. Той доўга мацюкаўся, але завёў машыну й завез мяне ў Вільню на друкарню. Разьвіталіся сябрамі. Пасьля яны колькі разоў бывалі ў мяне гасьцямі.

Аднаго ранку, на самым пад'езьдзе да Менску цётка прадавала проста ля шашы прыгожыя яблыкі. Спыніліся, купілі кош яблыкаў. Разгаварыліся. Падарылі сьвежы нумар газэты. Цётка ўсыпала нам у багажнік яшчэ два кашы сакавітых, маціцовых папяровак. У кропельках ранішяе расы. Пасьля яна даслала ў газэту ліста. Пра свайго бацьку, які згінуў, магчыма, у Курапатах.

Дзесяць гадоў раніцаў".

(С.Дубавец: ) “Сяргей Харэўскі згадвае эпізоды сваіх дзесяці гадоў язды. Да гэтых, здавалася б тэхнічных паездак можна дадаць рэдакцыйныя экспэдыцыі па беларускіх рэках або паездкі па забытых адрасах нашай культуры. Адбывалася таксама і наша супольнае падарожжа ў часе. Згадаю, што пачала "Наша Ніва" выходзіць яшчэ ў Савецкім Саюзе і так ці інакш адлюстравала ўсё, што адбылося з нашым народам за гэтыя дзесяць гадоў. Таксама ж своеасаблівая язда.

Рухаючыся ў часе, мы разам з газэтай пераадольвалі і ўсе зьмены сацыяльнага ляндшафту. За гэты пэрыяд радыкальна зьмянілася ўяўленьне пра грошы, пра вартасьць чалавечага жыцьця, пра калектывізм і сыстэмы каштоўнасьцяў. Натуральна, ва ўсім гэтым мелі мы і набыткі і страты, і разам з пазнаньнем новага жыцьця і свайго зьмененага народу, пазнавалі і сябе, і тыя канстанты, якімі паступацца ня можна ні пры якіх абставінах. Інакш кажучы, ёсьць язда, а ёсьць стаяньне і нязрушнасьць. Ёсьць рэчы, якія не зьмяняюцца. Бяз гэтага ніякі грамадзкі і культурны праект ня мае шанцаў выжыць. Для нас гэта была мова.

Вяртаючыся да тэмы двух полюсаў нацыі, мушу зрабіць удакладненьне. Сапраўды, ня ўсе краіны маюць дзьве сталіцы. Да прыкладу, латышам, французам ці чэхам хапае аднаго цэнтру. У чым тут прычына? Падказку дае эстонскі прыклад, дзе ёсьць Талін і Тарту. Тарту - горад, які найперш асацыюецца з унівэрсітэтам і ў гэтым сэнсе адрозны ад Таліна. Аналёгіі можна працягваць прыкладамі Кракава, Львова, Санкт-Пецярбургу, а ўрэшце той самай Вільні. Калі ж адміністрацыйная сталіца сама - унівэрсытэцкі цэнтар, тады хапае аднаго гораду. Прага, Парыж, Рыга.

Якім чынам у такіх раскладах выглядае беларуская сытуацыя?

Менск вельмі актыўна пачалі рабіць унівэрсытэцкім горадам у 20-я гады мінулага стагодзьдзя. БДУ і палітэх, пэдагагічны і наргас - вышэйшых школаў у горадзе процьма. Але вобразу унівэрсытэцкага цэнтру няма. Менск - цэнтар шарыкаў і падшыпнікаў, Партызанскі праспэкт і МАЗ, парашковая мэталюргія - гэта перад усім. Гуманітарная навука ў Менску заўсёды была ў загоне, заўсёды станавілася ахвярай палітычнага перасьледу і русыфікацыі. Словам, грала не ўласьцівую навуцы ролю. Нашы гуманітарыі-акадэмікі былі або недавучкамі, або ідэолягамі-прапагандыстамі. Нашы акадэмічныя выданьні ніколі не былі поўнымі і ў поўным сэнсе слова акадэмічнымі. А сёньня і тое, што было хоць крыху прафэсійным, перажывае развал. Варта згадаць Беларускую энцыкляпэдыю, якая з кожным новым томам губляе неабходны акадэмізм. Няма школы. Нешта іншае заўсёды было важнейшым за навуковасьць нашай гуманітарнай навукі. То партыйныя пастановы, то цемрашальскія амбіцыі ўзьнесеных у акадэмічныя крэслы чвэрцьінтэлігентаў, то грошы.

Вось чаму мы езьдзім. Мы езьдзім у Вільню. Другі полюс, які ў марах... Унівэрсытэцкі цэнтар краю. Верагодна некалі гэтым бітым шляхам пацягнецца і ўся наша нацыя. Іншага шляху ў яе няма.
XS
SM
MD
LG