Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАРЫЯ ДАРОГІ – ЯК ЖЫВУЦЬ І ШТО ДУМАЮЦЬ ЛЮДЗІ?


Вячаслаў Ракіцкі, Ягор Маёрчык, Старыя Дарогі

(Ракіцкі: ) "Знаёмства са Старымі Дарогамі мы распачынаем а 7-й раніцы, на "разводзе". Развод — гэта нешта накшталт біржы працы.

На вуліцы Маскоўскай, якую людзі называюць Крывой, зьбіраюцца мужыкі, каб падзарабіць. Мо хтосьці папросіць плот паставіць ці магілу выкапаць… Тут рабочая сіла танная: зробяць за пляшку самагонкі ці віна "Несьцерка". Дзе ж, калі ня тут, мы можам знайсьці легенду Старых Дарог — мясцовы самагон?

Ці можна тут дзе купіць самагон?"

(Спадар: ) "Давай грошы, пайду вазьму".

(Ракіцкі: ) "Колькі, тысячу дзьвесьце?"

(Спадар: ) "Так, і чакай мяне тут".

(Маёрчык: ) "А вы вернецеся?"

(Спадар: ) "Сто працэнтаў. Літаральна, я вам кажу, праз 20 хвілінаў".

(Ракіцкі: ) "Што, і шмат у Старых Дарогах беспрацоўных?"

(Другі: ) "Амаль усе".

(Трэці: ) "Ды не, працы мора, непачаты край. Побач зь "белым домам", праз 20 мэтраў, ДК новае трэба здаць, якое 12 гадоў стаіць".

(Ракіцкі: ) "Тут будуюць што-небудзь яшчэ?"

(Трэці: ) "Ну, вось сарай. Гаражы вунь будуюць".

(Ракіцкі: ) "А гаражы хто будуе?"

(Трэці: ) "Ну хто? Начальства…"

(Ракіцкі: ) "І колькі гараж каштуе?"

(Трэці: ) "Шэсьць літраў гарэлкі — і ўсё аддадзім".

(Маёрчык: ) "Нашыя суразмоўцы не дачакаліся працы, а мы — саматужнай гарэлкі. Чалавек пабаяўся, што мы адвязем напой на экспэртызу.

Мінуўшы статую срэбнаколеравай бабы з булкай у рукох, распасьцёртых у бок вуліцы Маскоўскай, трапляем у цэнтар гораду. Галоўны пляц: будынак выканкаму, Ленін, даўгабуд — Дом культуры, шчыты з нагляднай агітацыяй. Па-савецку выразна й сумна".

(Ракіцкі: ) "Раённы гарадок прачынаецца. Людзі становяцца ў чэргі: у крамах — па хлеб, прывезены з суседніх гарадкоў, бо старадароскі кіслы; а на кірмашы — да адзінага гандляра мясам, бо ў прадмагах зь мясных вырабаў толькі 2-3 гатункі каўбасы. Дзіўна, але месьцічы лічаць, што з харчаваньнем тут вельмі добра.

Мы купілі некалькі пляшак мінэралкі, бо ў гатэлі з крана цячэ халодная іржавая вада. У Старых Дарогах ніколі не было чыстай і гарачай вады. А як жа людзі?"

(Спадарыня: ) "А вось так і жывуць. Калі трэба памыць посуд, ставіш каструлю на газ, награеш. Ну, ёсьць гарадзкая лазьня. Там вада вельмі дрэнная, там ня вельмі добры санітарны стан. Я сваіх дзяцей ужо некалькі гадоў туды не пускаю.

Два гады таму нашы ўлады абяцалі, што будзе гарачая вада. Але вады няма. У нас ёсьць даволі магутная ЦЭЦ, якая б магла забясьпечыць увесь наш горад вадой, але не хапае паліва".

(Маёрчык: ) "Задавальняе якасьць?"

(Спадарыня: ) "Нікога не задавальняе. Як казаў галоўны санітарны доктар, утрыманьне жалеза ў вадзе перавышае норму разоў у дзьвесьце, калі ня больш. Некалькі гадоў таму былі ўключылі станцыю па абезжалезьваньні вады. Але ж яна была ўключаная з грубымі парушэньнямі тэхналёгіі, і цяпер не працуе. Носім з калодзежа ваду".

(Маёрчык: ) "Усе праблемы Старых Дарог ад таго, што раён сельскагаспадарчы. Тут няма прамысловасьці, якая б спраўна сілкавала мясцовую казну. Фінансава горад цалкам залежны ад Менску. Таму старадарожцы нясвоечасова атрымліваюць свае мізэрныя заробкі. А настаўнікі дык і ўвогуле не разумеюць, калі могуць атрымаць заробленае. Пра гэта распавёў іхны прафсаюзны лідэр спадар Зуйкевіч".

(Зуйкевіч: ) "Паводле нашай раённай калектыўнай дамовы, настаўнікі гарадзкіх школаў павінны атрымліваць заробак не пазьней 5-га дня кожнага месяца. Звычайна была затрымка 2-3 тыдні. Цяпер перавялі гэты тэрмін без узгадненьня з прафсаюзамі на 20-е.

Калі нашы настаўнікі скардзяцца ў Менск, ім кажуць, што сродкі пералічаныя. Ну, а калі звоняць да нашага мясцовага кіраўніцтва, ім кажуць, што Менск грошай не дае".

(Ракіцкі: ) "Статус гораду Старыя Дарогі атрымалі толькі ў 1938-м годзе. Ад летапісанага 1582-га гэта было мястэчка Дарогі, якое спачатку належала Алелькавічам, а пасьля Радзівілам. Натуральна, яно ня мела ўласнага гербу.

А ў сярэдзіне 1990-х мясцовая вэртыкаль нечакана падарыла гораду герб "Гіпацэнтаўр", які быў часткай гербу роду Гальшанскіх. Тутэйшыя інтэлігенты разумеюць яго як сымбаль цяперашніх Старых Дарог — з п'янствам і жабрацтвам. Распавядае настаўнік гісторыі Віталь Юрэвіч".

(Юрэвіч: ) "Гэтая істота ў Старажытнай Грэцыі была зьвязаная з п'янствам. Цяжка сказаць, чаму ў нашым раёне было вырашана ўзяць менавіта гэтую істоту за аснову гербу. Да "гіпацэнтаўруса" дадалі яшчэ й посахі, якія як бы сымбалізуюць дарогі, па якіх праходзілі людзі. Але ў XVI-м стагодзьдзі, пэўна, адны толькі жабракі маглі хадзіць з посахамі. А большасьць людзей былі заможныя".

(Маёрчык: ) "Пра п'янства, самагубствы, жабрацтва людзей распавядаў нам і пастар Царквы хрысьціянаў Веры Эвангельскай Павал Дуля. Царква зарэгістраваная, але праваслаўныя атэісты зь мясцовай вэртыкалі ўпарта перасьледуюць абшчыну з 50-ці чалавек. Яны нават распаўсюджвалі чуткі, што браты й сёстры царквы прыносяць у ахвяру людзей".

(Дуля: ) "У нас у горадзе вельмі моцная прысутнасьць зла. Праваслаўная царква, бачыце, канструктыўная, а мы — дэструктыўная. У нас у царкве ёсьць адна сястра, яна працуе настаўніцай у школе №2. Яе выклікалі ў раяна і сказалі напісаць тлумачэньне, чаму яна ходзіць менавіта ў гэтую царкву.

Дзяцей, якія ходзяць у нядзельную школку, выклікалі ў кабінэт дырэктара і запужвалі. Калі мы хацелі зарэгістраваць царкву ў вёсцы Шыткавічы, спэцыялісты пачалі хадзіць па дамох і запужваць людзей. Маўляў, мы вам не дамо сена.

Большасьць людзей жыве ў галечы, і маральна яны прыціснутыя. Д'ябал асьляпіў людзям розум, і іхныя сэрцы закрытыя".

(Ракіцкі: ) "І гарадзкая, і сельская гаспадаркі Старадарожчыны — банкруты. Аднаўляюць гарадзкі парк і мятуць вуліцы, сеюць і жнуць тут і коштам пабораў зь нешматлікіх дробных бізнэсоўцаў. Гаспадар невялікай тэлерадыёмайстэрні распавядае".

(Прадпрымальнік: ) "Сабралі прадпрымальнікаў. І першым вельмі пераканаўча выступіў пажарны інспэктар: распавёў, за якія парушэньні што можа быць. Таксама выступіў сандоктар. Пасьля — падатковы інспэктар. І напрыканцы выступіў старшыня райвыканкаму і параіў: здайце ад 160 да 400 тысячаў кожны дзеля таго, каб пасяўную перажыць. З нашым стратэгам туды колькі ні ўбухай, усё дарэмна. Гэта толькі адцягне канец рэжыму. А цягнуць далей няма куды".

(Маёрчык: ) "Ужо апоўдні ў горадзе стала зусім сумна. Неяк незаўважна разышоўся кірмаш, у крамах скупілі апошнюю каўбасу. Ад шапіка да шапіка сноўдаліся да непрыстойнасьці ўпітыя віном "Несьцерка" маладыя людзі.

Няўжо мы так і не пакаштуем старадароскай самагонкі? Сваёй заклапочанасьцю падзяліліся з двума цьвярозымі й вясёлымі хлопцамі. Яны па найме працуюць у Расеі, а цяпер у іх кароткія вакацыі на радзіме.

"На вёску трэба ехаць", — пачулі мы ў адказ. Зноў кідаемся ў авантуру: наймаем за 5 тысячаў рублёў аўто і пакідаем горад".

(Ракіцкі: ) "Чаму вы езьдзіце ў Расею?"

(Хлопец: ) "Таму што тут нічога не заробіш".

(Іншы: ) "Што, тут за 20 тысячаў пахаць?"

(Ракіцкі: ) "Што вы ў Расеі робіце?"

(Хлопец: ) "Аддзелачныя работы".

(Ракіцкі: ) "Ці маглі б вы тут рабіць такое?"

(Хлопец: ) "Каб так плацілі, дык навошта езьдзіць туды, калі можна працаваць тут".

(Ракіцкі: ) "А колькі вам у Расеі плацяць?"

(Хлопец: ) "Трыста-пяцьсот".

(Ракіцкі: ) "Шмат людзей са Старых Дарог езьдзіць у Расею?"

(Хлопец: ) "Асабіста я чалавек дзьвесьце ведаю".

(Ракіцкі: ) "Дзьвесьце?"

(Хлопец: ) "Дык іх езьдзіць больш. Гэта тыя, каго я ў твар ведаю. Хто ня езьдзіць, той п'е".

(Іншы хлопец: ) "На развод ідзе…"

(Ракіцкі: ) "Спыняемся й бачым: зьлева — роўненькія прыгожыя азімыя, а справа — невялікія плямы зеляніны сярод раскіслае вясновае глебы. Хлопцы тлумачаць: рунь — фэрмэрская, а нібыта рунь — калгасная".

(Маёрчык: ) "65-гадовы фэрмэр Канстанцін Понтус мае 32 гектары зьнявечанай калгасамі зямлі, якую ён узяў у арэнду ў 1989-м годзе.

Добразычлівы сівабароды гаспадар нават з зашмальцаванай рабочай вопраткі не здымае бел-чырвона-белага сьцяжка. Ён кажа, што паўтарыў бы свой подзьвіг, калі б на календары быў той самы 1989-ы. Але ня кінуўся б у авантуру пры цяперашнім рэжыме".

(Понтус: ) "Ідзе вясна. Я баюся той вясны. Няма ўгнаеньняў ні грама, саляркі, дызпаліва і бэнзына нават вядра няма. Ніякіх ураджаяў тут ня будзе на гэтай зямлі. З часоў калектывізацыі гэтая зямелька ня бачыла арганікі. Яна засоленая калійнымі ўгнаеньнямі. Вазілі й сыпалі, колькі можна было.

Калгасы ў такім жа гаротным стане, як і мы. Пэрспэктыва — толькі ў фэрмэрстве. Калгасы памруць. Мы таксама памрэм, толькі пазьней на дзень, таму што мы за сваё будзем стаяць".

(Ракіцкі: ) "Гавораць, што альтэрнатывы калгасам няма. Ну, добра, раздамо зямлю, а чым мы будзем яе апрацоўваць?"

(Понтус: ) "Трактар МТЗ. Прычэп і плуг я набыў яшчэ па льготных крэдытах за часам Кебіча й Шушкевіча. Культыватар я проста адараў зь зямлі: вясной іх губляюць, толькі едзь ззаду і падбірай. Два гусянічныя трактары — з-пад платоў. Адзін стаяў у адной бабкі. Яна казала: "Адцягніце вы ад майго панадворку гэты трактар. Муж працаваў, а пасьля памёр, а трактар так ля хаты і застаўся. Мо 10 гадоў стаіць тут, толькі замінае".

(Ракіцкі: ) "Спадар Канстанцін самагон ня гоніць. І мы працягваем нашую вясёлую вандроўку па разьбітых дарогах раёну.

А вы за каго галасавалі на мінулых выбарах?"

(Хлопец: ) "Я ўвогуле тады не хадзіў".

(Другі: ) "Я не галасаваў".

(Маёрчык: ) "А на гэтыя выбары пойдзеце?"

(Хлопец: ) "Канечне, пайду!"

(Другі: ) "Канечне. Цяпер думкі памяняліся. Цяпер нават тыя, хто раней быў за Лукашэнку, ужо яго ня хочуць".

(Ракіцкі: ) "Дык якімі вы Старыя Дарогі хацелі б бачыць, хлопцы?"

(Хлопец: ) "Сваімі".

(Маёрчык: ) "Самагон мы купілі ў вясковай хаце, абсталяванай бы саматужны бровар. Моцны, чысты, жытнёвы — ён быў адзіным якасным прадуктам, які мы пакаштавалі на Старадарожчыне.

А мо легальная вытворчасьць самагону магла б уратаваць гэты край-банкрут? Асабіста мы выбралі б "Старадароскую", а не "Крышталь". Але для гэтага патрэбны гаспадар, які б ня гнаў зь якаснага жыта "Несьцерку".

(Ракіцкі: ) "Легендарны самагон — у лясных вёсках, знакаміты футбольны клюб "Будаўнік" — у ніжэйшай лізе першынства краіны.

Старыя Дарогі ёсьць закладнікам дрэнных дарог і калгасаў зь неўрадлівай зямлёй. Людзі, што нарадзіліся і жывуць тут, — закладнікі мінулага й цяперашняга рэжымаў".
XS
SM
MD
LG