Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ПАДПІСАЎ ДАМОВУ АБ ДРУЖБЕ І СУПРАЦОЎНІЦТВЕ З АРМЭНІЯЙ


Юры Сьвірко, Ерэван

У суботу раніцай афіцыйны візыт Алякандра Лукашэнкі ў Армэнію пачаўся сустрэчай з прэзыдэнтам Робэртам Качаранам у ягонай рэзыдэнцыі. Пасьля перамоваў яны падпісалі дамову пра сяброўства й супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі. Тамсама іншымі афіцыйнымі асобамі былі падпісаныя 4 пагадненьні – паміж урадамі наконт падтрымкі й абароны інвэстыцыяў, паміж міністэрствамі юстыцыі дзьвюх краінаў, міністэрствамі адукацыі, нарэшце, паміж урадамі й Нацыянальнымі банкамі Армэніі ды Беларусі пра ўрэгуляваньне запазычанасьці 1992-1994 гадоў.

Цікава, што абяцанай дамовы пра вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва паміж Армэніяй і Беларусьсю сеньня ў Ерэване не падпісалі. Армянскі бок ніяк гэта не камэнтуе, але кажа, што гэта будзе зроблена ў часе асобнага візыту беларускага міністра абароны у Армэнію, хаця міністар Леанід Мальцаў і сеньня знаходзіцца ў Ерэване.

Далей Аляксандар Лукашэнка паехаў у парлямэнт. Раней у Нацыянальны сход Армэніі любому чалавеку можна было патрапіць вельмі проста. Менавіта таму 27 кастрычніка 1999 году тэрарысты змаглі расстраляць проста ў залі паседжаньняў і сьпікера, і прэм’ер-міністра.

Цяпер кантроль на ўваходзе узмоцнены, але я са сваёй акрэдытацыяй ад армянскага міністэрства замежных справаў спакойна прайшоў у парлямэнт – раней за спадара Лукашэнку. Перад сустрэчай зь ім эксклюзыўнае інтэрвію беларускай службе Радые Свабода даў старшыня армянскага Нацыянальнага сходу Армэн Хачатран. Вось толькі адзін фрагмэнт гутаркі. На мае пытаньне, ці ўвесь парлямэнт падзяляе жаданьне далучыцца да беларуска-расейскага саюзу спадар Хачатран адказаў гэтак:

(Хачатран: ) “Не падзяляе увесь парлямэнт, я вам скажу. Трэба проста глыбока глядзець на ўсе праблемы, трэба вывучыць шмат-шмат чаго, трэба зразумець сутнасьць пытаньня і пасьля гэтага зрабіць выбар”.

Кіраўнік парлямэнцкага блёку “Адзінства” Галуст Сааякян на гэтае ж пытаньне адказаў мне наступным чынам:

(Саакян: ) “Адназначна скажу: любы саюз, які будзе пагражаць сувэрэнітэту нашае дзяржавы, для нас непрымальны. Мы не дапусьцім, каб нас да нечага прымусілі”.

Візыт прэзыдэнта Беларусі для нас вельмі сур’ёзны. Мы чакаем эканамічных і культурных цесных, непасрэдных сувязяў. І таму што палітыка Армэніі ў рэгіёне больш зьвязаная з пытаньнямі абароны, мне здаецца, што паседжаньне калектыўнае бясьпекі ўчорашняе і стасункі зь Беларусьсю – супрацоўніцтва ў больш абаронным вузкім коле, чым у вялікіх абаронных праграмах”.

Сустракаючыся з армянскімі парлямэнтарамі, Аляксандар Лукашэнка заявіў, цытую: “Многія ў вас ведаюць, што беларускі народ – самы інтэрнацыянальны на зямлі народ”. (канец цытаты) Пасьля сустрэчы некаторыя дэпутаты сказалі мне, што іх гэта пакрыўдзіла, хаця адзін зь іх, прасіўшы не называць прозьвішча, дадаў: “Калі лічыць інтэрнацыяналізмам поўную адмову ад сваей роднай мовы, а мы ў Ерэване за час візыту не пачулі ніводнага беларускага слова, дык вы сапраўды самы інтэрнацыянальны народ у сьвеце”.

З Нацыянальнага сходу Армэніі Аляксандар Лукашэнка паехаў на Ерэванскі каньячны завод “Арарат”. Там адбыліся экскурсія ды абед, куды пусьцілі толькі аднаго армянскага журналіста і тых, хто прыехаў з Лукашэнкам.

Пасьля абеду спадар Лукашэнка наведаў мэмарыял ахвярам генацыду “Ціцернакаберд”, які самі армяне параўноўваюць з комплексам у Хатыні, ды палажыў да яго кветкі, а напрыканцы пасадзіў памятнае дрэва. Ен уважліва праслухаў расповяд экскурсавода, як у пачатку 20-га стагодзьдзя туркі масава зьнішчалі армянскае насельніцтва сваёй імпэрыі. Журналістка дзяржаўнага тэлебачаньня Армэніі спыталася, ці не зьбіраецца беларускі парлямэнт падобна некаторым іншым ухваліць рэзалюцыю, якая асудзіла б турэцкі генацыд. Вось як адказаў Аляксандар Лукашэнка:

(Лукашэнка: ) “Усё, што я думаю, я сёньня ўжо сваімі дзеяньнямі выказаў. Гэта вельмі добрая традыцыя, што мы саджаем тут дрэўцы – гэта сымбаль жыцьця. Мы вельмі добра ведаем аб руху ва ўсім сьвеце, аб прызнаньня гэтага факту ва ўсім сьвеце…Я думаю, што беларускі народ, беларуская дзяржава, беларускі парлямэнт у даўгу перад сваімі людзьмі не застануцца…”

Там жа, у Ціцернакабердзе, я спытаўся ў дзяржаўнага сакратара беларускае Рады бясьпекі Ўрала Латыпава, ці не пашкодзіць гэта стасункам з Турэччынай. “Чаму гэта мусіць пашкодзіць, калі расейская Дума ўхваліла асуджальную рэзалюцыю, і гэта не пашкодзіла?” – пытаньнем на пытаньне адкахаў спадар Латыпаў.

Пасьля Аляксандар Лукашэнка наведаў Матэнадаран – сусьветна вядомы схоў старажытных рукапісаў, дырэктар якога Сэн Арэўшацян зьдзівіў госьця веданьнем Францішка Скарыны. Ён сказаў Лукашэнку, што армянскае кнігадрукаваньне пачалося ў 1512 годзе, а Скарына сваю першую кнігу выдаў толькі крыху пазьней.
XS
SM
MD
LG