Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДСТАЎНІК ЗША Ў АБСЭ ЗРАБІЎ ЗАЯВУ Ў ПАДТРЫМКУ ГАНСА-ГЕОРГА ВІКА


Кастусь Бандарук, Прага

“Злучаныя Штаты хочуць выказаць сваю падтрымку заявы Старшыні АБСЭ і ягонага сталага даверу да амбасадара Віка.

Мы занепакоеныя працягам атакаў з боку беларускіх ўладаў супраць амбасадара Віка і дзейнасьці Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ.

Злучаныя Штаты падтрымоўваюць дыялёг КНГ зь беларускімі ўладамі, гэтак як падтрымоўваюць таксама ейны дыялёг з апазыцыяй і грамадзянскай супольнасьцю Беларусі. У абодвух выпадках гэта нармальная, прымальная дзейнасьць місіі, чыё заданьне палягае ў падтрымцы разьвіцьця дэмакратычных інстытутаў.

Зразумела, як гаворыцца, “танга патрабуе дваіх”. Беларускія ўлады прыпынілі свой ўдзел ў ініцыянаваных групай дыскусіях за круглым сталом, яны пасьлядоўна адмаўляюцца ад удзелу ў створанай КНГ Кансультацыйнай Палітычнай Радзе, яны адкінулі запросіны КНГ стварыць групы для абмеркаваньня ключавых пытаньняў.

КНГ ня можа абвінавачвацца за тое, што беларускія ўлады вырашылі не ўдзельнічаць ў дыялёгу.

Гэтак, як мы ды іншыя тут прысутныя заяўлялі ўжо ня раз пры розных нагодах, Злучаныя Штаты лічаць, што дзейнасьць КНГ поўнасьцю адпавядае ейнаму мандату. Беларусі пашанцавала мець дачыненьне з такім дасьведчаным, высокакваліфікаваным дыпляматам, як амбасадар Вік, які ўзначальвае КНГ і актыўна выконвае свой мандат.

Слушная праграма назіраньня за выбарамі зьяўляецца ключавой для правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў ў адпаведнасьці з міжнароднымі стандартамі. Гэта таксама поўнасьцю адпавядае мандату КНГ, які палягае ў разьвіцьці дэмакратычных інстытутаў. Гэта праца, якую АБСЭ праводзіла ў іншых краінах, напрыклад ў Босьніі, дзе місія АБСЭ падтрымоўвае незалежны маніторынг няўрадавых арганізацыяў. Без такой праграмы ў Беларусі цяжка сабе ўявіць, каб міжнародная супольнасьць магла прызнаць прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі легітымнымі.

Удзел КНГ ў гэтай дзейнасьці ніколі ня быў сакрэтам. Амбасадар Вік даваў Радзе спрааздачу аб працы ягонай сеткі на папярэдніх выбарах. Ён рэгулярна праводзіў кансультацыі зь беларускімі ўладамі наконт сваёй працы. Цьверджаньні беларускіх ўладаў, што высілкі назіральнай групы роўныя ўзбраеньню баевікоў не вымагаюць камэнтароў.

Заявы пра тое, што назіраньне за выбарамі мае элемэнты апазыцыйнасьці – праўдзівыя. Аднак у гэтым няма нічога заганнага. Гэта хутчэй падстава для даверу .

Тое, што робяць беларускія ўрадавыя чыноўнікі ды іхныя памочнікі, гэта не праграма назіраньня за выбарамі, але кампанія за пераабраньне.

Злучаныя Штаты гатовыя прызнаць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў ў Беларусі, калі яны будуць адпавядаць міжнародным стандартам адносна свабодных і справядлівых выбараў, а таксама крытэрыям вызначаных “тройкай” АБСЭ.

Мы заклікаем беларускія ўлады скарыстаць шанец, які даюць выбары і гэткім чынам скончыць сваю самаізаляцыю”.

Сказаў у заключэньне павераны ў справах ЗША ў АБСЭ Джосаі Б. Розэнблят.
XS
SM
MD
LG