Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАСТАЎНІКІ ПАТРАБУЮЦЬ АД УЛАДАЎ БЕЛАРУСІ ЗАПАЗЫЧАНЫЯ ГРОШЫ


Міхал Стэльмак, Менск

Паводле зьвестак прафсаюзаў, увогуле па краіне настаўнікам завінаваціліся 3 мільярды рублёў. Асабліва складаная сытуацыя на Магілёўшчыне.

Гаворыць загадчыца аддзелу рэспубліканскага Камітэту прафсаюзу адукацыі Валянціна Гнязьдзілава:

(Гнязьдзілава: ) "Напрыклад, на 23 траўня з дваццаці трох раёнаў Магілёўскай вобласьці толькі ў дзесяці быў часткова выплачаны заробак за першую палову месяца. І тое гэта былі выплаты ад 10 да 50 працэнтаў. А ў астатніх 13 раёнах ня выплацілі ні авансаў, ні заробкаў. Бягучая запазычанасьць у Магілёўскай вобласьці склала 2,7 мільярда рублёў".

(Карэспандэнт: ) "Прафсаюзы высьвятлялі прычыны затрымкі заробкаў настаўнікам?"

(Гнязьдзілава: ) "Як правіла, гэта запазычанасьць бюджэту".

Паводле словаў спадарыні Гнязьдзілавай, на ўзроўні раёнаў мясцовыя бюджэты зараз адчуваюць востры дэфіцыт сродкаў. Зь Менску і абласных цэнтраў грошы на выплату заробкаў паступаюць нясвоечасова.

Затрымкі з заробкамі, паводле прафсаюзнай інфармацыі, выклікаюць сацыяльную напружанасьць у настаўніцкім асяродзьдзі. Гэткая напружанасьць прыкметная ў Шклоўскім раёне. Там мясцовы прафсаюз зьбіраецца судзіцца з аддзелам адукацыі. На сёньняшні дзень дзяржава, як паведаміла Валянціна Гнязьдзілава, завінавацілася шклоўскім настаўнікам больш як 100 мільёнаў рублёў:

(Гнязьдзілава: ) "Нам даводзіцца ваяваць са Шклоўскім раёнам вельмі часта. Раз на год да нас абавязкова зьвяртаюцца настаўнікі: то ім заробкі затрымліваюць, то іншыя выплаты, то ў іх праблемы з разьмеркаваньнем прэміяў. Улады ўмешваліся ў пытаньні, якія зьяўляюцца кампэтэнцыяй дырэктараў школ, райана. Нешта там у нас ня дужа ладзіцца".

А вось рагачоўскія настаўнікі своеасабліва вырашылі праблему заробкаў. Калектыў мясцовай школы №2 даслаў 18 траўня тэлеграму "Ўсебеларускаму народнаму сходу", дзе было выказана абурэньне гэным шыкоўным мерапрыемствам. Доўг настаўнікам гэтага раёну на той дзень складаў амаль 150 мільёнаў рублёў, і яны прыгразілі "сходу", што пачнуць страйк. Сталічнае начальства адрэагавала на тэлеграму і выплаціла доўг. Аднак, як лічыць намесьнік загадчыка Рагачоўскага аддзелу адукацыі Валеры Якаўцаў, гэта вырашыла праблему толькі часова:

(Якаўцаў: ) "Справа ў іншым. Зараз зусім жабрацкія ўмовы працы ў пэдагогаў. Хіба гэта заробкі?! Асабліва ў выхавацеляў дашкольных установаў — што яны атрымліваюць, 40 тысяч. А калі ёсьць дзеці — хіба ж можна пражыць. Людзі вельмі незадаволеныя такім стаўленьнем да фінансаваньня галіны адукацыі".

Наперадзе летнія адпачынкі настаўнікаў і, паводле словаў спадара Якаўцава, невядома, адкуль узяць грошы на іх.
XS
SM
MD
LG