Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ЛЕДЗЬ НЯ ВЫКЛІКАЎ СКАНДАЛ НА САМІЦЕ Ў ЕРЭВАНЕ


Юры Сьвірко, Ерэван

Прэсавая канфэрэнцыя пасьля ерэванскага саміту пачалася вельмі незвычайна: стомленыя шматгадзінным чаканьнем журналісты пабачылі, як у залю разам увайшлі 5 прэзыдэнтаў – Армэніі, Расеі, Казахстану, Кыргыстану і Таджыкістану, занялі свае месцы ды пачалі чакаць Аляксандра Лукашэнку. Крэсла з правага флангу прэзыдэнцкага стала заставалася пустым каля дзьвюх хвілінаў. Прысутныя прэзыдэнты сядзелі й маўчалі, а журналісты пачалі ціха пытаць адзін аднаго: “Дзе Лукашэнка?” Нарэшце той зьявіўся, і прэсавая канфэрэнцыя пачалася. Скончылася яна яшчэ больш незвычайна. Калі ўсе дазволеныя пытаньні скончыліся, а іх было 6 – адно ад кожнай краіны-ўдзельніцы саміту, – нейкая заходняя журналістка папрасіла расейскага прэзыдэнта адказаць на пытаньне, ці сапраўды ён гатовы прадаваць дадатковыя алмазы, каб дапамагаць пацярпелым ад паводкі ў Якуціі. Уладзімер Пуцін пачаў адказваць на гэтае пытаньне, і адказаў станоўча, але перад ягоным носам, перакрываючы карцінку дзясяткам тэлекамэраў, пайшоў да выхаду Аляксандар Лукашэнка…

Мажліва, гэтыя падзеі стануць ці не галоўным вынікам саміту, бо, паводле зьвестак з расейскае дэлегацыі, спадар Пуцін быў вельмі зьдзіўлены і пакрыўджаны такімі паводзінамі свайго беларускага саюзьніка. Цікава што за суткі знаходжаньня ў Ерэване ўдзельнікаў саміту да сеньняшяй агульнай прэсавай канфэрэнцыі так і не адбылася двухбаковая сустрэча Пуціна з Лукашэнкам, хаця апошні вельмі яе хацеў. А вось з гаспадаром форуму Робэртам Качаранам спадар Пуцін размаўляў ажно паўтары гадзіны, удвая больш заплянаванага. Таму ерэванскія журналісты кажуць, што Аляксандар Лукашэнка, мажліва, пакрыўдзіўся на прэзыдэнта Пуціна і прылюдна двойчы прадэманстраваў яму сваю крыўду. Дзеля аб’ектыўнасьці варта дадаць, што разам з Лукашэнкам яшчэ да канца прэсавай канфэрэнцыі сышоў прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў.

Што да зьместу гэтай канфэрэнцыі, дык першае пытаньне было зададзенае армянскім журналістам, які спытаўся ва Ўладзімера Пуціна пра Менскую групу АБСЭ у справе Нагорнага Карабаху, візыт прадстаўнікоў якое ў Ерэван скончыўся незадоўга да саміту.
Вось што заявіў спадар Пуцін:

(Пуцін: ) “Нашыя пасярэдніцкія намаганьні апошнім часам вельмі актывізаваліся. Мы маем пастаянныя кантакты і з кіраўніцтвам Армэніі, і з кіраўніцтвам Азэрбайджану, і магу сьцьвярджаць, што менавіта гэта зрабіла мажлівымі іхныя сустрэчы і ў ЗША, і ў Эўропе. Апрача таго, што мы былі й застаемся сябрам Менскае групы, і ў межах узгодненых дзеяньняў зьбіраемся каардынаваць свае намаганьні з усімі бакамі гэтага канфлікту, – мы зыходзім з таго, што мы маем асаблівыя дачыненьні і з Азэрбайджанам, і з Армэніяй, і мы гатовыя выкарыстоўваць гэтыя асаблівыя стасункі на карысьць усім дзяржавам рэгіену”.

Заявіў у Ерэване Ўладзімер Пуцін.

Афіцыйна ж галоўнаю тэмай саміту была Цэнтральная Азія. Шасьцёра прэзыдэнтаў вырашылі стварыць для гэтага рэгіену Калектыўныя сілы хуткага разгортваньня, штаб якіх будзе базавацца ў сталіцы Кыргыстану горадзе Бішкеку. Паводле спадара Пуціна, другім крокам павінна стаць стварэньне аб’яднанае вайсковае групоўкі. На думку расейскага прэзыдэнта, рух да гэтага мусіць быць паступовым і мусіць быць выкліканы аб’ектыўнай сытуацыяй.

Карэспандэнтка газэты “Советская Белоруссия” задала Аляксандру Лукашэнку пытаньне пра ўдзел Беларусі ў гэтых цэнтральнаазіяцкіх калектыўных сілах хуткага разгортваньня.

(Лукашэнка: ) “Удзел Беларусі ў такіх рэгіянальных сыстэмах самы непасрэдны. Мы сфармавалі апошнім часам у межах Дамовы пра калетктыўную бясьпеку тры рэгіянальныя групоўкі. Як вы ведаеце, адна зь іх – беларуска-расейская (дазволю сабе нават сказаць, напэўна, наймагутнейшая групоўка, групоўка, сыстэмы кіраваньня якой ужо наладжаныя, праведзеныя першыя вучэньні) – яна сфармаваная ў заходнім напрамку, асновай яе ёсьць Рэспубліка Беларусь”.

Аляксандар Лукашэнка дадаў, што ёсьць другая групоўка – расейска-армянская на паўднёвым напрамку. Што да створанай сёньня трэцяй азіяцкай групоўкі, дык ён падкрэсьліў:

(Лукашэнка: ) “Там Беларусь не бярэ удзел. Тое самае з армяна-расейскай групоўкі – мы ня ўдзельнічаем – у сілу, як вы сказалі, асаблівасьцяў нашага заканадаўства. Дый у сілу таго будаўніцтва, якое мы сёньня ажыцьцяўляем у межах дамовы пра калектыўную бясьпеку, ад Беларусі ніхто й не патрабуе гэтага. Мы, як гэта ўжо неаднойчы казалі, забясьпечваем бясьпеку ўдзельнікаў дамовы пра калектыўную бясьпеку ўсімі сіламі й сродкамі на заходнім напрамку разам з Расейскай Фэдэрацыяй. У іншых рэгіёнах мы будзем аказаваць, як цяпер Таджыкістану, гуманітарную дапамогу, вайсковую, вайскова-тэхнічную – у залежнасьці ад таго, якія рашэньні будуць прынятыя ў межах Дамовы пра калектыўную бясьпеку. Без накіроўваньня туды нашых салдат”.
Зазначыў Аляксандар Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі пасьля ерэванскага саміту калектыўнае бясьпекі.

Пасьля саміту ўсе прэзыдэнты зьехалі зь Ерэвану. Застаўся толькі Аляксандар Лукашэнка, які ў суботу й нядзелю ладзіць свой афіцыйны візыт у Арменію. Заўтра спадар Лукашэнка стане пачэсным грамадзянінам гораду Ерэвану. А зараз, калі вы слухаеце гэты рэпартаж, ён вячэрае ў кампаніі з Уралам Латыпавым, Міхаілам Хвастовым ды іншымі афіцыйнымі асобамі на беразе возера Сэван.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG