Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ ПІНШЧЫНЫ АБКЛАДАЮЦЬ ЖЫХАРОЎ УСЁ НОВЫМІ ПАБОРАМІ


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Зусім нядаўна пінчукам давялося зьбіраць грошы на суботнік. Цяпер супрацоўнікаў гарадзкіх установаў прымушаюць купляць лятарэйныя білеты "Берасьце" цаной 1 500 рублёў. Гэтую лятарэю выпусьціў Берасьцейскі аблвыканкам, і мала хто купляў яе дабраахвотна. Таму ўлады пачалі прымусовы продаж білетаў.

Ужо распачалася прымусовая кампанія дапамогі сельскай гаспадарцы. Калі раней гараджанаў прымушалі ехаць на вёску нарыхтоўваць кармы, дык цяпер парэкамэндавалі проста браць зь людзей грошы.

Даволі працяглы час на Піншчыне і ў суседніх раёнах зьбіраюць сродкі на помнік партызанам Палесься, які мусіць быць усталяваны 28 чэрвеня — на 60-я ўгодкі першага бою партызанаў зь нямецкімі войскамі каля Пінску.

Аднак празь недахоп грошай будаўніцтва пастамэнту ды адліў бронзавага помніку замарудзіліся. Каб прысьпешыць справу, улады пачалі ўсяляк выбіваць грошы з прадпрыемстваў, прадпрымальнікаў ды з прыватных асобаў. Грошы зьбіралі нават у школьнікаў ды навучэнцаў вучэльняў.

Днямі жыхары вёсак Пінскага раёну, якія здаюць малако дзяржаве, атрымалі грошы за малако, зь якіх ужо вылічылі па 100 рублёў за помнік. Адметна, што сялянаў нават не папярэдзілі й не патлумачылі, на што пойдуць іхныя грошы.

Як нам стала вядома, Загародзкаму сельсавету Пінскага раёну загадалі здаць на помнік 40 тысячаў рублёў, але ўдалося назьбіраць толькі 15 тысяч. Дарэчы, 40 тысячаў рублёў з усяго сельсавету — гэта менш за тыя грошы, што выдзяліў бюджэт на падарункі аднаму тутэйшаму дэлегату "Ўсебеларускага сходу".
XS
SM
MD
LG