Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА БЕЛАРУСКА-ЛІТОЎСКАЙ МЯЖЫ НЯ БУДЗЕ КАЛЮЧАГА ДРОТУ


Ганна Соусь, Менск

Усяго беларускія памежнікі ахоўваюць 2 250 кілямэтраў мяжы. Больш за 1 000 кілямэтраў беларуска-расейскай мяжы ніхто не ахоўвае — а менавіта празь яе у Беларусь трапляе асноўная плыня нелегальных мігрантаў і наркотыкаў. Гаворыць Аляксандар Паўлоўскі:

(Паўлоўскі: ) "Было затрымана 2 500 парушальнікаў мяжы, зь іх 2 000 — нелегальныя эмігранты. Але ж нелегальная эміграцыя — гэта праблема для Эўропы. У Беларусі такой праблемы няма".

Я запыталася ў Аляксандра Паўлоўскага, ці доўгія цяпер чэргі на беларуска-польскай мяжы і ці не павялічацца яны ў сэзон адпачынкаў. Генэрал Паўлоўскі зазначыў, што на заходніх межах цяпер няма чэргаў па 10-12 кілямэтраў, як калісьці, звычайна яны не даўжэй за 300-500 мэтраў.

(Паўлоўскі: ) "Сёньня беларуска-польскую мяжу ахоўвае 30 памежных заставаў і 2 памежныя атрады. З польскага боку ў 2 разы меней — 15.

Мы папрасілі, каб на працягу некалькіх месяцаў польскія памежныя ды мытныя службы павялічылі ўдвая колькасьць зьменаў. Мы гатовыя аформіць ды прапусьціць людзей на тэрыторыю Польшчы. А калі вы бачыце чаргу на беларускай тэрыторыі, то гэта не спрацоўвае польскі бок".

Аляксандар Паўлоўскі паведаміў таксама, што, паводле папярэдніх зьвестак, візавы рэжым паміж Польшчай і Беларусьсю сёлета ня будзе ўведзены.

Беларусь атрымае дапамогу з боку Эўразьвязу па праграме TAСIS для будаўніцтва прапускных пунктаў ды завяршэньня дэмаркацыі беларуска-літоўскай мяжы. Гаворыць Аляксандар Паўлоўскі:

(Паўлоўскі: ) "Актыўна ідуць работы на літоўскім участку мяжы. Пакуль толькі за бюджэтныя, беларускія грошы. Завершаная дэлімітацыя пятай часткі мяжы. Калі мы атрымаем грошы ад TAСIS (а гэта павінна адбыцца ўвосень) — 1 мільён 333 тысячы эўра, то за два гады выканаем 80% работ у справе дэмаркацыі гэтага ўчастку мяжы".

Аляксандар Паўлоўскі таксама запэўніў, што беларуска-літоўская мяжа будзе выглядаць цывілізавана і на ёй ня будзе калючага дроту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG