Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКІЯ МЕЖЫ СВАБОДЫ СЛОВА Ў ЭЎРОПЕ?


Сяргей Навумчык, Прага

Амэрыканскі закон не дазваляе журналістам парушаць законы падчас пошуку інфармацыі, але калі інфармацыя была перададзенаЯ трэцяй асобай – грамадзства мае права даведацца пра яе.

Сёньня супрацоўнік нашага Радыё Джэрэмі Бранстэн абмеркаваў гэты спэцыфічны аспэкт свабоды слова зь некаторымі экспэртамі, якія абараняюць правы журналістаў. Тобі Мэндэл, экспэрт лёнданскай арганізацыі “Артыкул 19”, прыгадаў выпадак дванаццацігадовай даўніны. У 1989 годзе у адным з францускіх штотыднёвікаў быў зьмешчаны артыкул, прысьвечаны кіраўніку аўтамабільнай кампаніі “Pegeot”. Тобі Мэндэл прыгадвае дэталі той гісторыі.

(Тобі Мэндэл:) “Газэта надрукавала падаткавыя дэклярацыі, зь якіх вынікала, што гэты кіраўнік атрымаў вялізную падвышку заробку ў той час, калі ў кампаніі было скарачэньне. Гэта было істотнай палітычнай праблемай у Францыі. Высьветлілася, што атрыманьне копіяў падатковых дакумэнтаў было незаконным – гэта былі канфідэнцыйныя дакумэнты, яны не павінны былі публікавацца. І ў Францыі газэта была асуджаная за публікацыю. Але потым пайшла апэляцыя ў Эўрапейскі Суд у справе правоў чалавека, і ужо ў 1996 годзе суд прызнаў, што інфармацыя мела вялікую грамадзскую цікавасьць, і паколькі газэта сама не парушыла закон пры здабычы інфармацыі – ва ўсялякім разе, ніякіх доказаў гэтага не было – газэта паступіла паводле закону, апублікаваўшы інфармацыю”.

Да словаў супрацоўніка праваабарончай арганізацыі “Артыкул 19” Тобі Мэндэля дадамо, што ў некаторых эўрапейскіх краінах суды, часам, караюць журналістаў, якія публікуюць канфідэнцыйную інфармацыю – асабліва калі яна шкодзіць дзяржаўным інтарэсам. І ўсё ж агульная тэндэнцыя – на карысьць свабоды слова. Вось што гаворыць Супрацоўнік арганізацыі “Рэпартэры бязь межаў” Жан-Крыстоф Манэ:

(Манэ: ) “Паколькі ў дэмакратычным грамадзтве чалавек мае права быць інфармаваны, журналісты павінныя яго забясьпечваць. У Эўропе суды і судзьдзі маюць схільнасьць меркаваць, што нават калі гэтае права на атрыманьне інфармацыі і знаходзіцца ў супярэчнасьці з іншымі законнымі інтарэсамі, – яно зьяўляецца базавым і павінна быць абаронена”.

Супрацоўнік арганізацыі “Рэпартэры бязь межаў” Жан Крыстоф Манэ нагадвае пры гэтым, што як і астатнія грамадзяне, журналісты павінныя паважаць закон – але яны не зьяўляюцца агентамі дзяржаўнага апарату і вольныя самастойна вызначаць, у якой ступені і ў якім стылі падаваць тую ці іншую інфармацыю.

Адначасна журналіст павінен мець магчымасьць абараніць свае крыніцы інфармацыі. Іншымі словамі, у дэмакратычных краінах прынята, што рэпартэр не абавязаны раскрываць сваіх інфарматараў. Гэтае права вельмі істотнае, паколькі, да прыкладу, дазваляе выкрываць факты карупцыі. Калі б, адзначае Жан-Крыстоф Манэ, журналіст быў вымушаны тлумачыць шлях, якім ён знайшоў тыя ці іншыя зьвесткі – ні пра якія б журналісцкія расьсьледаваньне не было б і гаворкі.

Пры гэтым экспэрты адзначаюць, што практыка у шэрагу краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы не адпавядае стандартам свабоды слова. Да прыкладу, у Румыніі і ва Ўкраіне суды часта задавальняюць пазовы чыноўнікаў да журналістаў, і нэгатыўная інфармацыя кваліфікуецца як паклёп.

У большасьці ж краінаў Эўропы, асабліва Эўразьвязу, правы журналістаў ўсё часьцей і часьцей інтэрпрэтуюцца як неабходная гарантыя дэмакратыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG