Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БАРЫСАВЕ ЗВАЛЬНЯЮЦЬ З ПРАЦЫ АКТЫЎНУЮ АПАЗЫЦЫЯНЭРКУ АЛЕСЮ ЯСЮК


Алесь Мікалайчанка, Менская вобласьць

Сёньня ў людных месцах Барысава распаўсюдзілі ўлётку, якая паведамляе, што ўчора дырэктар грузавога аўтапарку №1 спадар Новак паведаміў Алесі Ясюк пра скарачэньне ейнай пасады і пра тое, што яна тут працуе да 19 ліпеня.

Аўтары ўлёткі лічаць, што спадарыню Ясюк звольнілі з палітычных прычынаў. Вось што паведаміла пра сваё звальненьне Радыё Свабода сама Алеся Ясюк:

(Ясюк: ) "Сказалі: даволі гэтых налепак, даволі гэтых сьцягоў, даволі гэтых пікетаў ды ўсяго іншага. Сказана так было ўсім супрацоўнікам, дырэктар так гаворыць".

Перасьлед з боку адміністратараў церпяць актывісты палітычных партыяў і ў іншых рэгіёнах Менскай вобласьці. Так, гэтымі днямі Слуцкаму райкаму прафсаюзаў, Фэдэрацыі прафсаюзаў, прафсаюзу работнікаў адукацыі ўдалося прымусіць раённы аддзел адукацыі скасаваць вымову.

Функцыянэры ў красавіку далі вымову выкладчыцы гісторыі Вежаўскай школы Зінаідзе Цімошык пасьля неаднаразовых праверак ейных урокаў. Як паведамліа сама спадарыня Цімошык, яна лідэрка Слуцкай суполкі АГП, і адміністрацыя раённага аддзелу адукацыі ўвесь час вінаваціць яе ў празьмерным захапленьні палітыкай.

Паводле інфармацыі віцэ-старшыні Незалежнага прафсаюзу Міколы Дзялендзіка, зараз Салігорскі райвыканкам дужа незадаволены працай тамтэйшага аўтобуснага парку. Там літараральна разваленая сыстэма пасажырскай абслугі гараджанаў. Як лічыць прафсаюзны дзяяч, гэта ёсьць вынікам 4-гадовага цкаваньня сяброў Незалежнага прафсаюзу дырэктарам Віктарам Алешкам. Ён вымусіў звольніцца больш за 200 клясных кіроўцаў, сьлесараў, мэханікаў, якія былі членамі "не таго" прафсаюзу.
XS
SM
MD
LG