Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЯБЕДЗЬКУ НЕ ДАЗВОЛІЛІ СУДЗІЦЦА З ЛУКАШЭНКАМ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Калегія грамадзянскіх справаў Менскага гарадзкога суду сёньня разглядала скаргу Анатоля Лябедзькі, які дамагаўся разгляду ягонага пазову на Аляксандра Лукашэнкі.

Сёлета 27 студзеня Беларускае тэлебачаньне паказала інтэрвію Лукашэнкі, у якім, на думку лідэра АГП, былі абражаныя ягоныя гонар і годнасьць.

Аляксандар Лукашэнка заявіў: "Вы ведаеце, што сёньня ў нас затрыманы, даў паказаньні, прызнаўся ў шпіянажы адзін з грамадзянаў заходніх дзяржаваў. А гэты ж шпіён быў завязаны на адным з заходніх фондаў, працаваў ад гэтага фонду, тут шпіёніў, дзе нашыя дамарослыя лябедзькі ды іншыя праходзілі навучаньне некалькі месяцаў ці некалькі тыдняў, уся апазыцыя прайшла навучаньне".

Месяц таму Анатоль Лябедзька падаў пазоў на Аляксандра Лукашэнку ў суд Цэнтральнага раёну — ён запатрабаваў прызнаць словы Лукашэнкі хлусьнёй ды спагнаць зь яго 5 тысячаў даляраў як матэрыяльную кампэнсацыю. (Гэтыя грошы Анатоль Лябедзька зьбіраўся перадаць адной зь дзіцячых мэдычных установаў).

Аднак раённы суд адмовіўся разглядаць пазоў, бо, маўляў, выказваньне Лукашэнкі тычылася ня толькі асобы Лябедзькі. І тады лідэр АГП падаў скаргу ў суд вышэйшай інстанцыі. Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Я імкнуся яшчэ раз даказаць, што Аляксандар Рыгоравіч выкарыстоўвае тыя прэфэрэнцыі, якія ён мае як правіцель краіны, дзеля таго каб распаўсюджваць хлусьню, і даказаць, што ён несумленны чалавек.

І я думаю, што калі нават суд ня прыме гэтай справы да разгляду, гэта таксама будзе маленькая перамога. Таму што ён адмаўляецца прыходзіць у суд і прыводзіць нейкія доказы. Ну і самае галоўнае — гэта будзе яшчэ адным доказам таго, што ў нас суды кантралююцца".

Лідэр АГП сёньня адразу ж заявіў пра недавер складу суду, бо некалькі месяцаў таму гэтыя самыя судзьдзі адмовіліся разглядаць іншы пазоў Лябедзькі супраць Лукашэнкі. (Тады лідэр Грамадзянскай партыі патрабаваў прызнаць хлусьнёй словы Лукашэнкі пра тое, што Лябедзька нібыта атрымаў ад заходніх дыпляматаў 1 600 даляраў).

Хадайніцтва Анатоля Лябедзькі суд сёньня адхіліў, адмовіўшы яму ў разглядзе пазову.

Апазыцыйны лідэр так пракамэнтаваў гэтае рашэньне судовай калегіі:

(Лябедзька: ) "Калі Лукашэнка забараняе судам нават разглядаць пазовы на сябе, гэта сьведчыць пра тое, што ён проста чалавек, які хлусіць. Я яго ў гэтым абвінавачваю. Я лічу, што якраз сёньня ўсё адно наша маленькая перамога".

На думку лідэра АГП, Аляксандру Лукашэнку ўсё роўна прыйдзецца адказваць за свае словы — калі не цяпер, дык у будучыні.
XS
SM
MD
LG