Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПАПКОЎ ДАСТАЎ ПАПЯРЭДЖАНЬНЕ


Любоў Лунёва, Менск

Судзьдзя Цэнтральнага суду Менску Натальля Вайцяховіч, якая разглядала справу спадара Папкова, абмежавалася найменшым пакараньнем — папярэджаньнем.

Намесьнік старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ лічыць, што судзьдзя не пакарала яго больш жорстка з тае прычыны, што паказаньні сьведкаў з боку міліцыі супярэчаць нормам Працэсуальнага кодэксу. Гаворыць Сяргей Папкоў:

(Папкоў: ) "Фактычна сьведкі пацьвердзілі, што справу пачалі на загад начальства. Гэта спроба запалохваньня і шантажу за тое, што я быў заяўнікам на 18 траўня. Проста гэтым міліцыянтам паказалі маю фотакартку, і яны, ня ведаючы мяне, напісалі рапарт. Судзьдзя не магла даць іншага пакараньня як папярэджаньне. Я лічу, што ўлады папросту выкарыстоўваюць прэсінг на партыю, каб партыя ня ўдзельнічала актыўна ў выбарах".

Падпалкоўнік Гірэль загадаў міліцыянтам скласьці пратакол на Сяргея Папкова толькі 15 траўня, верагодна, разьлічваючы такім чынам не дапусьціць пікету на Кастрычніцкай плошчы 18 траўня. Ніякіх прэтэнзіяў да спадара Папкова за не дазволеную ўладамі акцыю 18 траўня міліцыянты пакуль ня маюць.

Тымчасам некалькі шараговых сябраў партыі чакаюць суду за ўдзел у пікеце на Кастрычніцкай плошчы. Сярод іх дацэнт Політэхнічнай акадэміі Мікола Анцыповіч, якому пры затрыманьні пакалечылі нагу. Ён павінен зьявіцца ў суд 30 траўня. А Ўладзімеру Юху, які ляжыць у шпіталі зь пераломамі рэбраў і рукі, дата судовага паседжаньня яшчэ не прызначаная.
XS
SM
MD
LG