Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТРАЙК РАБОТНІКАЎ ВЕРХНЯДЗЬВІНСКАГА ЗАВОДУ СТАЛЯРНЫХ ВЫРАБАЎ


Агляд падрыхтаваны рэдакцыяй газэты.

21 траўня рабочыя сталярнага цэху Верхнядзьвінскага заводу сталярных вырабаў адмовіліся прыступіць да працы з-за таго, што адміністрацыя прадпрыемства не адрэагавала ў поўнай меры на іх калектыўныя патрабаваньні, а яны такія: павялічыць штомесячны заробак (зараз ён складае 25 тысяч рублёў), своечасова яго выплочваць, забясьпечыць рабочых спэцвопраткай, пачаць абнаўленьне абсталяваньня, загрузіць рабочых працай (зараз яны працуюць тры дні на тыдзень). На працягу дня да сталярнага цэху далучылася значная частка рабочых. Трэба адзначыць, што пратэст работнікаў меў рацыю: заробак за красавік ужо выплачаны.

Штотыднёвік “Рабочы” пры дапамозе вядомага незалежнага эканаміста Леаніда Злотнікава камэнтуе Праграму сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусь на 2001-2005 гады, якую ўхваліў “Нацыянальны сход”. Вынікі несуцяшальныя: усё застанецца, як і раней. Сёньня Беларусь па ступені эканамічнай свабоды знаходзіцца на 129 месцы з 150 краін. Яшчэ крыху – і Беларусь пападзе ў лік краін з рэпрэсіўнай эканомікай. А што тычыцца абяцаных 250 даляраў штомесячнага заробку праз чатыры гады, то, зыходзячы з прынятай Праграмы, гэта будуць невялікія грошы: на 250 даляраў можна будзе купіць тавару ўсяго толькі ў паўтары разы больш, чым сёньня на 130 даляраў.

Чытач, асабліва той, хто мае аўтамабіль ці марыць яго набыць, з цікавасьцю прачытае тэматычную старонку штотыднёвіка “Рабочы”, якая называецца “Кашалёк”. Тут зьмешчаны артыкул пад назвай “Жанчына павінна быць бляндынка, а аўтамабіль – нямецкім”. Карэспандэнтка “Рабочага” пабывала на знакамітым сталічным аўтарынку ў Малінаўцы і распавядае пра кошт машын, пра прадаўцоў і перакупшчыкаў. Вось думка аднаго з герояў артыкула: “Патрыманы аўтамабіль, так званая іншамарка, вырабленая ў 80-х гадах, сёньня нікому не патрэбны. Насельніцтва Беларусі расслаілася яшчэ больш. Багатыя, хоць у нас іх і няшмат, сталі яшчэ багацей, ім “барахло” і задарма не патрэбнае. А бедныя ня могуць набыць і “барахло”. На рынку купляюць аўтамабілі ў асноўным госьці з Расеі”. Пачытайце гэты матэрыял.

“Барацьба багоў і тытанаў” – вось яшчэ адзін цікавы артыкул газэты “Рабочы”. Гаворка пра двух галоўных энэргетычных “спрутаў” – вугальны, нафтавы і газавы комплекс з аднаго боку і ядзерную энэргетыку з другога. Хто каго? На гэтую тэму разважае палітоляг Юры Шаўцоў. Ён лічыць, што Беларусь – ня проста мост паміж Расей і Эўропай. У Беларусі ёсьць выдатная магчымасьць інтэгравацца ў адзіную энэргасыстэму Расеі і Эўрапейскага Зьвязу, якая ствараецца зараз, інтэгравацца як найважнейшы элемэнт – краіна-пасярэднік, краіна-транзыт. Трэба ведаць выгоды свайго геаграфічнага становішча і выкарыстоўваць іх.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG