Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ГАРАДЗКОЙ ПРАФСАЮЗНАЙ КАНФЭРЭНЦЫІ Ў МЕНСКУ ПЕРАМОГ ПРАДСТАЎНІК ФПБ


Міхал Стэльмак, Менск

За Мікалая Беланоўскага на прафсаюзным форуме прагаласавала 195 дэлегатаў. Ягонага суперніка Чэслава Федаровіча падтрымала ўтрая менш удзельнікаў. Камэнтуючы нашаму радыё вынікі сёньняшняга мерапрыемства, новаабраны лідэр менскіх прафсаюзаў зазначыў:

(Беланоўскі: ) "У Менску жыве пятая частка насельніцтва Беларусі. Усе больш-менш значныя падзеі звычайна адбываюцца ў сталіцы: і выступы рабочых, і мітынгі. У Менску знаходзяцца найбольш буйныя прадпрыемствы. Тут шмат праблемаў, надалей будзе яшчэ больш, і тут прафсаюзы могуць сказаць сваё слова. Я маю на ўвазе ня толькі канфлікты з кім-небудзь.

Што тычыцца ўплыву на палітычныя працэсы гарадзкога прафсаюзнага аб’яднаньня, то аб'яднаньне тлумачыць працэсы, а людзі самі мусяць рабіць высновы: якому палітыку аддаць свой голас".

Сёньняшняя ўстаноўчая канфэрэнцыя па стварэньні гарадзкога прафсаюзнага аб’яднаньня зьвярнула на сябе ўвагу ня толькі прафсаюзных колаў, а і ўладаў. Чаму? Вось што мяркуе на гэты конт дэлегат прафсаюзнага форуму, старшыня Менскага абласнога прафсаюзу працаўнікоў хімічнай, нафтавай ды горнай прамысловасьці Кузьма Кашэўскі:

(Кашэўскі: ) "Не сакрэт, што найбольш сьвядомыя выбарнікі знаходзяцца ў сталіцы. Таму вайна за сталіцу — гэта вайна за заўтрашніх выбарнікаў.

Таму мае месца сур’ёзны ціск адміністрацыяў, каб быў свой чалавек, якому будзе даваць тэзысы, прыкладам, спадар Посахаў. Што казаць, куды зьбіраць актыў, аб чым зь ім гаварыць. Усё гэта прадыктавана будучымі прэзыдэнцкімі выбарамі".

Сапраўды, на прафсаюзнай канфэрэнцыі ня толькі прысутнічалі, але й выступалі прадстаўнікі сталічных уладаў. А напярэдадні прафсаюзнага форуму яны разгарнулі кампанію ціску на дэлегатаў, заклікаючы галасаваць за іхнага кандыдата на пасаду лідэра сталічнага прафаб’яднаньня — Чэслава Федаровіча.

Спадар Федаровіч, камэнтуючы нашаму радыё гэтую ініцыятыву Менгарвыканкаму, паведаміў, што ён выступае за цеснае партнэрства зь дзяржаўнымі органамі.

Аднак не дапамог Чэславу Федаровічу і выступ на канфэрэнцыі намесьніка старшыні Менгарвыканкаму Міхаіла Пятрушына, які заклікаў да паразуменьня з уладамі. Дэлегатаў больш прывабіла іншая пазыцыя — Мікалая Беланоўскага, кандыдатуру якога прапанаваў ад імя Фэдэрацыі прафсаюзаў Уладзімер Ганчарык.
XS
SM
MD
LG