Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕРАСЬЦІ – СУСТРЭЧА КІРАЎНІКОЎ ПАМЕЖНЫХ СЛУЖБАЎ БЕЛАРУСІ І ПОЛЬШЧЫ


Алег Супрунюк, Берасьце

Адметнасьць сёньняшняй сустрэчы Аляксандра Паўлоўскага i ягонага польскага калегi Марэка Бянькоўскага палягае ў тым, што яна адбываецца ўпершыню з моманту далучэньня Польшчы да блёку НАТО. Да таго ж прыезд галоўнага камэнданта Стражы гранiчнай — адзiн з рэдкiх візытаў польскiх урадавых чыноўнiкаў на Беларусь, што таксама сьведчыць пра цяперашнi ўзровень дачыненьняў дзьвюх дзяржаваў.

Беларускi бок зьвязвае з гэтым візытам вельмi вялiкiя спадзяваньнi. Старшыня Дзяржкамiтэту памежных войскаў Аляксандар Паўлоўскi мяркуе, што будуць узгодненыя дзеяньнi ягоных падначаленых з польскiмi памежнiкамi. У прыватнасьцi, гэта тычыцца працы пунктаў памежнага i мытнага кантролю, што дазволiць скарацiць чэргi на мяжы.

Спадар Паўлоўскi таксама спадзяецца, што польскi бок мусiць пагадзiцца на правядзеньне сумесных апэрацыяў на мяжы па барацьбе зь нелегальнай мiграцыяй ды кантрабандай наркотыкаў. Такiя апэрацыi беларускiя памежнiкi ўжо ладзяць сумесна са сваiмi калегамi зь Лiтвы ды Латвii. Але Польшча пакуль ажыцьцяўляе падобныя мерапрыемствы самастойна цi з дапамогай краiнаў Эўразьвязу. Таму спадар Паўлоўскi напярэдаднi сустрэчы з кiраўнiком памежнай службы Польшчы зрабiў шчырае прызнаньне:

(Паўлоўскі: ) "Вы самi разумееце, што ня мы i не яны ня бачым адзiн у адным нейкiх працiўнiкаў. Наадварот, мы спрабуем так арганiзаваць cваю працу, каб забясьпечыць самае галоўнае — эканамiчныя ўзаемаадносiны памiж нашымi дзяржавамi. I другое, гэта сумесная барацьба супраць сапраўдных працiўнiкаў — арганiзатараў нелегальнай мiграцыi, наркаманii, крымiнальных структураў, якiя, на жаль, вельмi часта тут бываюць".

Верагодна, абмеркаваньне праблемы нелегальнай мiграцыi празь беларуска-польскую мяжу сапраўды зойме значнае месца падчас гэтай сустрэчы. Колькасьць грамадзянаў краiнаў СНД, азiяцкiх ды афрыканскiх дзяржаваў, якiя спрабуюць любым чынам трапiць на Захад, з кожным годам павялiчваецца. Сёлета ўжо 37 чалавек, былi затрыманыя толькi на берасьцейскiм участку пры спробе нелегальна перайсьці беларуска-польскую мяжу.

Тымчасам польскi бок прапануе iншы падыход да гэтай праблемы. Летась гэтая краiна ўвяла вiзавы рэжым для грамадзянаў некаторых краiнаў СНД, а да канца гэтага году плянуе аналягiчныя захады да грамадзянаў Расеi, Беларусi i Ўкраiны. Таму хваля нелегальнай мiграцыi неўзабаве можа яшчэ больш захлынуць Беларусь.
XS
SM
MD
LG