Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТБМ ПРЫНЯЛО ЗВАРОТ ДА БЕЛАРУСКІХ ПІСЬМЕНЬНІКАЎ


Валянціна Аксак, Менск

"Было так, што на адным з этапаў нашай гісторыі мы мелі самую вялікую ў Эўропе дзяржаву, самае моцнае войска, самую перадавую канстытуцыю-статут, самую разьвітую мову, што ўжывалася паловаю сьвету для стасункаў паміж сабой, але мы ня мелі прыгожага пісьменства, не стварылі мастацкае літаратуры. І страцілі дзяржаву, войска, канстытуцыю, страцілі пісьменства наогул, страцілі ўсе здабыткі культуры і нават само імя", — сьцьвярджаюць аўтары "Слова да беларускіх пісьменьнікаў", маючы, відаць, на ўвазе гістарычныя падзеі 500-гадовае даўніны.

Бо па высновах сучасных дасьледнікаў, менавіта XVI стагодзьдзе было "залатым векам" беларускае гісторыі, які, аднак не задоўжыўся з тае прычыны, лічаць аўтары "Слова", што родная мова нашых продкаў ня стала тады літаратурнай.

На карысьць свайго цьверджаньня яны прыводзяць прыклад зь іншага гістарычнага этапу, які прыпаў на другую палову ХІХ —пачатак ХХ стагодзьдзяў, калі, як сказана ў звароце, "мы ня мелі дзяржавы, войска, грошай, пісьменства, імя. Ня мелі права людзьмі звацца. Але мы стварылі "Пінскую шляхту", "Дудку беларускую" ды "Паўлінку". Мы стварылі прыгожае слова і ўсьлед адрадзілася і пісьменства, і народ, і дзяржава". Тэбээмаўцы ў "Слове да беларускіх пісьменькаў" заклікаюць да "мужнасьці, стойкасьці і адказнасьці за ўсю Беларусь".

Чым выкліканы зварот да стваральнікаў айчыннага прыгожага пісьменства напярэдадні іхнага зьезду?

У сакратарыяце ТБМ мне назвалі некалькі прычынаў. Гэты зварот — маральная і духоўная падтрымка беларускіх творцаў у час, калі з аднаго боку лібэральныя дэмакраты ігнаруюць сам факт існаваньня беларускае літаратуры, запрашаючы на свае партыйныя імпрэзы пісьменьнікаў з Расеі (прыклад — леташняя юбілейная імпрэза АГП), а з другога боку — з экрану БТ гучаць пастаянныя выпады на адрас лепшых пісьменьнікаў.

Беднае, амаль жабрацкае існаваньне бальшыні творцаў, якія ня маюць мажлівасьці друкавацца і жыць зь літаратурнае працы таксама вымагае маральнае падтрымкі. Бо творчасьць па-беларуску многімі лічыцца цяпер неканкурэнтаздольнаю і ёсьць выпадкі зьмены мовы. Такіх літаратараў ТБМ называе "маргіналамі", пазбаўленымі ня толькі грамадзянскае пазыцыі, але і будучыні.

І нарэшце, зварот Таварыства беларускай мовы — маральная падтрымка тых пісьменьнікаў, якія ахвярна працуюць ў ТБМ, чым выклікаюць раздражненьне часткі прыўладных творцаў, якія, дарэчы, не пакідаюць спробаў раскалоць пісьменьніцкія шэрагі. І зьезд для гэтых раскольнікаў — прыдатная прылада.

Не пахіснуцца, не паддацца на абяцанкі "тлустага кавалку" наўзамен роднага слова заклікаюць тэбээмаўцы беларускіх пісьменьнікаў напярэдадні іхнага зьезду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG