Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КААЛІЦЫЯ "ПЕРАМЕНАЎ!" ПАЧЫНАЕ АГІТАЦЫЙНУЮ КАМПАНІЮ СЯРОД МОЛАДЗІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Кіраўнікі Маладога Фронту, "Маладой грамады", Задзіночаньня беларускіх студэнтаў ды іншых арганізацыяў, што ўваходзяць у кааліцыю "Пераменаў!", вырашылі правесьці цягам летніх месяцаў шэраг інфармацыйных і вулічных акцыяў дзеля таго, каб заахвоціць як мага больш моладзі прагаласаваць на прэзыдэнцкіх выбарах за дэмакратычнага кандыдата.

Гаворыць лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец:

(Севярынец: ) "Мы будзем дамагацца таго, каб усё грамадзтва і ўся моладзь пачула, што мы патрабуем пераменаў. Гэтае падспуднае патрабаваньне ўжо жыве сярод моладзі, гэта сапраўды ў нашых сэрцах, гэта трэба сказаць на ўвесь голас. "Пераменаў!" — гэты лёзунг сёньня найбольш актуальны ў беларускім грамадзтве, прынамсі сярод моладзі".

Ужо бліжэйшымі днямі сябры кааліцыі плянуюць распачаць шырокую інфармацыйна-агітацыйную кампанію сярод студэнтаў у ВНУ й у інтэрнатах. У часе сустрэчаў са студэнтамі сябры кааліцыі будуць заклікаць іх узяць актыўны ўдзел у перадвыбарчай кампаніі. Гэтая кампанія працягнецца да канца чэрвеня, пакуль студэнты не здадуць апошніх іспытаў і не разьедуцца па дамах.

У межах мабілізацыйнай кампаніі актывісты кааліцыі "Пераменаў!" таксама зьбіраюцца праводзіць шоў, канцэрты, дыскатэкі й г.д. А 3 і 27 ліпеня яны маюць намер правесьці вулічныя акцыі падтрымкі дэмакратычнага кандыдата.

У ліпені пройдзе Кангрэс беларускай моладзі. Сёньня разглядалі два варыянты правядзеньня: традыцыйны варыянт у залі і ў выглядзе моладзевага лягеру. Канчатковае рашеньне адносна даты й формы правядзеньня Кангрэсу прыме аргкамітэт, які неўзабаве зьбярэцца ў Менску.
XS
SM
MD
LG