Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНСКАЯ ГАРАДЗКАЯ ПРАФСАЮЗНАЯ КАНФЭРЭНЦЫЯ – ХТО КАГО: УЛАДЫ ЦІ ФПБ?


Міхал Стэльмак, Менск

На сёньняшнюю ўстаноўчую канфэрэнцыю сабралася каля 300 прафсаюзных дэлегатаў. Яны прадстаўляюць 600 000 сябраў прафсаюзаў, якія жывуць і працуюць у Менску. Апроч Фэдэрацыі прафсаюзаў, вельмі зацікавіліся прафсаюзным форумам сталічныя ўлады.

Гаворыць дэлегат канфэрэнцыі, старшыня Менскага абласнога прафсаюзу працаўнікоў хімічнай, нафтавай ды горнай прамысловасьці Кузьма Кашэўскі:

(Кашэўскі: ) "Маем сыгналы пра тое, што ўлады займелі сьпісы дэлегатаў і ад імя намесьнікаў раённых адміністрацыяў, праз кіраўнікоў ці іхных намесьнікаў, што займаюцца выхаваўчай работай, камісары гэтыя, проста прыходзяць ды кажуць: "Заўтра канфэрэнцыя. Запішыце прозьвішча, вы павінны за Федаровіча прагаласаваць. Гэта масавая зьява. Ужо многія мне тэлефанавалі, расказвалі пра такія размовы".

Як вынікае з тлумачэньняў дэлегатаў, галоўная інтрыга сёньняшняга форуму — змаганьне за пасаду старшыні сталічнага прафсаюзнага аб’яднаньня. Мяркуюць, што ад таго, хто стане кіраўніком новага прафаб'яднаньня, залежыць будучыня Фэдэрацыі прафсаюзаў і ейны ўплыў на палітычныя працэсы ў краіне.

Улады, паводле папярэдніх зьвестак, зьбіраюцца вылучыць на пасаду кіраўніка новай арганізацыі Чэслава Федаровіча. Фэдэрацыя прафсаюзаў мае намер прапанаваць сваю кандыдатуру — цяперашняга намесьніка старшыні гэтай арганізацыі Мікалая Беланоўскага. Зараз канфэрэнцыя працягваецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG