Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАМЕСЬНІК СТАРШЫНІ БЕРАСЬЦЕЙСКАГА АБЛВЫКАНКАМУ ПАЙШОЎ У АДСТАЎКУ І ЗРАБІЎ ШЭРАГ НЕЗВЫЧАЙНЫХ ДЛЯ ЧЫНОЎНІКА ЯГО РАНГУ ЗАЯВАЎ


Алег Супрунюк, Берасьце

Са словаў Уладзімера Сьцяпанава, ён канчаткова вырашыў пайсьці са сваёй пасады пасьля рашэньня старшыні берасьцейскага аблвыканкаму Васіля Даўгалёва пераразьмеркаваць паўнамоцтвы сваіх намесьнікаў.

Паводле гэтага дакумэнту спадара Сьцяпанава адхілілі ад вырашэньня пытаньняў, зьвязаных з эканомікай. Яму забаранілі праводзіць нарады ды сходы ды наведваць прадпрыемствы вобласьці. Фактычна Ўладзімера Сьцяпавана прымусілі працаваць толькі на сваім месцы ў аблвыканкаме.

Да гэтага трэба дадаць, што раней спадару Сьцяпанаву настойліва прапаноўвалі зьняць сваю кандыдатуру на паўторных выбарах у "палату прадстаўнікоў". Калі ж ён адмовіўся, берасьцейскія дзяржаўныя СМІ на загад з аблвыканкаму пачалі кампанію дыскрэдытацыі Сьцяпанава, яны выкарыстоўвалі брудныя мэтады. Таму разам з заявай пра сваю адстаўку Ўладзімер Сьцяпанаў накіраваў пазоў у суд — пра абарону гонару і годнасьці.

Спадар Сьцяпанаў не шкадуе, што пайшоў з кіроўнай пасады. Ён кажа, што людзям, якія прызвычаіліся самастойна прымаць рашэньні, працаваць у структурах выканаўчай "вэртыкалі" амаль немагчыма. У Берасьцейскім аблвыканкаме, лічыць Сьцяпанаў, пасьля прызначэньня старшынём Васіля Даўгалёва пануе аўтарытарны стыль кіраваньня. Мясцовыя чыноўнікі цяпер толькі выконваюць загады, што прыходзяць "зьверху".

Уладзімер Сьцяпанаў яшчэ ня вырашыў дакладна, дзе будзе працаваць. Але кажа, што ня пойдзе на пасаду ў сыстэме дзяржаўнага кіраваньня. Ён разглядае шэраг прапановаў, якія прыйшлі ня толькі з розных беларускіх структураў, але і з Расеі.

Акрамя таго, у апазыцыйных колах Берасьця не выключаюць, што спадар Сьцяпанаў можа пайсьці у палітыку сам ці працаваць у штабе аднаго з альтэрнатыўных кандыдатаў на будучых прэзыдэнцкіх выбарах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG