Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША АПУБЛІКАВАНЫ ПЛЯН БЛІЗКАЎСХОДНЯГА МІРНАГА ЎРЭГУЛЯВАНЬНЯ СЭНАТАРА МІТЧЭЛА


Мікола Іваноў, Прага

Прадстаўляючы гэты даклад, Джордж Мітчэл на прэсавай канфэрэнцыі ў Нью-Ёрку заявіў: “Страх, нянавісьць, злосьць і расчараваньне дамінуюць з абодвух бакоў. Найвялікшая небясьпека ў тым, што традыцыя мірных перамоваў, якая выгадавалася на працягу мінулага дзесяцігодзьдзя, падарваная”.

Галоўная рэкамэндацыя камісіі Мітчэла – неадкладнае і без папярэдніх умоваў прыпыненьне ўзброенай і іншых формаў конфрантацыі. Дзяржаўны сакратар ЗША Колін Паўэл пракамэнтаваў яе наступным чынам:

(Паўэл: ) “Ажыцьцяўленьне гэтай і іншых мераў, запрапанаваных камісіяй з мэтай аднаўленьня ўзаемнага даверу і ўпэўненасьці, ня будзе лёгкім заданьнем. ЗША гатовыя цесна супрацоўнічаць з абодвума бакамі з мэтай распрацоўкі парадку і часу рэалізацыі рэкамэндацыяў, уключна з прапановай вяртаньня да перамоваў”.

Абодвы бакі канфлікту, ізраільцяне і палестынцы, у прынцыпе згадзіліся з рэкамэндацыямі камісіі Мітчэла, хаця кожны і выказаў свае крытычныя заўвагі.

Колін Паўэл прызначыў амбасадара ЗША ў Ярданіі Ўільяма Бэрнса спэцыяльным пасярэднікам дзеля рэалізацыі рэкамэндацыяў дакладу камісіі Мітчэла. Бэрнс атрымаў статус намесьніка Дзяржаўнага сакратра ЗША ў справах Блізкага Ўсходу.

Аднак акрамя гэтай дыпляматычнай ініцыятывы ЗША не запрапанавалі нічога канкрэтнага, каб прыпыніць неабвешчаную вайну, якая ўжо забрала больш за 500 жыцьцяў.

Спроба больш актыўнага ўдзелу ЗША ў вырашэньні блізкаўсходняга крызысу абумоўленая ў першую чаргу заклікамі лідэраў усясьветнай супольнасьці, асабліва з боку арабскіх саюзнікаў ЗША. З падобным заклікам выступіў, напрыклад, нядаўні міністар зам. справаў Егіпту, абраны цяпер Генэральным сакратаром Лігі Аарабскіх краінаў, Амр Мусса.

Колін Паўэл паводле вынікаў дакладу Мітчэла заклікаў палестынцаў і ізраільцянаў зрабіць першыя важныя крокі ў справе аднаўленьня мірнага працэсу. Паводле ягоных словаў “палестынцы павінны зрабіць усё магчымае, каб затрымаць і пазьней поўнасьцю спыніць гвалт”. Ізраільцянам ён рэкамэндаваў праяўляць стрыманасьць у пашырэньні паселішчаў на Заходнім Беразе ракі Ярдан і ў Газе.

Паўэл, як бачым, не падтрымаў у гэтай справе выснову камісіі Мітчэла, якая запатрабавала поўнасьцю спыніць будаўніцтва ў паселішчах. Дзяржаўны сакратар адзначыў, што Ізраіль раней абяцаў не будаваць новых паселішчаў, а паводле інфармацыі ізраільскіх пацыфістаў, толькі ад студзеня сёлета быў дадзены дазвол на будаўніцтва 15 новых паселішчаў.

Пакуль невядома, якую канкрэтную форму будуць мець новыя амэрыканскія мірныя ініцыятывы. У Вашынгтоне некаторыя камэнтатары мяркуюць, што Колін Паўэл правядзе непасрэдныя перамовы з Ясірам Арафатам падчас свайго сямідзённага замежнага турнэ, якое пачынаецца сёньня. Аднак сам Паўэл не пацьвярджае падобную інфармацыю. Прадстаўнікі амэрыканскай адміністрацыі сьцьвярджаюць, што спачатку Арафат павінен на справе давесьці, што ажыцьцяўляе больш рашучыя дзеяньні, каб спыніць палестынскае паўстаньне.

Пракамэнтаваў апошнія падзеі на Блізкім Усходзе і амбасадар ЗША ў Ізраілі Марцін Індык, які сёньня раніцай правёў першую кансультацыю ў справе новых амэрыканскіх ініцыятываў з прэм’ер-міністрам Арыэлем Шаронам. Індык усклаў віну за спыненьне мірнага працэсу на палестынцаў, якія, паводле ягоных словаў, адмовіліся ад мірнага пляну прэзыдэнта Клінтана. Гэты плян прадугледжваў перадачу пад палестынскі кантроль усёй тэрыторыі Газы, 95% Заходняга берагу ракі Ярдан і стварэньне палестынскай дзяржавы са сталіцай ва ўсходняй частцы Ерусаліму, якая таксама перадавалася пад палестынскі кантроль.

Бальшыня ізраільскіх палітычных камэнтатараў лічыць, што ізраільскі ўрад чакаў больш актыўнага ўдзелу ЗША ў справе выхаду з цяперашняга крызысу. “Гэта толькі дыпляматычная ініцыятыва і нічога больш,” – пракамэнтаваў апошнія заявы Коліна Паўэла Алуф Бэн, вядучы палітычны камэнтатар ўплывовай ізраільскай газэты “Гаарэц”.
XS
SM
MD
LG