Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЯЦЁРА ПАТЭНЦЫЙНЫХ КАНДЫДАТАЎ НА ПРЭЗЫДЭНТА ВЫСТУПІЛІ З ПРАПАНОВАМІ АБ ЗЬМЕНАХ У ВЫБАРЧЫМ ЗАКАНАДАЎСТВЕ


Валер Каліноўскі, Менск

Міхаіл Чыгір, Павал Казлоўскі, Уладзімер Ганчарык, Сямён Домаш ды Сяргей Калякін рыхтуюць зварот да Аляксандра Лукашэнкі, "палаты прадстаўнікоў" і Цэнтарвыбаркаму. Яны прапануюць распрацаваць і ўзгадніць умовы будучых прэзыдэнцкіх выбараў.

Найперш палітыкі лічаць неабходным унесьці зьмены ў Выбарчы кодэкс, каб стварыць роўныя ўмовы для кандыдатаў на прэзыдэнта, забясьпечыць разнастайны склад выбарчых камісіяў і магчымасьць для незалежнага назіраньня за выбарамі.

Апазыцыйныя палітыкі патрабуюць спыніць дыскрэдытацыю канкурэнтаў Аляксандра Лукашэнкі ў дзяржаўных мэдыях і прадаставіць усім кандыдатам ня менш як па 12 гадзінаў эфірнага часу на дзяржаўным тэлебачаньні й радыё. Гаворыць адзін з аўтараў прапановаў Павал Казлоўскі:

(Казлоўскі: ) "Галоўнае, каб у выбарчых камісіях былі прадстаўнікі палітычных партыяў, грамадзкіх аб’яднаньняў, каб былі дапушчаныя назіральнікі, каб былі зьмены ў Выбарчым кодэксе, якія дазволілі б правесьці дэмакратычныя празрыстыя выбары".

(Карэспандэнт: ) "Як вы лічыце, ці будзе нейкая пазытыўная рэакцыя на вашыя прапановы?"

(Казлоўскі: ) "Мы разьлічваем на розум, але розуму ў гэтай улады няма. Сёньня складана разьлічваць на тое, што ўлада прыме "на гура" нашыя прапановы.

Але ёсьць іншыя фактары, ёсьць ціск на ўладу з Захаду і Ўсходу, у тым сэнсе, каб яна прыняла гэтыя прапановы. Мы разьлічваем ня толькі на нашыя патрабаваньні, але й на патрабаваньні нашых суседзяў з Захаду і Ўсходу, міжнароднай супольнасьці, якая можа націснуць на Лукашэнку", — зазначыў Павал Казлоўскі.

Міхаіл Чыгір лічыць, што гэты дакумэнт патрабуе пэўнай дапрацоўкі. Але спадар Чыгір ня ўпэўнены, што ва ўладных структурах да іхных прапановаў прыслухаюцца:

(Чыгір: ) "Мы не спадзяемся, што нешта адбудзецца, таму што нам вядомы рухавік, які ўсе гэтыя пытаньні вырашае, вядомы чалавек... Яны нічога ня вырашаць, але хоць задумаюцца на які момант. Таму што час прыйдзе, усё стане на свае месцы, і гэта не 1937 год, калі ўсе пасьпелі пад камяні пахавацца, пакуль зьмянілася сытуацыя. Цяпер усё зьменіцца значна раней", — зазначыў Міхаіл Чыгір.

Старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына яшчэ не атрымала прапановаў "пяцёркі", але яна ўпэўненая, што ніякіх зьменаў Выбарчага кодэксу чакаць ня варта:

(Ярмошына: ) "Па-першае, гэта нерэальна, а па-другое — непісьменна. Мяняць закон напярэдадні выбарчай кампаніі — гэта значыць працаваць на зрыў выбараў. Сама працэдура прыняцьця закону складаная і робіць нерэальным праходжаньне законапраекту ў тыя тэрміны, якія неабходна, да прызначэньня выбараў".

Лідзія Ярмошына зазначыла, што фармаванне выбарчых камісіяў і іншыя этапы выбарчай кампаніі будуць выконвацца ў адпаведнасьці зь дзейным кодэксам.
XS
SM
MD
LG