Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАКУРАТУРА БЕЛАРУСІ АДМОВІЛА ЮЛІІ ЧЫГІР У ПРАВЕ АБАРАНЯЦЬ СВАЙГО СЫНА АЛЯКСАНДРА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Спачатку ёй адмовіў сьледчы Салькоў, які вядзе справу сына Чыгіроў Аляксандра, потым Ленінскі раённы суд пастанавіў, што абскарджваць рашэньне сьледчага яна ня мае права. Цяпер аналягічнае рашэньне прыняла пракуратура краіны, куды Юлія Чыгір скардзілася на сьледчага. Адпаведную паперу з пракуратуры падпісаў загадчык аддзелу Васіл’еў.

Заяву з просьбай абараняць сына падчас сьледчых дзеяньняў Юлія Чыгір напісала яшчэ ў лютым, неўзабаве пасьля таго, як Аляксандар быў арыштаваны. Дарэчы, гэта была ягоная ініцыятыва мець ў абаронцах родную маці, што закон дазваляе. Аднак канчаткова рашэньне пра дазвол прымае сьледчы. У дадзеным выпадку замест таго, каб даць такі дазвол, сьледчы Салькоў выклікаў Юлію Чыгір на допыт. Яна мяркуе, што толькі дзеля таго, каб перавёўшы яе ў статус сьведкі, адмовіць ў праве абараняць сына. Фактычна, гэткую ж пазыцыю цяпер заняла і пракуратура, лічыць Юлія Чыгір.

Сытуацыі з адмовай жонцы экс-прэм’ера абараняць сына вывучалі назіральнікі з Кансультацыйна-нізіральнай групы АБСЭ. Яны адмыслова зьвярталіся ў Канстытуцыйны суд па тлумачэньне, ці можа грамадзянін Беларусі абскарджваць рашэньне сьледчага.

(Юлія Чыгір: ) "Канстытуцыйны суд патлумачыў, што любыя дзеяньні сьледчага можна абскардзіць праз суд, у тым ліку адмову ў дазволе быць абаронцам. Я прыклала гэтае рашэньне КС да пазову ў суд і заявіла, што хачу абскардзіць дзеяньні сьледчага. Мне вярнулі заяву без судовага разгляду і адказалі, што дзеяньні сьледчых у судовым парадку нельга абскарджаваць. І зараз пракуратура гэта пацьвярджае. Але я буду падаваць скаргі далей і дамагацца выкананьня маіх канстытуцыйных правоў," – сказала Юлія Чыгір, якая зь лютага беспасьпяхова дамагаецца права абараняць свайго сына Аляксандра.

Дадамо, што Аляксандар Чыгір абвінавачваецца ў выкраданьні аўтамабіляў, але ў Беларусі многія лічаць, што гэтае абвінавачаньне мае на мэце кампрамэтацыю ягонага бацькі, Міхаіла Чыгіра, які разглядаецца як адзін з магчымых кандыдатаў у прэзыдэнты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG