Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІЦЭ-ПРЭЗЫДЭНТ БЕЛАРУСКАЙ ФЭДЭРАЦЫІ ХАКЕЯ ЎЛАДЗІМЕР БЕРАЖКОЎ СЫХОДЗІЦЬ У АДСТАЎКУ


Ігар Карней, Менск

Канчаткова статус Уладзімера Беражкова будзе аб'яўлены празь месяц. Але заставацца на пасадзе ён не зьбіраецца. Пра гэта Беражкоў паведаміў яшчэ ў Нямеччыне — адразу ж пасьля таго, як беларуская зборная страціла ўсе шанцы ўтрымацца ў групе наймацнейшых.

Тады ён сказаў, што цяперашняя каманда — слабы напамін пра каманду 2-гадовай даўніны. За некалькі хвілінаў да пачатку сёньняшняга паседжэньня ў інтэрвію Радыё Свабода Беражкоў патлумачыў сваю пазыцыю наступным чынам:

(Беражкоў: ) "Нас задавальняў вынік гульні, і мы не рабілі ніякіх захадаў, хаця меры трэба было прымаць. Трэнэрскі калектыў не спраўляецца сёньня з камандай. Каманда не кіруецца! І пра гэта кажуць многія гульцы".

(Карэспандэнт: ) "На Ваш погляд, Аляксандар Лукашэнка пасьля гэтай паразы будзе надаваць і надалей такую ж увагу хакею?"

(Беражкоў: ) "Думаю, увага застанецца. Лукашэнка любіць хакей, гэта ягоная слабасьць. Ды і ўсё, што зроблена, ня можа проста так пайсьці ў пясок".

(Карэспандэнт: ) "Ад Вас сёньня трэба чакаць радыкальнага кроку — я маю на ўвазе адстаўку?"

(Беражкоў: ) "Я даў слова. Я ж ня заяц, які "гаспадар" свайму слову — слова даў, ды й тут жа забраў. Я сыходжу. І хачу паказаць прыклад іншым кіраўнікам фэдэрацыі, кіраўнікам спорту. Мы часта ў "Прэсболе" пішам: вам, таварыш Іваноў, ці таварыш Фёдараў пара сыходзіць. Дык сёньня настаў час сыходзіць таварышу Беражкову".

Зараз відавочна, што "заваяваць сьвет" беларускі хакей ня здолеў. Вялізныя сродкі, укладзеныя ў будаўніцтва лядовых палацаў, аматарскія турніры, паказальныя выступы з удзелам Лукашэнкі — усё аказалася марнатраўствам.

Спадзяваньні на прапагандысцкі эфэкт ад выступу нацыянальнай зборнай ня спраўдзіліся тым больш: спроба паўтарыць колішнія дасягненьні па інэрцыі (найлепшы вынік — 8-е месца на Алімпіядзе ў Нагана) не прайшла. Паказальна, што правалу ў камандзе, дзе сярэдні ўзрост гульцоў дасягнуў 34-х гадоў, быццам чакалі.

Напярэдадні паседжаньня выканкаму Фэдэрацыі хакея газэта "Прэсбол" наладзіла прамую лінію з капітанам беларускай зборнай Аляксандрам Андрыеўскім. На маё тэлефанаваньне Андрыеўскі адказаў, што яму "надакучыла кіраваць калектывам, у якога няма вызначанай мэты".

З такім настроем няма чаго спадзявацца на пасьпяховы выступ беларускай каманды ў групе "Б", што пройдзе ў наступным годзе ў Галяндыі. Нават з улікам таго, што спаборнічаць прыйдзецца з дэбютантам — зь вельмі далёкай ад хакейнай эліты камандай Кітая.
XS
SM
MD
LG