Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЕГІ ЗЬМІТРА ЗАВАДЗКАГА ПАВІНШАВАЛІ ЯГОНАГА СЫНА З 10-ГОДЗЬДЗЕМ


Любоў Лунёва, Менск

Дома ў Завадзкіх журналістаў сустракалі жонка Зьмітра Сьвятлана і сын Юра. Сьвятлана зранку чытала ў пракуратуры матэрыялы крымінальнай справы і толькі на гадзінку зайшла дахаты. Сьвятлана Завадзкая патлумачыла:

(Завадзкая: ) "Хацелася б быць дома, але так атрымалася, што менавіта сёньня мы пачынаем чытаць справу. У нас ёсьць адвакат, якому мы далі даверанасьць, так што ён можа знаёміцца са справай як разам са мною, гэтак і асобна.

Але ўчора мяне зьдзівіла рэакцыя сьледчага Шабунькі. Ён паведаміў, што справу мы можам чытаць толькі разам. Калі я адказала, што ня маю такой магчымасьці, бо ў мяне дзіця і зь ім трэба быць побач, а я адна, Шабунько сказаў, што яго гэта не хвалюе.

Такое ўражаньне, што ён зьдзекуецца з нас. Гэта грубае парушэньне нашых правоў. З моманту зьнікненьня Зьмітра сьледчых не цікавіла, як мы сябе адчуваем, наш душэўны спакой. Да звычайных чалавечых адносінаў яны ставяцца абыякава".

Юра падзякаваў журналістаў за падарункі, але пры гэтым вочы ягоныя былі вельмі тужлівыя.

(Юра: ) "Я хачу, каб мой тата быў дома…"

Хлопчык расплакаўся і пабег у другі пакой. Сьвятлана згадала, што летась у гэты дзень яны чакалі Зьмітра з Чачэніі і вельмі хваляваліся. Калі ён увайшоў у кватэру, усе былі бясконца шчасьлівыя. Сёньня яны зь Юрам нават ня могуць згадаць, які менавіта падарунак прывёз тады Зьміцер.

Сёньня ў прэсавы цэнтар "Хартыі'97" прыйшло шмат віншаваньняў для Юрася з Польшчы, Беларусі, Злучаных Штатаў, з Ізраіля, зь Нідэрляндаў. Можа, шчырыя словы гэтых віншаваньняў хаця б трошкі падтрымаюць хлопчыка, які ня можа знайсьці ў дарослых адказу на пытаньне: "Калі мой тата будзе дома?"
XS
SM
MD
LG