Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЕНА ЗАХОЖАЯ ВЫПІСАЛАСЯ СА ШПІТАЛЯ, АДМІНІСТРАЦЫЯ “БЕЛШЫНЫ” І ГАРВЫКАНКАМ НЕ СЬПЯШАЮЦЦА ВЫКОНВАЦЬ АБЯЦАНЬНІ


Міхал Стэльмак, Бабруйск

Паводле словаў Алены Захожай, за 6 дзён, што яна правяла ў шпіталі, ейнае здароў’е палепшылася. Усё ж мэдыкі настойваюць працягнуць рэабілітацыю — гэта неабходна пасьля двухтыднёвай галадоўкі. Пакуль што прафсаюзнай лідэрцы забаранілі вяртацца да працы.

Алена Захожая спыніла галадоўку, калі адміністрацыя прадпрыемства паабяцала выканаць ейныя патрабаваньні. Ці стрымала адміністрацыя сваё слова? Гаворыць Алена Захожая:

(Захожая: ) "Нічога не вядома. Гэтае абяцаньне гучала так: генэральны дырэктар БШК "Белшына" Сівіцкі прыедзе ў пятніцу і калі ён адмовіцца даць даведку пра юрыдычны адрас, тады сам мэр у панядзелак знойдзе юрыдычную асобу, якая дасьць гэты адрас, і гэтая рэгістрацыя ў панядзелак адбудзецца".

(Карэспандэнт: ) "З вамі зьвязвалася адміністрацыя "Белшыны"?"

(Захожая: ) "Не", — сказала Алена Захожая.

Я патэлефанаваў Васілю Кратовічу — аднаму з тых, хто 16 траўня, паабяцаў, што па спыненьні прафсаюзнай лідэркай галадоўкі ейнае патрабаваньне задаволяць. Ён адказаў:

(Кратовіч: ) "Вы размаўляеце з дырэктарам заводу звышбуйнагабарытных шынаў шыннага камбінату. Я прысутнічаў пры спыненьні галадоўкі Алены Захожай, але наш завод — адно з падразьдзяленьняў "Белшыны". Мы — не юрыдычная асоба, мы ніхто. Я не прадастаўляю юрыдычнага адрасу".

Нічога пэўнага пра выкананьне абяцаньня ня здолелі патлумачыць мне й іншыя прадстаўнікі адміністрацыі "Белшыны". Бабруйскі гарвыканкам таксама абяцаў задаволіць патрабаваньне Алены Захожай. Але, як высьветлілася сёньня, і тут слова было парушанае. З Аленай Захожай ад імя гарадзкіх уладаў веў перамовы намесьнік бабруйскага мэра Віктар Гарбанёў. Сёньня ён заявіў наступнае:

(Гарбанёў: ) "Неабходны шэраг дакумэнтаў. А менавіта: статут, устаноўчыя дакумэнты і гэтак далей. Хай прывядзе іх да належнага парадку. Як толькі гэта будзе зроблена, я падпішу. А пакуль я выконваю закон".
XS
SM
MD
LG