Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“НАША НІВА” – БОЛЬШ ЧЫМ ГАЗЭТА


Віталь Цыганкоў, Менск

Удзельнікі: Сяргей Дубавец, Андрэй Дынько.

(Цыганкоў: ) "Сёньня ў сьвеце многія ўспрымаюць журналістыку як адну з самых цынічных і прагматычных прафэсіяў. "Мы проста робім сваю працу", — какетліва гавораць рэпартэры, атрымліваючы, напрыклад, чарговую прэмію.

Для краінаў з сфармаванай і ўстойлівай дэмакратыяй, пэўна, гэта натуральна — журналіст толькі пастаўляе інфармацыю і не рызыкуе браць на сябе іншых функцыяў.

Але ў Беларусі, дзе змаганьне за пабудову грамадзянскай супольнасьці, здаецца, толькі пачынаецца, сродкі масавай інфармацыі могуць набываць зусім іншыя функцыі.

Калі паэт у Расеі больш чым паэт, то ў цяперашняй Беларусі газэта — больш чым газэта. Прынамсі, такая газэта як "Наша Ніва". Першы рэдактар адноўленай "НН" Сяргей Дубавец тлумачыць, што выпуск гэтага выданьня адразу быў задуманы як "сьветапоглядны" праект".

(Дубавец: ) "Рэч у тым, што газэта і паўставала як газэта прынцыпаў. Гэта не зусім мэдыйны праект. Я яго разглядаў заўсёды як праект сьветапоглядны. Гэта ёсьць працяг нашых прынцыпаў.

Мы адваявалі права пісаць той мовай, якой мы лічым патрэбным. Мы па-свойму як грамадзяне Беларусі дбаем пра яе лёс, думаем пра яе будучыню і прапануем нейкі свой варыянт будаўніцтва гэтай будучыні. Пры гэтым мы ніколі не залежалі ад палітычнага надвор'я ў Беларусі.

Кожны выбірае свой шлях. Мы зыходзім са сваіх унутраных прынцыпаў — незалежнасьць, мова, вернасьць традыцыям, як гэта ні высакапарна гучыць. Нехта выбірае залежнасьць ад палітычнага надвор'я ў краіне, нехта — ад крыніцаў фінансаваньня. Мы кіруемся сваімі ўласнымі прынцыпамі, якія не мяняюцца".

(Цыганкоў: ) "Наша Ніва" сапраўды ці не адзінае беларускамоўнае выданьне, якое за мінулае дзесяцігодзьдзе не ішло на кампрамісы з часам, кампрамісы моўныя, тэматычныя, палітычныя. Што дае гэтая бескампраміснасьць? Ці не зацяжка гэта — заставацца сабой? Адказвае цяперашні рэдактар "НН" Андрэй Дынько".

(Дынько: ) "Нашу Ніву"любяць за тое, што яна газэта бескампрамісная. Наша незалежная пазыцыя прыводзіць да шматлікіх канфліктаў з партыямі розных накірункаў, з уладамі, з прадстаўнікамі інтэлігенцыі самых розных асяродкаў. Але гэтай пазыцыяй мы заслужылі безумоўную ўвагу, павагу і любоў нашага чытача.

І калі сёньня найноўшыя сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што аўдыторыя "НН" аказваецца шырэйшая, маладзейшая і больш уплывовая за аўдыторыі іншых газэтаў, газэтаў часта з большымі накладамі й нібыта разьлічаных на шырэйшую публіку, — то гэтыя вынікі нас не зьдзіўляюць.

"Наша Ніва" стала гэткім ланцужком, якія зьвязвае асобных людзей у адно цэлае, які вырывае іх з будзённасьці, шэрасьці штодзённага існаваньня і паказвае ім, што яны існуюць не адны, яны існуюць у грамадзе.

"НН" ня ёсьць безадраснаю газэтаю, мы ведаем, дзеля каго мы пішам. Мы маем сваю стратэгію, аўдыторыю, мы ведаем, на каго разьлічваем. Я думаю, гэтая стратэгія адназначна важная і апраўданая на сёньняшнім этапе — этапе працягу фармаваньня сучаснай беларускай нацыі".

(Цыганкоў: ) "Газэта, якая вырывае з шэрасьці і будзённасьці існаваньня — гэтак акрэсьліў крэда "Нашай Нівы" ейны рэдактар Андрэй Дынько. Якім павінна быць выданьне, што ставіць перад сабой настолькі глябальныя задачы? Чым яно мусіць вылучацца зь іншых?"

(Дубавец: ) "Прынцыпова іншае бачаньне ўсёй сытуацыі ў Беларусі.

Я не разглядаю прынцыпы як нейкую цьвердалобасьць і замкнёнасьць. Наадварот, у нас вельмі вялікае жаданьне рабіць вельмі творчы, інтэлектуальны праект. Праект, які быў бы цікавы нават у іншай краіне, у іншай нацыянальнай сытуацыі — каб на нас можна было параўноўвацца…

Я ня бачу такой залежнасьці, што калі бы мы, скажам, сталі друкаваць па-расейску, у нас бы расьлі наклады. Прыклады іншых выданьняў сто разоў засьведчылі, што гэта няпраўда. А прыклад першай "Свабоды", якая ўся выходзіла тарашкевіцай і мела нерэальна вялікі паводле сёньняшніх меркаў наклад, сьведчыць, што гэта ня так.

Беларускі народ ня мае бар'еру да беларускай мовы. Назіраючы аўдыторыю "НН", якая, дарэчы, паволі, але заўсёды толькі павялічвалася, я пераканаўся, што такога бар'еру няма".

(Цыганкоў: ) "Наклад "Нашай Нівы" сапраўды даволі істотна расьце апошнія месяцы. У адрозьненьні ад многіх беларускіх незалежных выданьняў газэта ніколі не прыпісвала сабе дадатковых чытачоў. Рэдакцыя заўсёды застаецца шчырай са сваімі чытачамі, магчыма таму, што жыве ня толькі сёньняшнім днём".

(Дынько: ) "НН" заўсёды імкнулася паставіць сябе ў нейкую шырэйшую пэрспэктыву. Ужо сам факт, што мы ёсьць пераймальнікамі газэты, што выдавалася 95 гадоў таму, ставіць нас у гэткую пэрспэктыву.

Нашыя сталыя чытачы ведаюць, што мы наўмысна ў гэты юбілейны год завялі новую рубрыку "Беларусь праз 100 гадоў". Мы імкнемся намаляваць сабе большую пэрспэктыву. Але мы мусім прыстасоўвацца таксама да падзеяў нашага часу".

(Цыганкоў: ) "Ці можна параўнаць сучасную "Нашу Ніву" з "Нашай Нівай" пачатку стагодзьдзя, якая стала сапраўднай зьявай беларускай гісторыі? Зьявай настолькі яркай, што нават увесь той пэрыяд нацыянальнага адраджэньня цяпер называюць "нашаніўскім". Як сёньняшнія нашаніўцы разумеюць пераемнасьць?"

(Дынько: ) "Пераемнасьць ёсьць. Яна выяўляецца ня толькі ў партрэце Аляксандра Ўласава, які вісіць ад 1991 году ў рэдакцыі "НН", дзе б гэтая рэдакцыя не знаходзілася. Гэтая пераемнасьць выяўляецца ня толькі ў сьпісе галоўных рэдактароў ад 1906 году, які друкуецца ў выходных зьвестках нашае газэты.

Гэтая пераемнасьць выяўляецца ў нашмат глыбейшых рэчах — нават ня толькі клясычны правапіс, якім мы карыстаемся, ці назвы рубрык і старонак, якія мы запазычылі з тае дарэвалюцыйнае "НН".

Гэтая пераемнасьць выяўляецца ў нашых мэтах і стратэгіі. І тая "Наша Ніва", і гэтая "Наша Ніва" адрозьніваюцца ад многіх дачасьніцкіх выданьняў сваёй накіраванасьцю на векавую задачу, якую паводле вызначэньня ня можа вырашыць адно пакаленьне беларусаў, якая можа толькі вырашыцца цягам доўгіх дзесяцігодзьдзяў. Гэта задача фармаваньня сучаснае здаровае беларускае нацыі".

(Цыганкоў: ) "Я шчыра зайздрошчу калегам, якія ў прафэсійным сэнсе жывуць ня толькі сёньняшнім днём, ня толькі падрыхтоўкай сёньняшняга матэрыялу. Якія сваю штодзённую працу разглядаюць як маральную звышзадачу, як своеасаблівы грамадзянскі акт.

Яны ня проста прыходзяць на працу, яны называюць газэту, у якой працуюць, "сьветапоглядным" праектам. І гэта сапраўды так, бо ў "Нашай Ніве" працаваць па-іншаму, відаць, немагчыма. "Наша Ніва" больш чым газэта".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG