Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ АНДРЭЯ САХАРАВА


Аляксандар Лукашук, Прага

Андрэю Сахараву была б блізкая сёньняшняя Беларусь.

Увогуле, пра Беларусь, дзе дысыдэнцкі рух быў прыглушаны, ва ўспамінах Сахарава няшмат згадак. Ён выступаў у абарону Міхаіла Кукабакі; пазьней, ўжо як сябра антысталінкага руху “Мэмарыял”, куды быў абраны народным галасаваньнем разам з Алесем Адамовічам і Васілём Быкавым, цікавіўся лёсам Курапатаў; у міжрэгіянальнай групе на зьезьдзе народных дэпутатаў разам з Сахаравым засядалі і дэпутаты з Беларусі, і слова “Вандэя” ён чуў з вуснаў ягонага аўтара.

Елена Бонэр, жонка Андрэя Сахарава, два тыдні таму тут у Празе расказвала мне пра тое, як Сахараў чытаў Быкава. “Адныя гінуць на вайне, – узгадала яна словы Сахарава пра “Кар’ер”, – а іншыя жывуць зь яе”. Спадарыня Бонэр сказала, што ў дзёньніках Сахарава ёсьць запісы пра Васіля Быкава і паабяцала знайсьці іх. Мы дамовіліся сазваніцца ў чэрвені, калі яна вернецца з Расеі ў Бостан.

Летась у Каліфорніі Эдвард Тэлер, бацька амэрыканскай вадароднай бомбы, які ствараў яе ў адказ на савецкую, расказваў мне пра сваю сустрэчу з Сахаравым – яго ўразіла тое, што Сахараў не захацеў гаварыць пра бомбу. Яго цікавіла здольнасьць чалавека адстойваць сваю свабоду.

Беларусь сёньня – хіба самая “сахараўская” з былых савецкіх рэспублік. Сотні, тысячы людзей паводзяць сябе як некалі Андрэй Сахараў – іх арыштоўваюць, гвалтам спыняюць галадоўкі, б’юць дубінкамі і топчуць ботамі за памяць пра зьніклых людзей, абражаюць па тэлебачаньні і радыё, зьдзекуюцца у турмах над іх дзецьмі. Аляксандар Салжаніцын некалі назваў зьяўленьне Андрэя Сахарава цудам. Краіна, у якой столькі людзей паводзяць сябе так як Андрэй Сахараў, вартая самай высокай павагі і свабоды.
XS
SM
MD
LG