Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО МЕЎ НА ЎВАЗЕ ФЁДАР КОТАЎ?


Валер Каліноўскі, Менск

Фёдар Котаў зазначыў, што абвінавачаньні гэтыя абгрунтаваныя:

(Котаў: ) “Тыя матэрыялы, якія ў нас ёсьць, могуць сьведчыць аб тым, што дзейнасьць, якой займаўся спадар Вік, можа быць так ахарактарызаваная”.

Гэтая дзейнасьць, паводле спадара Котава, ня мае дачыненьня да нейкіх сілавых плянаў па зьвяржэньні кіраўніцтва Беларусі, а датычыць намаганьняў амбасадара Віка па арганізацыі сеткі незалежных назіральнікаў на будучых прэзыдэнцкіх выбарах:

(Котаў: ) “Тыя матэрыялы, якія ў нас ёсьць, яны цалкам кладуцца, як бы інтэрпаліруюцца з той схемай, якая была ажыцьцёўленая ў Югаславіі,”

– заявіў Фёдар Котаў, патлумачыўшы, што Вік спрабуе арганізаваць "сетку платных назіральнікаў са зьнешнім фінансаваннем".

Паводле словаў спадара Котава, КГБ ніколі ня ставіў за мэту перашкаджаць працы місіі АБСЭ, ён мае прэтэнзіі асабіста да спадара Віка:

(Котаў: ) “Справа ў тым, што я ня думаю, што тая дзейнасьць, пра якую я гаварыў учора, была санкцыянаваная Палітрадай АБСЭ. Я ўпэўнены, што тут Вік дзейнічае па сваёй ініцыятыве ці выконвае чыйсьці заказ, толькі не АБСЭ,” – лічыць Фёдар Котаў.

Паводле ягоных словаў, матэрыялы, якія ёсьць у КГБ, неўзабаве будуць накіраваныя ў МЗС Беларусі для падрыхтоўкі адмысловага ліста кіраўніцтву АБСЭ.

(Котаў: ) “Камітэт дзяржаўнай бясьпекі мяркуе, што праведзенай гутаркі са спадаром Вікам на дадзеным этапе дастакова”, — зазначыў спадар Котаў.

Пытаньне ж пра высылку амбасадара Віка, паводле Фёдара Котава, і не ўздымалася, проста спадару Віку было сказана, што тая інфармацыя, якая ёсьць у КГБ, дазваляе забараніць яму ўезд у краіну ня як дыплямату, а як замежнаму грамадзяніну. Пры гэтым Фёдар Котаў прызнаў, што КГБ не адзінае ведамства, якое вызначае "што рабіць са спадаром Вікам".
XS
SM
MD
LG