Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СХОД ЛІДЭРАЎ ПРАФСАЮЗАЎ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ ВЫКАЗАЎСЯ ЗА АКТЫЎНЫ ЎДЗЕЛ У ВЫБАРАХ


Міхал Стэльмак, Менск

Ініцыяваў сёньняшні сход, на які зьехаліся прафсаюзныя лідэры Менску, Магілёва, Віцебску, Барысава, Пінску, Вялейкі ды іншых гарадоў краіны, Свабодны прафсаюз. Ягоны лідэр Генадзь Быкаў паведаміў сходу, што беларускія прадпрымальнікі дзякуючы прэзыдэнцкім выбарам маюць магчымасьць ужо сёлета зьмяніць свой лёс:

(Быкаў: ) "Прадпрымальнікі б ня ўдзельнічалі ў выбарах альбо ўдзельнічалі б слаба, калі б у іх добра ішлі справы. Але ж нашы прадпрымальнікі, найперш дробныя, аднесеныя да катэгорыі "вашывых блох". Зараз пайшла практыка рэкету і бандытызму з боку ўлады. Зь іх будуць цягнуць грошы да таго часу, пакуль будзе ў іхнай кішэні хаця б нейкая манэтка".

(Карэспандэнт: ) "Ці надзённае пытаньне ў прадпрымальніцкім асяродзьдзі — "За каго галасаваць?"

(Быкаў: ) "Тое, што нашы апазыцыйныя прэтэндэнты на прэзыдэнцкую пасаду дагэтуль ня вызначыліся з адзіным кандыдатам — кепска. Сьмешна казаць, але няхай бы — я маю на ўвазе Ганчарыка, Домаша, Чыгіра й Казлоўскага — цягнулі б жэрабя. І мы будзем падтрымліваць любога зь іх".

Пытаньне магчымай альтэрнатывы Лукашэнку хвалюе і рэчыцкіх прадпрымальнікаў. Вось што паведаміў на гэты конт лідэр іхнай суполкі Свабоднага прафсаюзу Зураб Барбакадзэ:

(Барбакадзэ: ) "Людзі, безумоўна, задаюць такія пытаньні. Але мы пакуль устрымліваемся ад рэкамэндацыяў галасаваць за тую ці іншую асобу. Зрэшты, як толькі будуць абвешчаныя прэзыдэнцкія выбары, я мяркую, што такая кандыдатура будзе названая".

Як прадпрымальнікі ставяцца да палітычных амбіцыяў кіраўніка Беларускага прафсаюзу прадпрымальнікаў Валер'я Леванеўскага? Ягоны намесьнік Леанід Каліценя, які таксама браў удзел у сёньняшнім сходзе, паведаміў нашаму радыё:

(Каліценя: ) "Пытаньне пра тое, што прадпрымальнікі павінны браць удзел у палітычным працэсе, было ўпершыню паднятае якраз Леванеўскім больш за год таму. Інакш кажучы, ён прадбачыў сытуацыю, пра якую сёньня гаварыў Генадзь Быкаў.

Наконт таго, што прадпрымальнікі ігнаруюць Леванеўскага — я з такой думкай ня згодны. Бо гэта ж мы правялі першы ў краіне палітычны страйк. І вынік выдатны — 40 адсоткаў прадпрымальнікаў падтрымалі яго.

З другога боку, мы атрымалі й цяжкія наступствы, у нас вельмі шмат затрыманых, зараз нас чакае шмат судовых працэсаў", — зазначыў Леанід Каліценя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG