Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІК ВЯРНУЎСЯ Ў МЕНСК І ЗАЯВУ ХВАСТОВА НЕ КАМЭНТУЕ


Валер Каліноўскі, Менск

Выказваньні міністра замежных справаў Міхаіла Хвастова пра магчымую высылку зь Беларусі кіраўніка Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ Ганса-Георга Віка пакуль не паўплывалі на рабочыя пляны апошняга.

Амбасадар Вік безь перашкодаў вярнуўся ў мінулую суботу з Бухарэсту ў Менск. У гэты панядзелак кіраўнік групы АБСЭ Вік праводзіў раней заплянаваныя сустрэчы — у прыватнасьці, абмяркоўваў праекты, звязаныя зь дзейнасцю менскага Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. А 22 травеня спадар Вік зьбіраецца на 5-дзённую міжнародную канфэрэнцыю за межы Беларусі.

Ганс-Георг Вік ня лічыць, што беларускія ўлады спрабуюць згарнуць ягоную дзейнасьць, але ўсё ж адмаўляецца камэнтаваць апошнія заявы міністра Міхаіла Хвастова ды беларускіх дзяржаўных СМІ. Ня кажа спадар Вік і пра вынікі нядаўніх сваіх кансультацыяў зь дзейным старшынём АБСЭ Мірчам Джэанам:

(Вік: ) "Я пакідаю права публічных выказваньняў пра вынікі гэтых кансультацыяў офісу дзейнага старшыні АБСЭ".

Якраз сёньня чакалі паведамленьне офісу дзейнага старшыні АБСЭ Мірча Джэаны, дзе б выклалі пазыцыю ў справе супярэчнасьцяў зь беларускімі ўладамі наконт дзейнасьці КНГ АБСЭ і амбасадара Віка. На гэты момант тэкст такога паведамленьня яшчэ невядомы. Не атрымаў адказу на свае заявы і міністар Міхаіл Хвастоў.

Тымчасам беларускія ўлады працягваюць выказваць абвінавачаньні на адрас кіраўніка місіі АБСЭ. У прыватнасьці, кіраўнік цэнтру інфармацыі й грамадзкіх сувязяў КГБ Фёдар Котаў заявіў па Беларускім тэлебачаньні, што амбасадар Вік нібыта распрацоўваў разам зь беларускімі апазыцыйнымі дзеячамі плян "адхіленьня ад улады Аляксандра Лукашэнкі".

(Сёньня мы зьвязаліся з прэсавым сакратаром АБСЭ – Мансам Нібэргам. На пытаньне, ці будзе афіцыйная рэакцыя АБСЭ на заявы міністра замежных справаў Беларусі Хвастова і старшыні КГБ Ерына пра падрыўную дзейнасьць КНГ АБСЭ ў Менску Ныбэрг адказаў: “Гэта вельмі далікатнае пытаньне. Нягледзячы на заявы беларускіх прадстаўнікоў, праўдападобна, афіцыйнай рэакцыі на іх з боку АБСЭ ня будзе. А калі і будзе нейкая рэакцыя, дык толькі ад амбасадара Віка”)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG