Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭПУТАТЫ ЛАТВІІ — У БЕЛАРУСКАЙ "ПАЛАЦЕ ПРАДСТАЎНІКОЎ"


Юры Сьвірко, Менск

Сёньня раніцай тры дэпутаты Сойму Латвіі, якія прыехалі ў Менск, сустрэліся зь першым намесьнікам міністра замежных справаў Беларусі Сяргеем Мартынавым, а потым наведалі так званую "палату прадстаўнікоў". На сустрэчы ў міжнароднай камісіі "палаты" прысутнічаў беларускі амбасадар у Латвіі Міхаіл Марыніч, які й арганізаваў гэтую паездку.

Цікава, што амбасада Латвіі ў Менску даведалася пра прыезд трох сваіх дэпутатаў ад мяне, бо ёй не даслалі нават праграмы мерапрыемства.

Скасаваў сваю сустрэчу з парлямэнтарамі Латвіі й сьпікер "палаты" Вадзім Папоў, які рыхтуецца да заўтрашняга візыту Генадзя Селязьнёва, старшыні расейскае Думы. Таму госьці з Рыгі былі вымушаныя задаволіцца сёньня доўгімі расповедамі кіраўніка міжнароднае камісіі "палаты", колішняга ейнага сьпікера Анатоля Малафеева.

У Менск прыехалі дэпутаты Гэлмут Чыбуліс з фракцыі Народнае партыі Латвіі, Освалд Звэйсалніэкс з фракцыі Сацыял-дэмакратычнае рабочае партыі, а ўзначальвае дэлегацыю Яніс Урбановіч зь левай фракцыі "За правы чалавека ў адзінай Латвіі". Апошняя фракцыя вядомая тым, што на восеньскія выбары ў "палату прадстаўнікоў" накіравала ў якасьці міжнародных назіральнікаў трох сваіх дэпутатаў, якім Сойм Латвіі забараніў афіцыйны візыт у Менск.

Кіраўнік цяперашняй дэлегацыі спадар Урбановіч назваў сёньняшні візыт азнаямляльным, нагадаў, што суседзяў не выбіраюць, а потым дадаў:

(Урбановіч: ) "Калі б нам трэба было выбіраць суседзяў, мы з задавальненьнем першымі абралі б беларусаў, таму што гэта вельмі выгадны сусед для нас сёньня й мы бачым вялікія пэрспэктывы".

Відавочна, што прыезд ягонае дэлегацыі мае перадусім эканамічныя мэты. Заўтра дэпутаты сустрэнуцца зь беларускім міністрам прамысловасьці, наведаюць Менскі аўтазавод і завод лядоўняў "Атлянт".

Апошні скандал з выказваньнямі міністра абароны Латвіі Гірта Валдыса Крыстоўскіса пра Беларусь як пра патэнцыйнага ваеннага праціўніка сёньня ня згадвалі. Наадварот, кіраўнік дэлегацыі заявіў:

(Урбановіч: ) "У Латвіі існуе вельмі вялікі грамадзкі клюб сымпатыяў да Беларусі, беларускага народу".

На сустрэчы з дэпутатамі "палаты прадстаўнікоў" Яніс Урбановіч распавёў, што навукоўцы вынайшлі адмысловы "балтыйскі ген":

(Урбановіч: ) "У літоўцаў яго больш, у беларусаў крыху менш, а ў нас яшчэ крышачку менш. Гэта значыць, вы большыя прыбалты за нас — атрымліваецца так?"

Пачуўшы гэта ад сябра Сойму Латвіі, менскія "прыбалты" з "палаты прадстаўнікоў" былі крыху зьбянтэжаныя. За выняткам хіба Ўладзімера Ягорава, які ў часе перабудовы працаваў міністрам унутраных справаў Латвійскае ССР.
XS
SM
MD
LG