Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБВЕШЧАНЫ ЛЕВАНЕЎСКІМ СТРАЙК ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ ПАДТРЫМАЛІ НЯ ЎСЕ ГАНДЛЯРЫ


Ганна Соусь, Менск

Сёньня на рэчавым рынку стадыёну "Дынама" большасьць прадпрымальнікаў працавалі ў звычайным рэжыме. Чаму не бераце ўдзелу ў страйку, які абвесьціў прафсаюз прадпрымальнікаў? З гэтым пытаньнем я зьвярнулася да аднаго з гандляроў.

(Гандляр: ) "Нам трэба грошы зарабляць… Каб Леванеўскі трохі грошай даў, дык, мабыць, не працавалі б. А можа, і Лукашэнка крыху грошай падкінуў бы, а то вельмі дрэнна жыць у краіне Беларусь".

Але частка прадпрымальнікаў на рынку "Дынама" ўсё ж далучылася да акцыі пратэсту. Як, напрыклад, прадпрымальнік Юры Грыгор'еў, які мае дзьве гандлёвыя кропкі.

(Грыгор'еў: ) "Калі ў нас ня зьменіцца палітычная сытуацыя ў краіне, то нам тут ня будзе чаго рабіць. Мы і так плацім вельмі шмат падаткаў. Калі выбары пройдуць так, як хоча Лукашэнка, то рынак "Дынама" ўвогуле перастане існаваць. Таму я сёньня і не працую, нягледзячы на тое, што адсоткаў 80 гандляроў стадыёну выйшлі на працу".

Арганізатары акцыі, сябры прафсаюзу прадпрымальнікаў тлумачаць невялікую колькасьць удзельнікаў страйку тым, што рабіліся пэўныя захады, каб дэзінфармаваць прадпрымальнікаў. Напрыклад, учора нехта распаўсюджваў на рынку ўлёткі, у якіх паведамлялася, што страйк пераносіцца на 27 траўня.

Сёньня ж раніцай ахова рынку затрымала старшыню прафсаюзу прадпрымальнікаў "Дынама" Лявона Каліценю — у час, калі ён пераконваў гандляроў, што страйк мусіць адбыцца менавіта сёньня. Леаніда Каліценю завезьлі ў гарадзкі аддзел міліцыі №1, дзе трымалі ў камэры да поўдня.

Але ўсё ж спадар Каліценя мяркуе, што акцыя атрымалася.

(Каліценя: ) "Гэта першая наша спроба зьмяніць эканамічныя патрабаваньні на палітычныя. Што да іншых рынкаў, то, напрыклад, у Ждановічах наш прафсаюз папрацаваў больш удала. Паводле нашых зьвестак, там каля 90 адсоткаў гандляроў падтрымалі страйк.

Мы праехалі па іншых рынках Менску — у сярэднім каля 40 адсоткаў гандляроў рэчавым асартымэнтам падтрымалі палітычныя патрабаваньні".

Што да старшыні страйкаму прадпрымальнікаў Валер'я Леванеўскага, то, паводле Лявона Каліцені, па дарозе з Горадні ў Менск у яго паламалася машына і Леванеўскі ня здолеў дабрацца да сталіцы й узяць удзел у страйку.
XS
SM
MD
LG