Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯЗГОДНЫХ ЗАВЕСЬЦІ Ў СЯБЕ РАДЫЁКРОПКУ ЗАНОСЯЦЬ У АДМЫСЛОВЫЯ СЬПІСЫ


Ганна Соусь, Менск

Міністэрства сувязі сумесна зь мясцовымі ўладамі распачало кампанію аднаўленьня праваднога радыёвяшчаньня ў тых вёсках, дзе яно мінулымі гадамі было страчанае. Прыкладам, супрацоўнікі Ганцавіцкага вузла сувязі цяпер правяраюць наяўнасьць "радыёкропак" у раёне, і там, дзе іх няма, пераконваюць жыхароў усталёўваць іх.

Адметна, што тых вяскоўцаў, што адмаўляюцца ад "радыёкропак", сувязісты заносяць у адмысловы сьпіс. Да таго ж вядзецца перапіс прыймачоў. Магчыма, каб ведаць — хто слухае праграмы выключна дзяржаўнага радыё, а хто зь вяскоўцаў мае магчымасьць на кароткіх ды сярэдніх хвалях прымаць замежныя радыёстанцыі.

Вось як тлумачыць новую кампанію радыёфікацыі кіраўнік упраўленьня тэлебачаньня ды радыёвяшчаньня Міністэрства сувязі Георгі Грынявіцкі:

(Грынявіцкі: ) "Улічваючы шматлікія скаргі на тое, што ў многіх месцах няма праваднога вяшчаньня альбо яно кепска працуе, ідзе высьвятленьне — хто хоча яшчэ? Мы зьвярталіся з такой просьбай да ўсіх мясцовых вузлоў сувязі ды мясцовых органаў улады. Калі ў нейкай вёсцы ёсьць шмат ахвотных, то тады будзем лічыць, і калі гэта эканамічна выгадна, адновім правадное вяшчаньне".

Радыёкропка для многіх вяскоўцаў, якія ня маюць грошай на газэты — адзіная крыніца інфармацыі. У сувязі з хуткімі прэзыдэнцкімі выбарамі ўлада імкнецца пашырыць кола людзей, якія будуць мець толькі аднабаковую інфармацыю, — мяркуе сябар праўленьня Беларускай Асацыяцыі Журналістаў Уладзімер Дзюба.

(Дзюба: ) "Быццам бы гэта клопат пра інфармацыйнае забесьпячэньне насельніцтва. А асабіста я бачу нэгатыў у тым, што людзі будуць атрымліваць толькі аднабаковую афіцыйную інфармацыю. Бо альтэрнатыўных пунктаў гледжаньня на беларускім радыё проста няма.

Калісьці "правадыр ўсясьветнага пралетарыяту" казаў, што камунізм гэта ёсьць савецкая ўлада плюс электрыфікацыя ўсёй краіны. У сёньняшняй інтэрпрэтацыі: рынкавы сацыялізм — гэта ёсьць аўтарытарная ўлада плюс радыёфікацыя ўсёй краіны".
XS
SM
MD
LG