Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КНІГІ ЕЖЫ ГЕДРОЙЦЯ ПАДОРАНЫЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ БІБЛІЯТЭЦЫ БЕЛАРУСІ


Юрась Барысевіч, Менск

Парыскі Інстытут польскае літаратуры падараваў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 6 000 кніг і часопісаў са збораў Ежы Гедройця, рэдактара эмігранцкага часопісу Kultura, які шмат зрабіў для ўмацаваньня польска-беларускага сяброўства. Падчас прэзэнтацыі першых 2 000 кніжак гэтай калекцыі ў галерэі Нацыянальнае бібліятэкі адчынілася фотавыстава “Апошні год жыцьця Ежы Гедройця”.

Менскі дызайнэр Руслан Найдзен перамог на міжнародным конкурсе палітычнага плякату, які штотрыгады праходзіць у бэльгійскім горадзе Монсе. Плякат Найдзена мае назоў “Свабода”. Мастак напісаў букет тульпанаў: пялёсткі амаль усіх кветак сьціснутыя гумкамі, але адзін тульпан здолеў скінуць зь сябе гэтыя “кайданы” й распусьціўся ўва ўсёй прыгажосьці. Мастацкі музэй гораду Монсу набыў гэты плякат для сталае экспазыцыі.

У галерэі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту адчынілася выстава польскага мастака беларускага паходжаньня Анджэя Струмілы. Многія беларускія скульптары бралі ўдзел у міжнародных пленэрах Integrart, якія пан Анджэй ладзіць штогод у сваім маёнтку блізу Сувалак. У Менск Струміла прывез не арыгіналы, а ксэракопіі сваіх твораў, бо збаяўся праблемаў на беларускай мяжы.

У музэі-запаведніку “Заслаўе” адчынілася выстава “Ілюзіі й рэаліі магнатаў Пшазьдзецкіх”. Мастак Віктар Маркавец аднавіў партрэты графаў Пшазьдзецкіх, якія колісь мелі свой палац у Заслаўі, партрэты Радзівілаў, Агінскіх і Чартарыйскіх — магнатаў, якія таксама спрычыніліся да лёсу Заслаўя. Арыгіналы партрэтаў загінулі ў Варшаве падчас вайны. Апроч таго, Маркавец зрабіў копію панарамы Заслаўя ХІХ стагодзьдзя, якая захоўваецца ў Кракаве. Мастак ужо атрымаў запрашэньне паказаць выставу ў польскіх музэях.

Фірма “Каўчэг” выпусьціла кампутарны кампакт-дыск таямнічага рок-гурта Zet, удзельнікі якога заўсёды хаваюць свае твары пад маскамі. Паводле нашых зьвестак, лідэрам гурта зьяўляецца аматар усялякіх містыфікацыяў Лявон Вольскі. Дэбютны альбом ягонай новай каманды мае назоў “З Новым годам!”. На дыску запісаныя 10 кампазыцыяў, фотаздымкі й відэакліп на песьню “Радзіма-свабода”, які быў зьняты на канцэрце ў Шчэціне.

У Беларускім гуманітарным ліцэі прайшла сустрэча з аўтарамі полацкага часопісу “Калосьсе” й беластоцкага часопісу “Правінцыя”. У новым нумары “Калосься” ўпершыню пераважаюць сталічныя аўтары, якія не знайшлі магчымасьці апублікаваць свае скандальныя тэксты ў Менску. Прэзэнтацыю азмрочыў трагічны ўчынак адной з навучэнак ліцэю: дзяўчына з кветкамі ў руках скокнула з вакна чацьвертага паверху й моцна паранілася.
XS
SM
MD
LG