Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКІМІ БУДУЦЬ СЁЛЕТНІЯ ПРЭЗЫДЭНЦКІЯ ВЫБАРЫ? ЦІ БУДЗЕ З КАГО ВЫБІРАЦЬ? І ЎВОГУЛЕ, ЦІ ВАРТА Ў ТАКІХ ВЫБАРАХ УДЗЕЛЬНІЧАЦЬ?


Валянцін Жданко, Менск

Наш сталы слухач Язэп Бульба з Жабінкі Берасьцейскай вобласьці ўпэўнены, што, калі ў выбарчых бюлетэнях будзе імя Аляксандра Лукашэнкі, галасаваньне трэба байкатаваць. І вось чаму:

"Ні ў кога няма сумневу: 2001 год для Беларусі — лёсавызначальны. Усе бачаць, што Лукашэнка перадвыбарчую кампанію ўжо распачаў. На яго працуе ўся ўладная машына, дзяржаўныя мэдыі, сілавыя ведамствы.

Але ж народ Беларусі хоча пераменаў, бо надакучыла жыць у жабрацтве і ў пастаяннай хлусьні.

Думаю, сваю нацыянальную ідэю мы ўжо знайшлі — гэта вызваленьне ад такога рэжыму. Вось толькі як гэтую ідэю ажыцьцявіць?

Шкада, але на гэты момант паразуменьня сярод патэнцыйных кандыдатаў ад апазыцыі няма. Ніхто ня ведае, колькі прозьвішчаў будзе ў выбарчых бюлетэнях. Зрэшты, невядома, колькі будзе й саміх бюлетэняў, бо пры такой уладзе магчымыя любыя фальсыфікацыі.

Таму, на маю думку, маюць рацыю тыя, хто заклікае: калі ў бюлетэнях будзе прозьвішча Лукашэнкі, на выбары не хадзіць увогуле, аб’явіць ім байкот.

Хачу нагадаць словы Зянона Пазьняка пра тое, што "ўсе сродкі добрыя, калі трэба бараніць сваё жыцьцё, сваю сям’ю, сваю незалежнасьць і сваю будучыню", — напісаў Язэп Бульба з Жабінкі.

Тое, што ў бюлетэнях будзе імя Аляксандра Лукашэнкі, на сёньняшні момант, спадар Бульба, сумневу не выклікае. Але ці павінна гэта стаць падставай для байкоту? У грамадзтве вялікае жаданьне зьменаў — усе сацыялягічныя апытаньні пра гэта сьведчаць. Людзі хочуць выбараў, і на выбары пойдуць.

Пытаньне ў тым, каб выбары гэтыя былі сумленныя і справядлівыя, і каб перамог на іх той, хто сапраўды карыстаецца найбольшай падтрымкай людзей.

Што да вашага цьверджаньня пра тое, што патэнцыйныя кандыдаты ад апазыцыі ня здолелі знайсьці паразуменьня, то выглядае, што казаць пра гэта заўчасна.

Нядаўняя сумесная заява "пяцёркі" сьведчыць пра іншае — апазыцыйныя палітыкі ўсьведамляюць небясьпеку няўзгодненых дзеяньняў. Але і гэтая іхная заява неадназначна ўспрынятая ў асяродзьдзі апазыцыі. Вось які ліст на гэтую тэму даслаў нам Валянцін Мацкевіч зь Менску. Ён піша:

"Падпісаўшы сумесны зварот, "пяцёрка" патэнцыйных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта груба парушыла Акт незалежнасьці Беларусі ад 29 ліпеня мінулага году і абодвух Кангрэсаў дэмакратычных сілаў, якія засьведчылі, што найвялікшая каштоўнасьць Беларусі — гэта незалежнасьць.

А ўсе саюзныя дамовы, падпісаныя Лукашэнкам, відавочна супярэчаць Канстытуцыі, бо абмяжоўваюць дзяржаўны сувэрэнітэт Беларусі. Між тым, "пяцёрка" фактычна прызнала законнасьць стварэньня так званага саюзу Беларусі й Расеі, у якім, бачыце, магчымае "взаимовыгодное сотрудничество".

Большую шкоду, якую прычынілі гэтым незалежнасьці Беларусі падпісанты, ужо ўзьведзеныя мэдыямі ў ранг "лідэраў апазыцыі", цяжка нават уявіць. Гэта сёньня найлепшы падарунак для расейскай дыпляматыі: ёй дадзена афіцыйная папера, што апазыцыя прызнае легітымнасьць так званага саюзу. Хто ж тады не прызнае такі аншлюс?"

Спыню на гэтым цытаваньне ліста Валянціна Мацкевіча, каб заўважыць, што ў сумеснай заяве "пяцёркі" не ідзе размова пра законнасьць беларуска-расейскага саюзу — там акрэсьліваюцца асноўныя прынцыпы зьнешняй палітыкі, як іх бачаць пяцёра патэнцыйных кандыдатаў. У тым ліку пацьвярджаецца і непарушнасьць незалежнасьці Беларусі.

Але Валянціна Мацкевіча надзвычай узрушыў тэзыс пра тое, што "пяцёрка" лічыць магчымым узаемавыгаднае супрацоўніцтва з Расеяй у нейкім міждзяржаўным аб’яднаньні дзьвюх сувэрэнных краінаў. І ён робіць такую выснову:

"Адной фразай зьведзеныя на нішто намаганьні беларускай апазыцыі апошніх пяці гадоў. Стала відавочна, што адбылася падмена сфармаванай апазыцыі штучна створанай прыручанай групоўкай.

Небясьпека ў тым, што сапраўдныя апазыцыйныя палітычныя арганізацыі цяпер могуць быць проста заблякаваныя, а гульня будзе весьціся толькі з падпісантамі. Гэты варыянт прайшоў у 2000-м годзе ў Кіргізіі, і, хутчэй за ўсё, распрацаваны ён у ФСБ Расеі.

Але, улічваючы, што Лукашэнка не ва ўсім пасуе Крамлю, яму, магчыма, падрыхтаваная роля ахвяры, а выкананьне ролі прэзыдэнта несувэрэннай Беларусі Крамлю хочацца ўскласьці на Ўладзімера Ярмошына, а не на пяцёх, так бы мовіць, "пакупнікоў паветра".

У такіх умовах Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў павінна хутка і рашуча аб’явіць пра ануляваньне ўсіх папярэдніх дамоваў аб падтрымцы "пяцёркі" і аб’явіць гэтых асобаў па-за аб’яднанай апазыцыяй. Таксама трэба правесьці ўнутранае расьсьледаваньне гэтага надзвычайнага здарэньня. Асабіста я патрабую адказнасьці", — напісаў Валянцін Мацкевіч зь Менску.

Вашыя высновы, спадар Валянцін, выглядаюць дужа катэгарычнымі і ня надта абгрунтаванымі. Палітык, які ставіць за мэту законным чынам, праз справядлівыя выбары здабыць уладу, павінен улічваць расейскі фактар і стаўленьне большасьці людзей да раўнапраўных узаемавыгадных адносінаў з Расеяй.

Вы ж, відавочна, ужо ў адной згадцы пра магчымасьць такіх адносінаў бачыце замах на незалежнасьць і падкопы расейскіх спэцслужбаў. Думаю, што вашыя погляды падзяляюць вельмі нямногія з тых палітыкаў, якія маюць шанцы здабыць уладу ў Беларусі.

Багуслаў Унгур, зьняволены 8-га атраду калёніі асаблівага рэжыму УЖ 15-13 у Глыбокім Віцебскай вобласьці, распавёў нам пра тое, як у асяродзьдзі асуджаных мянялася стаўленьне да рэлігіі й да праблемы міжканфэсійных адносінаў у Беларусі. Слухач піша:

"У нашай калёніі, разьмешчанай у сьценах старадаўняга Безьвярэчанскага манастыра, цяпер каля 1 600 зьняволеных. Хоць у былыя часы агульная колькасьць вязьняў вагалася на мяжы 600–700 чалавек.

Адміністрацыя спрабуе наладзіць нармалёвае жыцьцё, але як гэта зробіш, калі няма грошай. З-за перанаселенасьці зьняволеных трымаюць у нечалавечых умовах.

Як праява сапраўдных біблейскіх цудаў для нас — зьяўленьне вернікаў Царквы веры эвангельскай — "пяцідзясятнікаў", якія бясплатна раздаюць нам самае неабходнае: мэдыкамэнты, адзеньне, абутак для выхаду на волю.

Божае слова і рэальныя праявы хрысьціянскай міласэрнасьці ўзьдзейнічаюць нават на самых закаранелых рэцыдывістаў.

А вось мясцовы праваслаўны сьвятар калі некалькі гадоў таму раз-пораз і наведваў калёнію, то цяпер ніхто ня можа ўспомніць, калі гэта адбылося апошні раз.

Мы з абурэньнем даведаліся, што мітрапаліт Філарэт узнагародзіў прэміямі праваслаўнай царквы Чайку, Яновіч і Шыманскага — журналістаў, якія вызначыліся тым, што пастаянна ліюць бруд і абразы на вернікаў-пратэстантаў.

Няхай бы Філарэт наведаў нашу калёнію і сам упэўніўся ў тым, хто насамрэч ажыцьцяўляе запаветы Хрыста — вернікі-пратэстанты ці праваслаўныя сьвятары. Тады зразумеў бы, чаму ён губляе павагу і аўтарытэт сярод праваслаўных грамадзянаў Беларусі", — напісаў ад сябе і ад імя іншых асуджаных Глыбоцкай калёніі Багуслаў Унгур.

У Беларусі стаўленьне ўлады да праваслаўнай царквы іншае, чым да астатніх (у тым ліку і хрысьціянскіх) канфэсіяў. Гэта выразна бачна і з выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі, і па асьвятленьні міжканфэсійных праблем дзяржаўнымі мэдыямі. Ці спрыяе гэта верацярпімасьці й грамадзкай згодзе — бачна сярод іншага і зь ліста зьняволеных з Глыбокага.

А ўвогуле, відавочна, што прыцягальнасьць для чалавека тых ці іншых духоўных ідэалаў ня можа быць вызначаная "зьверху", прэзыдэнцкім указам ці дэкрэтам.

На заканчэньне — ліст ад Валера Бурэніна з Клецку Менскай вобласьці. Ён піша:

"Я даўні слухач вашых перадач. Днямі чуў расповед пра родныя мясьціны — вашыя карэспандэнты пабывалі на Клеччыне й запісалі пра гэта радыёнарыс. Казалі праўду — у тым ліку пра тое, што людзі ў нас добрыя і працавітыя.

Але ж гэтага мала, павінен жа быць і нейкі плён ад гэтай працы і гэтай дабрыні. Людзі хочуць жыць лепш — хаця б так, як у суседняй Польшчы. На жаль, многія, асабліва людзі сталага веку, пра тое жыцьцё ведаюць мала. Хоць Сяргей Навумчык на Свабодзе і распавядае пра жыцьцё ў замежжы, ды й па тэлебачаньні крыху знаёмяць, але гэтага недастаткова.

Ня ўсе добра разумеюць, чаму так сталася: калі мы такія талерантныя і працавітыя, дык чаму так кепска жывём? І многія задаюць пытаньне: як жыць далей? Задаюць цяперашнім уладам, хоць задаць яго трэба, на маю думку, найперш сабе. І самім знайсьці адказ на яго", — напісаў Валер Бурэнін з Клецку.

Зусім слушная заўвага, спадар Валер. Хоць, шукаючы прычыны ў сабе, чалавек разважлівы і сумленны немінуча прыйдзе да асэнсаваньня таго, якую грамадзкую пазыцыю ён займае і які палітычны выбар робіць.

На мінулым тыдні мы таксама атрымалі лісты ад Уладзімера Гурскага зь мястэчка Васілевічы Гомельскай вобласьці і Ліліі Сяменчык зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG