Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЛЕМЭНТЫ ШАМАНІЗМУ Ў АРХАІЧНАЙ КУЛЬТУРЫ БЕЛАРУСАЎ


Вячаслаў Ракіцкі, Менск

(Ракіцкі: ) "Шаманізм, паводле словаў Мірчы Эліядэ, ёсьць адной з архаічных тэхнік экстазу і адначасова містыкай, магіяй і рэлігіяй у шырокім разуменьні гэтага слова, з уласьцівымі ёй касмалёгіяй і магічнымі тэхнікамі.

Элемэнты шаманізму знаходзяцца, бадай, ва ўсіх рэлігійных сыстэмах сьвету. Мы ведаем пра шаманізм у Сібіры, Скандынавіі. Але нас, натуральна, цікавіць наш рэгіён, нашыя землі.

Маім госьцем — мастак, этноляг, адзін з заснавальнікаў Цэнтру этнакасмалёгіі Тодар Кашкурэвіч. Тодар, ці быў уласьцівы шаманізм архаічным беларусам? Якія элемэнты вызначаюць рэлігійную сыстэму як шаманскую?"

(Кашкурэвіч: ) "Адным з цэнтральных элемэнтаў шаманскай касмалёгіі зьяўляецца трохчасткавы падзел сусьвету ў ягонай вэртыкальнай праекцыі, сымбалем і ўвасабленьнем якога зьяўляецца Сусьветнае Дрэва.

Сусьветнае Дрэва мае прынцыповае значэньне для шамана. Яно стаіць у Цэнтры Сьвету, ягоныя галіны дасягаюць Неба, ягоныя карані сягаюць Апраметнай. Дрэва — шлях для шамана. Узьбіраючыся на яго, шаман мае магчымасьць трапіць ва ўсе часткі Сусьвету: у сьвет багоў, у сьвет продкаў. Зь ягонай драўніны шаман робіць сабе бубен.

Што да спэцыфічнай шаманскай тэхнікі, то яна выяўляецца ў здольнасьці ўзносіцца на Неба (здольнасьць да левітацыі), здольнасьці сыходзіць у Апраметную, выкліканьне і ўвасабленьне "духаў" для ажыцьцяўленьня экстатычнага вандраваньня, здольнасьць "уладарыць над агнём".

(Ракіцкі: ) "Тодар, хто мог быць шаманам?"

(Кашкурэвіч: ) "Шаманы былі "абраныя", і яны былі далучаныя да сфэры сакральнага, недасягальныя для астатніх чальцоў грамады. Шаман — паэт, сьпявак, музыка, прарок, жрэц і лекар, ён — захавальнік рэлігійных і народных традыцыяў, паданьняў. Ну акурат як апісвалі менскія жанчыны сьвятара Севасьцея зь менскага капішча: "і швец, і жнец, і ў дуду ігрэц".

(Ракіцкі: ) "Але традыцыйна шаманізм зьвязваюць з жрэцкімі практыкамі. Жрэцкі кодэкс пасьля прыняцьця хрысьціянства стаўся практычна "белай плямай".

(Кашкурэвіч: ) "Пра жрэцкі стан у нашае архаічнае традыцыі захавалася надзвычай мала паведамленьняў. А пра характар жрэцкіх практык не вядома нічога.

Колькі словаў пра сакральны статус нашае зямлі. "Крывія" — як цэнтар Сусьвету, месца, адкуль бяруць вытокі найбуйнейшыя ўсходнеэўрапейскія рэкі — Волга, Дняпро, Дзьвіна. Гэта месца, дзе рэканструктыўна знаходзілася Гіпэрбарэя, гара Мэру, Хара Берэзайці, краіна, дзе знаходзіліся ўваход на Неба і ў Падзем’е, краіна жрацоў-крывісаў і г.д.

Сярод народных паданьняў з пракаветных часоў ёсьць і такія, што апавядаюць аб старажытных насельніках нашай зямлі — асілках або волатах. Пра гэта ж знойдзем і ў міталёгіях іншых індаэўрапейскіх народаў.

Характэрнай рысай пракаветных волатаў была такая фізіялягічная ўласьцівасьць як лішняя "чортава" костка — рабро ці грудзіна, як суцэльны панцыр. Відаць, тая костка была адной з прычын неверагоднай моцы волатаў. Пазьней этнолягі зафіксавалі карагод, падчас якога ўдзельнікі моцна круціліся, узяўшыся за рукі і сьпявалі: "Чортава костка, хто адарвецца, гора набярэцца…"

(Ракіцкі: ) "Чаму менавіта костка ва ўяўленьнях архаічнага чалавека набывала магічны сэнс?"

(Кашкурэвіч: ) "Паводле некаторых лінгвістаў, нашы продкі размаўлялі на дыялектах балтыйскай моўнай групы, ды й дагэтуль некаторыя беларускія дыялекты маюць рысы заходнебалтыйскага характару. У старажытнапрускай мове, роднаснай мове нашых продкаў, слова, што азначае рабро, гучыць як "greiwakaulin", што значыць "крывая костка".

Але нашы міталягічныя факты дазваляюць разумець гэтае слова і як "костка (жраца) Крыве", адпаведна — костка першанасельнікаў нашае зямлі, волатаў, жрацоў-крывічаў.

Тое, што старажытныя тутэйшыя жрацы валодалі нейкай своеасаблівай косткай, крывой косткай як нейкім атрыбутам уяўляецца цікавым у сувязі з алтайскай шаманскай традыцыяй. У іх адным з галоўных атрыбутаў шамана ёсьць костка, рабро або грудзіна птушкі — гэта прадметы давалі шаману здольнасьць да палётаў у розныя сьветы".

(Ракіцкі: ) "А ці захаваліся ў нас легенды пра людзей зь нечалавечымі здольнасьцямі — прыкладам, пра такіх, што могуць лятаць?"

(Кашкурэвіч: ) "Існуе легенда пра Зьмея-краўца з навакольляў Лукомскага возера — так бы мовіць, з крыўскага "Лукамор’я", які жыў у камені, шыў вопратку людзям, што служыла 100 гадоў. Калі ўладальнік гэнай вопраткі рэгулярна хадзіў на ігрышчы — яна распадалася на кавалкі. Калі чалавек заходзіў у царкву — ператвараўся ў зьмея і лётаў у Лукомскую старану да сваёй каханкі, перавярнуўшыся ў вясёлку. Ну а так хадзіў "у міры" як чалавек, схаваўшы крылы пад пінжак.

Паўстае вобраз самотніка-валхва, які, калі ў гарадох ужо панавала хрысьціянства, вымушаны быў хавацца і жыць у лесе, займацца няхітрым рамяством — кравецтвам".

(Ракіцкі: ) "Рамесьніцкае азначэньне "кравец" паходзіць, як мяркуюць лінгвісты, праз народна-этымалягічнае перавытлумачэньне ад балцкага "Kryvis", у славянамоўнай рэдакцыі — "Крывец".

Дый архаічная тэхналёгія краеньня вопраткі — ці не адпавядае яна акту сымбалічнага ахвярапрыношаньня як падставы для стварэньня адзеньня паводле міту, рытуальнай мадэлі. Пацьверджаньне гэтай думкі знаходзім зноў-такі ў алтайскай шаманскай міталёгіі, дзе вярхоўны нябесны бог Ульгень кроіць (разумей — стварае) душы людзям — накшталт абутку ці вопраткі, што ў нашым выпадку насамрэч мог выконваць чалавек, набліжаны да багоў — жрэц.

Здольнасьць краўца-крывіса ператварацца ў зьмея — ці ня сьведчаньне пра шаманскую тэхніку — левітацыю, здольнасьць перамяшчацца ў паветры. Пра гэта неверагодна шмат у шаманскіх міталёгіях — як індаэўрапейскіх, так і цюрска-татарскіх".

(Ракіцкі: ) "Падаецца, што элемэнты шаманізму перадусім можна назіраць у тэхніках рамёстваў. Якія яшчэ традыцыйныя рамёствы ці іхныя тэхналёгіі можна зьвязаць з шаманізмам?"

(Кашкурэвіч: ) "Большасьць архаічных тэхналёгіяў паўстала з першапачатковых рытуальных дзеяньняў. Старажытныя жрацы Сусьвет выкоўвалі, ткалі, высякалі — як цесьляры, ляпілі — як ганчары. Гэтаксама, як багі. І напачатку, і пазьней захавалася стаўленьне да рамесьнікаў як да чарадзеяў, людзей, што маюць уласьцівасьць зносіцца з найвышэйшымі сіламі.

Перадусім бортніцтва надзвычай багатае на элемэнты шаманскай ідэалёгіі. Гэта раскрываецца напоўніцу толькі на супастаўленьні матэрыялаў усёй этнакультурнай зоны — Цыркумбалтыкі, з вывярэньнем на матэрыялах сібірскіх і алтайскіх, дзе шаманізм захаваўся як цэласная сыстэма да нашых дзён.

Архаічная форма бортніцтва — гэта борці, разьмешчаныя на дрэвах, ці раі, што жывуць у дуплах дрэваў. "Сьвятыя пчолкі", "біты ярыя" ("біты" ў беларускіх песьнях ад балцкага "Bite" — 'пчала'), што жывуць у дупле дрэва, — сымбаль вельмі глыбокай архаікі, карані якога ў саміх пачатках індаэўрапейшчыны.

Але для нас цікавая асоба бортніка. Рэч у тым, што лазаньне, перасоўваньне, перамяшчэньне па дрэве ёсьць адной з найважнейшых магіка-апэрацыйных практык шамана. Шаманская тэхніка па-сутнасьці заключаецца ў пераходзе з адной касьмічнай сфэры ў другую: зь Зямлі на Неба або зь Зямлі ў Пекла. Дрэва ёсьць дарогай для ягоных падарожжаў".

(Ракіцкі: ) "Чакайце, але людзі заўсёды хадзілі, перамяшчаліся, лазілі па дрэвах… Пры чым тут шаманізм?"

(Кашкурэвіч: ) "З тэмай Сусьветнага Дрэва, мёдам (апасродкавана — пчалярствам) зьвязаны цэлы блёк германа-скандынаўскай міталёгіі. Гэта найперш міт пра бога-Одзіна, гэткага бога-экстатыка. Імя ягонае Odin паходзіць з стара-ісьляндзкага "odr" — 'дзікі', 'ярасны', а яшчэ — 'натхненьне', 'паэзія'.

Сапраўды, асоба і міт Одзіна — Страшэннага Ўладара і Вялікага Мага — паказваюць нам некалькі істотных шаманскіх рысаў. Каб спасьцігнуць таемную мудрасьць рунаў, Одзін сам сябе прыцяў кап’ём да крывога дрэва, правісеў там дзевяць дзён і начэй. Навукоўцы бачаць у гэтым абрад пасьвячэньня, параўноўваюць яго нават з ініцыяцыйным залязаньнем шаманаў на дрэва.

А калі яшчэ ўзгадаць, што Одзін праславіўся таксама тым, што здабыў мёд паэзіі, то перад намі паўстае вобраз сапраўднага "бога-пчаляра". Бортніцтва ў сувязі з сыстэмай пісьма яскрава адлюстраванае й на балцка-крыўскіх этнаграфічных і моўных фактах.

Славянскае слова "борць" паходзіць ад дзеяслова са значэньнем 'буравіць', 'длубаць', а ў латыскай мове слова "burts" азначае знак або літару. Вядомыя "бортныя знакі" — ці не рэлікт нейкай тутэйшай граматы, накшталт германскіх рунаў — гэткія "чэрты і рэзы", адкрытыя ў прасьвятленьні тутэйшым бортнікам-шаманам падчас мэдытацыі пад пчаліны гуд, калі яны сядзелі на дубовым суку.

Дарэчы, у літоўскай мове "burtininkas" — слова, што азначае чарадзея, а "burti" — чараваць. У старажытнасьці бортнікі ўтваралі цэлыя таемныя бортныя брацтвы — "biculiste", або сябрыны. Бортнікі ва ўяўленьнях народу мелі вельмі высокі статус. У песьнях, дзе згадваюцца тры сыны ў якасьці трох саслоўяў, бортнікі займаюць побач з дударом найвышэйшае становішча".

(Ракіцкі: ) "Шаманізм зьвязваецца з экстатычнымі перажываньнямі, экстатычным станам чалавека. Вельмі часта экстазу чалавек дасягае праз музыку".

(Кашкурэвіч: ) "Дудар у шаманстве моцна ўражвае, вось сапраўды — утрапёны скамарох, жрэц экстатычных абрадаў, творца рытуальнага экстазу!

І ў дзеяньнях дудара шмат элемэнтаў шаманізму. Гэта, безумоўна, вешаньне дуды, тутэйшага шаманскага інструмэнту, зробленага з прынесенай у ахвяру казы (на дрэве "эх, павесіў ён дуду, на зялёным на дубу"). Гэта й матыў граньня дудара, які сядзіць на дрэве ("сядзіць дзед на дубе і іграець на дудзе") або замена яго арніталягічным увасабленьнем — жоравам ("сядзіць жораў на дубе і іграець на трубе"), або можа быць заменены ўвогуле таямнічай асобай нейкага камара ("сядзіць камар на дубе"), і ўжо гэты ж камар сядзіць на палку ў лазьні ("камар лазьню тапіў")… Потым усе яны пачынаюць валіцца ад наляцелай буры, ламіць сабе бакі, ногі, дудовыя гукі...

Далей яшчэ цікавей! Узьнікае тэма лазьні, "магічнага жару" — яшчэ аднаго знакавага элемэнту шаманізму. Жар зьяўляецца адным з атрыбутаў шаманскага камланьня. Рытуальныя лазьні выконвалі магічную ролю ў падрыхтоўцы будучых шаманаў — як месца экстатычных перажываньняў. Насамрэч лазьня — культавае месца: камяні, агонь, вада — элемэнты, зь якіх складаецца сьвет, і ўсе яны ў рытуальна-касмаганічным узаемадзеяньні! У Перуноў дзень — у чацьвер".

(Ракіцкі: ) "Ці ня маем мы тут пад мноствам імёнаў і пэрсанажаў пэўную сыстэму кодаў, здольную прыстасоўвацца пад любыя, часта неспрыяльныя ідэалягічныя сытуацыі?"

(Кашкурэвіч: ) "Пасьля прыняцьця хрысьціянства прыхільнікі старой веры мусілі хаваць сваіх пэрсанажаў, істотныя паняцьці за мэтафары. Існавала сыстэма разнастайных кодаў: код музычны, чалавечага адзеньня, казуркавы, птушыны, побытавых прадметаў, якія ў любой сытуацыі маглі замяняць адно аднаго.

Ці не замяняе казурка-камар нейкі іншы пэрсанаж паводле сугучча, алітэрацыі? Дарэчы, слова 'камар' паходзіць ад індаэўрапейскага слова 'камру' — рой. Менавіта, скамарохі-валачобнікі атаясамляліся ў нашае народнае традыцыі з роем. І ці не ўвасаблялі традыцыі скамарохаў-валхоўнікаў тутэйшы шаманізм?"

(Ракіцкі: ) "Дык што, беларуская духоўная традыцыя прэтэндуе на шаманскую?"

(Кашкурэвіч: ) "Варта адзначыць, што наяўнасьць таго ці іншага шаманскага фэномэну яшчэ не азначае, што магіка-рэлігійнае жыцьцё таго ці іншага народу засяроджанае вакол шаманізму, але выяўленьне і дасьледаваньне такіх зьяваў здаецца пэрспэктыўным у вывучэньні архетыпаў той ці іншай культуры".

(Ракіцкі: ) "Мы гаварылі, што шаманізм у архаічным грамадзтве быў уласьцівы абраным асобам, і яны валодалі пэўнымі тэхнікамі.

Сучасная цывілізацыя таксама дае прыклады абраных асобаў, якія выкарыстоўваюць магутныя тэхнікі й тэхналёгіі дзеля дасягненьня сваіх мэтаў. Ці ёсьць тут паралелі?"

(Кашкурэвіч: ) "Паралелі тут, безумоўна, ёсьць, але хутчэй фармальныя. Існуюць тэхналёгіі фармаваньня сьвядомасьці, навязаньня стэрэатыпаў, стварэньня пэўнага псыхалягічнага тыпу чалавека.

Як мне падаецца, сучасныя шаманы таксама ствараюць пэўны тып рэлігійнае сьвядомасьці, выкарыстоўваючы дзеля гэтага сродкі масавае інфармацыі, экран, папулярную музыку, моду. Яны, застаючыся ананімнымі, ствараюць пэўны тып ідэалёгіі, выбіраюць прэзыдэнтаў, ствараюць пэўны тып сьвядомасьці грамады па пэўных сваіх сцэнарах".
XS
SM
MD
LG