Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЮДЗЕЙ У ЛАНЦУГУ З ПАРТРЭТАМІ ЗЬНІКЛЫХ СЁНЬНЯ НЕ ЗАТРЫМЛІВАЛІ


Юры Сьвірко, Менск

Менавіта там, ля Кастрычніцкай плошчы й Палацу Рэспублікі, дзе тады ўжо скончыўся "Ўсебеларускі народны сход", я зьвярнуўся з пытаньнем да Людмілы Гразновай, сяброўкі палітычнае рады АГП.

(Карэспандэнт: ) "Што прымусіла вашу партыю наладзіць гэтую акцыю — Жывы ланцуг неабыякавых людзей? Чаму вы выйшлі на праспэкт?"

(Гразнова: ) "Няма як маўчаць. Гэта наш боль — зьніклыя людзі. Ганчар, Карпенка, былы міністар унутраных справаў Захаранка — гэта не шараговыя людзі, а палітыкі. І калі такія людзі зьнікаюць ці раптоўна паміраюць, гэта сьведчыць пра тое, што ў дзяржаве робіцца нешта страшнае.

За ўсё адказвае чалавек, што называе сябе прэзыдэнтам, ён сам казаў: я ў адказе за ўсё, што робіцца ў гэтай краіне. Мы гэта давялі сёньня да гараджан, да насельніцтва Беларусі, да міжнароднай супольнасьці. У гэтай краіне зьнікаюць і паміраюць раптоўна людзі!"

(Карэспандэнт: ) "Відавочна, што гэтая акцыя была прымеркаваная да "Ўсебеларускага народнага сходу". Надвор'е вам папсавала крыху. Як бы вы ацанілі колькасьць удзельнікаў акцыі?"

(Гразнова: ) "Большасьць як 100 грамадзян і актывістаў бралі ўдзел. Мы стаялі з партрэтамі зьніклых і памерлых. Надвор'е сапраўды было вельмі дрэннае. Але ж з дапамогай СМІ мы давялі гэта да ўсіх неабыякавых людзей і да тых, хто ехаў на аўтобусах пасьля "Ўсебеларускага сходу". Я называю яго калхозным сабраніем, бо падтрымліваць Лукашэнку можа толькі самы неадукаваны чалавек.

Я вельмі паважаю людзей, што робяць на зямлі, але сёньня ня трэба быць калхозьнікам і ня трэба падтрымліваць гэтага шклоўскага старшыню".

Спадарыня Гразнова з Аб'яднанае грамадзянскае партыі казала гэта ў той час, калі дэлегаты сёньняшняга "сходу" разьяжджаліся на аўтобусах з Кастрычніцкай плошчы. Вось як сустракалі іх удзельнікі акцыі "Жывы ланцуг неабыякавых людзей".

(Людзі: ) "Ганьба! Ганьба!"

Пакуль людзі скандавалі "Ганьба", ля выхаду з мэтро паўстаў яшчэ адзін ланцуг неабыякавых людзей — у цывільным. Яны пачалі выціскаць усіх у мэтро, а адзін зь іх, таксама ў цывільным, крычаў у мэгафон:

(Чалавек у цывільным: ) "Адыдзіце, калі ласка! Адыдзіце на 3 мэтры!"

Некаторыя ўдзельнікі акцыі сьпявалі "Магутны Божа" й дзяліліся свамі меркаваньнямі.

Я спытаўся ў некаторых удзельніц акцыі, што прывяло іх сёньня на праспэкт:

(Спадарыня: ) "Каб было болей у Беларусі неабыякавых да гэтага людзей, каб выказаць сваёй прысутнасьцю, што ў нас у Беларусі робіцца бяспраўе".

(Карэспандэнт: ) "А Вы?"

(Красоўская: ) "Таму што мой муж — Красоўскі. Я сюды прыйшла для таго, каб людзі, якія тут жывуць (мабыць, нехта зь іх ня ведаў), нарэшце даведаліся. Мажліва, тое, што мы тут стаім, і тое, што яны паглядзяць, абудзіць у іхнай сьвядомасьці думку пра тое, што ня ўсё ў парадку ў нашай дзяржаве, калі зьнікаюць людзі. Прычым людзі вядомыя. І ніхто ня можа сказаць — праз ужо два гады — дзе яны, што яны ды што зь імі здарылася".

(Карэспандэнт: ) "Як Вы думаеце, гэтыя дэлегаты "Ўсебеларускага народнага сходу" неяк адрэагуюць на сёньняшнюю акцыю?"

(Красоўская: ) "Я думаю, што ніяк. Ужо тое, што яны сядзяць там, кажа пра іхную маральнасьць. Хутчэй за ўсё, гэта іх не закранае асабіста, і наўрад ці яны будуць рэагаваць. Больш за тое, яны ведаюць пазыцыю прэзыдэнта датычна гэтага, пазыцыю пракуратуры, таму я думаю, што яны будуць рабіць так сама, як заўжды рабілі".

(Карэспандэнт: ) "Я так разумею, што Вы — жонка Андрэя Клімава..."

(Клімава: ) "Так".

(Карэспандэнт: ) "Што Вас прымусіла прыйсьці сюды сёньня?"

(Клімава: ) "Нават калі бяда здарылася б не з маёй сям'ёй, я б усё адно сюды прыйшла. Гэта ланцуг неабыякавых людзей. І я лічу, што такія акцыі вельмі дапамагаюць абудзіць нашае грамадзтва, якое сьпіць, зьмяніць сытуацыю да лепшага й паказаць, што рэжым не настолькі бяскрыўдны, як ён хоча падавацца, як гэта сёньня прагучала ў выступе прэзыдэнта, якое я цалкам праслухала.

Ёсьць на белым адзеньні рэжыму агромністыя нязмыўныя чорныя плямы", — сказала жонка Андрэя Клімава, якая стаяла побач з жонкай зьніклага Анатоля Красоўскага.

Людзей з партрэтамі зьніклых сёньня не затрымлівалі.
XS
SM
MD
LG